Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матрыца. Як нож, як парог, як інстынкт


Калісьці беларуская ідэя «авалодае масамі» і можна не сумнявацца, што яна будзе такой, якой яе сфармулявалі нашаніўцы — айцы-заснавальнікі БНР. Ужо тады, сто гадоў таму яны бачылі яе ўнівэрсальнай для ўсіх пакаленьняў. Зьменіцца клімат, у якім яна запануе, зьменяцца моды і інтанацыі, але сутнасьць застанецца. Трэба толькі каб беларусы перасталі бачыць страшылку ў слове «нацыяналізм». Каб не зьвярталі ўвагі на ўсякія пудзілы інфармацыйнай вайны.

Нядаўна я зноў сустрэў у сеціве цэлы артыкул пра тое, які пачварны беларускі нацыяналізм. А ён такі ж пачварны, як і самі беларусы. Бо нацыяналізм тоесны нацыі і, як і беларусы, бывае розны. Бывае пачварны, бывае рамантычны, стваральны ці разбуральны, сэктанцкі ці асьветны. Можна гаварыць пра пачварнасьць нажа, якім катуюць і забіваюць, і пра карысьць нажа, якім ратуюць жыцьцё або наразаюць хлеб. Зразумела, што нож ня сам адразае галаву ці вырэзвае апэндыкс. Беларусам сто гадоў убіваюць у галаву гэтую думку — што вінаваты нож. Маўляў, няма ў нас ніякага нацыяналізму і не павінна быць. І гэта замест таго, каб зь дзяцінства прышчапляць навыкі карыстаньня нажом.

— Жывуць жа неяк і без нажа, — сказаў Маленькі Прынц.

— І без тае паўнаты жыцьця, якую маюць іншыя народы, а таксама без належнага інстынкту нацыянальнага самазахаваньня і парогу нацыянальнае самаабароны, — сказаў Самотны Кароль. — Самаабарона — гэта таксама нацыяналізм, яна можа быць адэкватнай, а можа быць завышанай ці заніжанай. Як і інстынкт самазахаваньня. Майкл Джэксан хаваўся ад мікробаў і спаў у баракамэры. А вось «роўп-джампэр саскочыў з коміна ў Соснах і загінуў», можна сказаць, добраахвотна. Як і тыя, хто гуляе ў «сіняга кіта». У беларусаў парог самаабароны часьцяком заніжаны ці ўвогуле адсутнічае.

— Як у дзяцей, ці што? — сказаў Маленькі Прынц.

— Менавіта, — пацьвердзіў Самотны Кароль. — Бо адна рэч існаваць у дзікай прыродзе, там ратуе інстынкт, а іншая — у сучасным паселішчы, дзе на кожным кроку рукатворныя небясьпекі, электрычнасьць, напрыклад, ці лесьвіцы ці машыны. І таму бацькі выхоўваюць у дзецях навыкі самазахаваньня. Беларусы таксама гэта робяць, але, у адрозьненьне ад іншых, яны не даюць дзецям навыкаў нацыянальнага самазахаваньня. Папярэджваць «Ня лезь у шкоду!» і «Сьцеражыся вышыні!» у нас не прынята. Нацыянальны герб «Пагоня» — сымбаль гэтага ратавальнага нажа, парогу і інстынкту, адменены больш за 20 гадоў таму. І цяпер замест нажа ў беларусаў «капуста».

Блакіт нябёс і белы бусел,

І кветкі ў полі, як абрус,

Мой край завецца Беларусьсю,

А сам я хлопчык беларус.

Ці шмат ты ведаеш беларусаў, якія б маглі расказаць гэты верш? Няшмат. А па ідэі мусіць ведаць кожны — з моманту як толькі загаворыць.

— А калі ён дзяўчынка? Ці беларусы бываюць толькі мужчыны? — пад’ялдыкнуў Трэнэра Маленькі Прынц.

— Блакіт нябёс і белы бусел

І кветкі ў полі, нібы хустка,

Мой край завецца Беларусьсю,

А я дзяўчынка-беларуска.

— Але ж беларусы ня гінуць на кожным кроку, — запярэчыў Маленькі Прынц.

— Гінуць. Не атрымаўшы ў сям’і і школе навыкаў самазахаваньня, яны гінуць як беларусы, — сказаў Самотны Кароль. — А гэтых навыкаў усяго тры. Трэба трымацца свайго. Гэта навык нумар адзін. Трэба стварыць свой бясьпечны і заможны сьвет. А стварыць такі сьвет можна толькі зь іншымі людзьмі, якія таксама трымаюцца свайго. Гэта два. Нарэшце, трэба стаць дарослымі, гэта значыць, узяць на сябе непадзельную адказнасьць за сябе, сваё і свой сьвет. Як ні дзіўна гэта гучыць, але непадзельная адказнасьць зробіць цябе свабодным чалавекам.

— Але бывае і свабода без адказнасьці.

— Вольніца? Гэта таксама навык — як абыходзіцца са сваім нацыяналізмам. Можна навучыць дзіця карыстацца нажом, а можна нож адабраць, што і здарылася зь беларусамі ў 20 стагодзьдзі. У іх адабралі БНР і цяпер яны ў параўнаньні зь іншымі ў нацыянальным сэнсе часьцяком выглядаюць бездапаможна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG