Паводле памочніка прэзыдэнта Расеі Ўладзіслава Суркова, дыскусія са спэцпрадстаўніком Дзярждэпартамэнту ЗША па справах Украіны Куртам Волкерам вялася «ў тоне ўзаемнай павагі і зацікаўленасьці», а сустрэча была «карыснай і канструктыўнай».
«Мы пагадзіліся, што бягучая сытуацыя на паўднёвым усходзе Ўкраіны ня можа задавальняць ні канфліктуючыя бакі, ні зьнешнія сілы, якія садзейнічаюць урэгуляваньню, — сказаў Суркоў ТАСС па выніках перамоваў. — Дыскусія вялася ў тоне ўзаемнай павагі і зацікаўленасьці, сумленна, сур’ёзна, без ілюзій і перадузятасьці. Прыхільнасьць да менскіх пагадненьняў пад сумнеў ня ставілася: абодва бакі прапанавалі сьвежыя ідэі і наватарскія падыходы па іх рэалізацыі. Добрая сустрэча».
Паводле Суркова, яны з Волкерам дамовіліся аб працягу сумеснай працы, вызначылі тэмы для наступнай сустрэчы.
«Пагадзіліся з тым, што мірны працэс і на палітычным трэку, і ў сфэры бясьпекі можа і павінен ісьці хутчэй», — сказаў памочнік прэзыдэнта Расеі.
Спэцпрадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША па справах Украіны Курт Волкер 21 жніўня ў Менску правёў сустрэчу з памочнікам прэзыдэнта Расеі Ўладзіславам Сурковым.