Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матрыца. Першародзтва, якое нельга прадаць


Хендрык Цербруген. Ісаў прадае права першародзтва за сачэўную поліўку. 1627
Хендрык Цербруген. Ісаў прадае права першародзтва за сачэўную поліўку. 1627

У Першай кнізе Масеевай (Біблія. Быцьцё) распавядаецца пра змучанага працай Ісава, які прыйшоў з поля і за поліўку прадаў свайму брату Якаву ўласнае першародзтва. «Вось, я на сьмяротнай дарозе, і на што гэта мне першародзтва?» – прамовіў Ісаў.

Вам гэта нічога не нагадвае? Мне нагадвае адвечную дылему беларусаў паміж мовай і каўбасой. Паміж тым, каб быць беларусамі і хоць кім-кольвек іншым, абы не беларусамі. Паміж тым каб быць кім-кольвек і быць нікім…

– Знайшлі сабе праблемку, – зьдзівіўся Маленькі прынц. – Хай будуць кім хочуць ці хай будуць нікім, якая розьніца?

– Насамрэч тут праблемка ў іншым, – сказаў Гісторык. – У тым, каб замест радавацца, што яны беларусы, яны ўсяляк пазьбягаюць так называцца. Страх быць названымі сядзіць у нашых генах, бо колькі мы ні былі беларусамі, столькі нас за гэта забівалі, садзілі ў турмы, затыкалі кляпам рот.

– Толькі за гэта? Не разумею, чаму тады вы й напраўду ня можаце назвацца неяк па-іншаму.

– Ня той выпадак. Нацыянальнае першародзтва немагчыма прадаць за поліўку. А сучасная беларуская нацыя ўзьнікла ў пачатку ХІХ стагодзьдзя менавіта як беларуская. Не як літоўская, крывіцкая, русінская ці іншая якая. Беларуская – так яе назвалі філярэты, якім, дарэчы, сёлета спаўняецца 200 гадоў. Яны гэта пачалі, у іх асяродку ўзьнікла беларуская ідэя, яны заснавалі беларускі нацыяналізм. І Адам Міцкевіч у сваіх парыскіх лекцыях (1840-я) казаў пра беларускую мову, на якой размаўляе каля 10 мільёнаў чалавек. Сотні выбітных творцаў працавалі над стварэньнем менавіта беларускай ідэі. Іван Насовіч выдаў «Слоўнік беларускай мовы» (1870), як па мне, найлепшы й на сёньняшні дзень. А ў 1897 годзе, падчас перапісу насельніцтва Расейскай імпэрыі каля шасьці мільёнаў чалавек называюць сваю мову беларускай. Праўда, Антон Луцкевіч ставіў гэтую лічбу пад сумнеў (1910):

«Аднак лічба гэтая наўрад ці можа лічыцца дакладнай; розныя меркаваньні мясцовай палітыкі, перадузятасьць, зь якой падыходзілі да зьбіраньня зьвестак арганізатары перапісу, адсутнасьць нацыянальнай самасьвядомасьці сярод шырокіх народных мас, — усё гэта робіць зьвесткі пра нацыянальны склад наагул, а ў прыватнасьці пра лік беларусаў малаверагоднымі. Больш даверу заслугоўваюць навуковыя дасьледаваньні ў гэтым пытаньні, якія належаць праф. Карскаму, які, кіруючыся лінгвістычнымі асаблівасьцямі беларусаў, налічвае іх колькасьць у Беларусі лічбаю больш за 8 мільёнаў».

Пакуль Гісторык пералічвае факты, я згадваю, што ў свой час напісаў эсэ пад назвай «Тайна шасьці мільёнаў». Тайнай мне падалося ня тое, што з гэтымі мільёнамі беларусаў сталася, а тое, адкуль яны ўзяліся. Быццам з пустаты. Але гэта чыстая аблуда. Рэч у тым, што ў 1960-70-80-я гады дзясяткі беларускіх дасьледнікаў вывучалі дзевятнаццатае стагодзьдзе на прадмет узьнікненьня беларускага нацыяналізму. Адна з маіх улюбёных кніг – «Пачынальнікі» Генадзя Кісялёва. А наогул кніг пра гэта былі дзясяткі. Цэлае філялягічнае пакаленьне стварыла ўнікальную оптыку, празь якую мы ўбачылі працэс стварэньня сучаснай беларускай нацыі. Загадка ў іншым – чаму за апошнія 20-30 гадоў мы гэтую оптыку страцілі? І на «пустым месцы» ўзьнікла ідэя пераназваньня нацыі.

– Адзін чалавек казаў мне, што беларусам так не шанцуе, бо яны насамрэч не беларусы, а ліцьвіны. Можа быць, у гэтым прычына іхных бед? – спытаўся Маленькі прынц.

– Бачыш, перад тым, як створыцца нацыя, абавязкова павінен стварыцца адпаведны нацыяналізм. Мы маем беларускі нацыяналізм, беларускую нацыю, беларускую дзяржаўнасьць. Нічога ня маю супраць ліцьвінства – гэта адзін з нашых гістарычных ідэнтыфікатараў. Дарэчы, не адзіны – мы і русіны, і крывічы, і чарнарусы таксама. Але ліцьвінскага нацыяналізму няма, ён як такі ніколі нікім не ствараўся. Таму і прадстаўляюць гэтую ідэю некалькі чалавек. Народ ня кідаецца масава пераназывацца ў ліцьвінаў, бо за гэтай назвай – як палітонімам – нічога, апроч расколу, няма. Тым часам, за назваю «беларусы» ёсьць вялікая гісторыя, культура, мова. Будучыня.

– А чаму ўсё ж нельга прадаць першародзтва. Ну вось узяць і стварыць сёньня новы ліцьвінскі нацыяналізм?

– Бо ў гэтым і сэнс першастварэньня. Нацыяналізм – як матэматыка, напрыклад. Калі яна ўжо ёсьць. Як ты сабе ўяўляеш «другую» матэматыку?.. Я ўжо казаў табе, што ўсе нацыяналізмы ўзьніклі 200 гадоў таму. Стварыць сёньня новы нацыяналізм можна хіба што на голым месцы – як пасадзіць дубец на палянцы, але ня там, дзе расьце старое вялікае дрэва. Нацыянальнае зерне нават яшчэ больш трывалае за матэматыку, бо паходзіць з мэнтальнасьці, з генэтыкі. Вось табе карціна пра Ісава і Якава галяндзкага мастака Цербругена. Біблейскі сюжэт. Цябе нічога тут не бянтэжыць.

– Ты маеш на ўвазе, што твары ў людзей галяндзкія?

– Менавіта. І зусім неістотна, ці так малявалася сьвядома.

Гісторык памаўчаў хвіліну і сказаў:

– Беларусь – занадта каштоўнае імя, надта шмат у яго ўкладзена, надта шмат за яго заплочана. Ларыса Геніюш прысьвяціла верш аднаму паэту-п’яніцу:

Хоць душа твая гордая ў ранах

зь нецьвярозага болю крычыць,

у гарэлцы чужой і дурманнай

імя нашага не палашчы.

Пі, калі цябе піць прымусілі,

калі волі ня маеш чамусь,

не кранай толькі п’янымі вуснамі,

п’яным крыкам ня кліч Беларусь!

Не гарэлкай, ня таннай сьлязою –

пад ударамі ўпаўшы плашмя –

шмат хто з нас захлынуўся крывёю

за Яе дарагое імя.

Думаю, тым, хто прапануе сёньня адкінуць назву Беларусь, яна б сказала тое самае.

– Слухай, а калі ўжо так шмат аддалі ахвяраў за Беларусь, чаму ў беларусаў ніхто не самаспаліўся? Ну як у чэхаў, напрыклад, быў Палах ці ў літоўцаў Каланта?

– Гэта сур’ёзнае пытаньне. Найлепей табе на яго адкажа Пісьменьнік.

Працяг будзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG