Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матрыца. Рэвізія кніг


Новая чытанка пра БНР і тое, чаму гэта трэба ведаць кожнаму беларусу.

Пераехаўшы ў БНР і абраўшы сабе паселішча для жыцьця, мы пачынаем абжывацца. Шмат разоў даводзілася чуць пра беларусаў як кніжную нацыю, і гэта чыстая праўда. Галоўны пэрсанаж нашай гісторыі — першадрукар (ня ўсім так пашанцавала). Кніганошы ХІХ ст. літаральна вынасілі нацыянальную ідэю. Для пакаленьня Андрэя Федарэнкі і папярэдніх кніга была сьвятыняй. Таму дома ў беларусаў павінны быць кнігі.

— Электронныя? — зь недаверам перапытаў Маленькі Прынц.

— Папяровыя, — адказаў Кніганоша. — Электронныя ня дома, а ў гаджэтах. Адчуваеш розьніцу? Гэта ў сёньняшняй РБ любяць пісаць пра канец папяровай кнігі, а ў БНР такога быць ня можа. Не таму, што ў БНР жывуць рэтраграды, тут чытаюць, вядома, лічбавыя тэксты, але таксама маюць на ўвазе інфармацыю з шырокага сьвету, дзе гады тры таму продажы разнастайных кіндлаў спынілі рост. На рынку паміж паперай і лічбай усталяваўся балянс. А яшчэ ў БНР з зайздрасьцю глядзяць на праскі Палац кніг, дзе чатыры паверхі, сотні тысяч выданьняў і экспазыцыя ўвесь час зьмяняецца. У нас такога няма, але быць мусіць. Як і кнігі ўдома.

— Для чаго, напрыклад? — назаляў Маленькі Прынц.

— Напрыклад, для інтэр’еру, хоць бы палічку кніг трэба мець, — усьміхнуўся Кніганоша. — Тады ў дома адразу зьяўляецца душа.

— Для інтэр’еру можна і муляжы паставіць, многія так і рабілі, дарэчы.

— Гэта савецкія замарочкі. Інтэр’ер для інтэр’ера і «як ва ўсіх» — нецікава. Чаму б паралельна не разнастаіць сваё ўласнае жыцьцё? Мы паставім на паліцу такія кнігі, якімі будзем ня проста любавацца, але час ад часу разгортваць іх дзеля самых розных патрэбаў. Скажам, факсымільнае выданьне Бібліі Скарыны, калі ты не скарыназнаўца, не біблеіст і не заўзяты бібліяфіл, будзе толькі займаць месца ды пыл зьбіраць. Ну і твой дом не музэй. Замест яго я паставіў бы на паліцу энцыкляпэдычны аднатомнік «Беларусь».

— Вось ужо ніколі б не падумаў, што даведнік павінен быць на паперы! — зьдзівіўся Маленькі Прынц. — Некарыстабэльна, несучасна, грувастка. Любы артыкул можна адшукаць у сеціве.

— Можна, але ведаеш, чым сеціўныя зьвесткі адрозьніваюцца ад кніжных? Папяровая энцыкляпэдыя заўсёды канцэптуальная і гэты канцэптуалізм выклікае давер. Яшчэ адна важная штука — у папяровай кнігі, у адрозьненьне ад электроннай, заўсёды ёсьць лёс.

Аднатомнік «Беларусь» — гэта ўнікальная рэч, створаная пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара выдавецтва БелЭн Барыса Сачанкі. Кніга выйшла ў 1995 годзе і (самае важнае) упершыню ў гісторыі аб’яднала Беларусь савецкую і антысавецкую, мацерыковую і эмігранцкую, прарасейскую і эўрапейскую. Гэта быў плён працы першых незалежніцкіх гадоў. У 1994 годзе, з прыходам прэзыдэнта, у РБ курс пачынае радыкальна мяняцца на рэсаветызацыю. «Беларусь» яшчэ пасьпявае выйсьці з друку. У той самы год Сачанка памірае ў сваім працоўным кабінэце пры загадкавых абставінах. Выдавецтва БелЭН вяртаецца на савецкія рэйкі, страчвае ролю інтэлектуальнага цэнтру і неўзабаве занепадае. А кніга застаецца.

— Усё адно не вазьму яе, каб нешта даведацца, — сказаў Маленькі Прынц. — Палезу ў вікіпэдыю.

— Натуральна. Я, бадай, таксама, — пагадзіўся Кніганоша. — Але пры тым згадваю, як у дзяцінстве любіў гартаць энцыкляпэдыі, разглядаць малюнкі, чытаць тое, што прыцягне ўвагу. То бок, абуджаў у сабе саму цікаўнасьць да ведаў. Зь вікіпэдыяй такі фокус ня пройдзе. Асабліва падабаліся мне дзіцячыя энцыкляпэдыі. Натуральна, у раньнім узросьце. Нам у БНР трэба абавязкова мець сваю дзіцячую энцыкляпэдыю.

У тыя самыя часы пад кіраўніцтвам Барыса Сачанкі выйшла і пяцітомная Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі. Проста ўражвальны вал інфармацыі пра нашу краіну. Як сказана ў вікіпэдыі:) «пра флёру і фаўну, рэкі і азёры, вадасховішчы, ахову прыроды і прыродакарыстаньне, фізыка-геаграфічныя аб'екты і прыроду асобных рэгіёнаў Беларусі, радовішчы, карысныя выкапні, геалягічную будову і тэктанічныя структуры, клімат, мэтэаралягічныя, астранамічныя зьявы, навуковыя даследаваньні і прыродазнаўчыя ўстановы ў Беларусі, дасьледчыкаў прыроды і краязнаўцаў».

— Абалдзець! — прысьвіснуў Маленькі Прынц. — І ўсё гэта мне на паліцу? Наколькі ведаю, БелЭн выдала сотні тамоў усялякіх даведнікаў. Я заставіў бы імі ўсе сьцены, а то й падлогі…

— А ўяві, ты бярэш у рукі гэтыя пяць тамоў — нібы фізычнае цела сваёй краіны, без палітыкі, без усялякіх гістарычных канцэпцыяў, без густаўшчыны — проста сваю краіну якая яна ёсьць, і можаш гадзінамі гартаць і кожны раз вычытваць новае. І гэты кайф табе забясьпечаны на ўсё жыцьцё. Я ня раю табе іншыя энцыкляпэдыі, бо ў галіне гуманітарных ведаў няма адзінства поглядаў на асобаў, прадметы і зьявы. Што да прыроды, дык тут веды маюць завершаны выгляд.

Блізкія да такой характарыстыкі і кнігі-альбомы Міхася Раманюка «Беларускае народнае адзеньне» і «Беларускія народныя крыжы», а таксама «Чарнобыль» Дзяніса Раманюка. Апошняя кніга выйшла да 20-х угодкаў катастрофы на АЭС і адказвае на ўсе пытаньні пра Чарнобыль. Гэтыя выданьні выклікаюць давер. Яны канцэптуальныя і кажуць толькі пра аб’ектыўныя факты.

— Альбомы няхай будуць, — здаўся Маленькі Прынц. — Ты хочаш сказаць, што назваў галоўныя беларускія кнігі?

— Галоўную кнігу кожны вызначыць сабе сам, — адказаў Кніганоша. — Для мяне асабіста такая — «Слоўнік беларускай мовы» Івана Насовіча. Ня ведаю іншае беларускае кнігі, якая б прыносіла такую асалоду ад чытаньня. Тут уся мудрасьць і ўсё глупства, увесь смутак і ўвесь гумар, уся годнасьць і рабалепства беларускае душы. А выйшаў «Слоўнік» яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст., акурат у часы паўставаньня мадэрнай беларускай нацыі. У 1983-м гэтую таміну ўзнавілі факсымільным спосабам, між іншым, з экзэмпляра таго самага Барыса Сачанкі. Хочаш атрымаць кайф ад чыстае беларушчыны, знайсьці стымул для творчасьці або проста палепшыць настрой — нішто табе не дапаможа так, як гэтая кніга. Магчыма, яна нешта страціць пры пераводзе ў лічбу, бо тут — ручны набор, дух свайго часу — зь яцямі і ерамі, няма яшчэ звыклых нам беларускіх літар, але ўсё гэта ўтварае неверагодную даставернасьць матэрыялу. Не скажу, што аблічбоўка выклікае шкадаваньне — гэта непазьбежна. Я шкадую пра іншае — што гэты беларуска-расейскі слоўнік ніхто не перавярнуў на адваротны, расейска-беларускі. Я нават сам пачынаў гэта рабіць у студэнцкія часы, але адклаў, бо вырашыў, што ствараць недасканалы аматарскі прадукт у такім аб’ёме ня вартая справа.

У нас у БНР, дарэчы, гэта татальнае захапленьне — нешта самому рабіць у беларускай гуманістыцы. Прыклад — як Цімох Вострыкаў і Мікола Ермаловіч незалежна адзін ад аднаго напісалі працы «Дзе была летапісная Літва»… Але гэта іншая тэма.

— Давай вернемся да кніжнай паліцы, — прапанаваў Маленькі Прынц.

— Я ўжо казаў табе, што ў папяровай кнігі ёсьць лёс. Але ёсьць кнігі з аграмадным лёсам, пра якія пра самі можна напісаць шмат кніг. Не кажу, што іх трэба абавязкова ставіць на паліцу, але ведаць пра іх трэба. Гэта «Вянок» Максіма Багдановіча, «У кіпцюрах ГПУ» Францішка Аляхновіча і «Дзьве душы» Максіма Гарэцкага пад адной вокладкай з «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча (калі б нехта дадумаўся іх так выдаць). Мала таго, што зьмест іхны абавязковы для прачытаньня, дык яны яшчэ сталі ўпоравень з выдатнымі дзеячамі БНР. У іх ёсьць біяграфіі. Яшчэ я б дадаў сюды кнігу апошніх прызнаньняў — «Быў у пана верабейка гаварушчы» Зьмітра Бартосіка — каб ты мог набрацца аргумэнтаў для спрэчак пра ўсе акупацыі Беларусі за апошнія сто і болей гадоў. Здавалася б, кніга толькі выйшла, а ўжо была пастаўленая Свабодным Тэатрам, атрымала першую прэмію Стагановічаў за нон-фікшн літаратуру і была вылучаная на прэмію Гедройця… Але ўсё гэта можна чытаць і на рыдэрах.

— А што мы паставім на паліцу з мастацкіх кніг?

— Сьпярша разьбярэмся з паэзіяй. «Краса і сіла» — важкі том анталёгіі, які склаў Міхась Скобла. Атрымлівай асалоду і запамінай імёны паэтаў, кнігі якіх табе хацелася б набыць або шукаць у сеціве. На жаль, такой самай вычарпальнай анталёгіі прозы няма. Вось табе яшчэ адна задача для выдаўцоў БНР.

Каб моцна не разганяцца, уяві сабе, што працяг тваёй палічкі — у кнігарні, куды абавязкова трэба зазіраць і выходзіць адкуль не з пустымі рукамі. БНР — салідарысцкая краіна. Мы павінны падтрымліваць сваю культуру без спадзеваў на цяперашнюю адміністрацыю.

— А што значыць у дома душа? — спытаўся Маленькі Прынц.

— Пра гэта ў мяне ёсьць для цябе адна гісторыя з уласнага жыцьця.

Мы з жонкай часта мянялі кватэры. Ну, неяк не сядзелася на адным месцы, і прыблізна раз на тры гады мы пераяжджалі то ў цэнтар, то ў прадмесьце, то ў навабуд, то ў архітэктурны помнік. І вось аднойчы, прадаўшы кватэру на краі гораду, мы набылі меншую, але бліжэй да цэнтру. Прадавалася кватэра з аўкцыёну і мы ня ведалі, што раней яна належала бандыту, які знаходзіўся «ў бягах». У той маленькай хрушчоўскай паўтарачцы быў гнятлівы дух. Часам зазіралі судовыя прыставы, часам нехта з пракуратуры. Нейкія пакінутыя рэчы падкрэсьлівалі атмасфэру зьвярынага логвішча. І тады жонка пачала чытаць. Я нешта майстраваў ды фарбаваў, а яна чытала. Яна дачытвала адну кнігу і брала ў рукі іншую. Яна магла чытаць цэлы дзень і ноччу, калі раптам прачыналася. Гэта называлася — «чысьціць аўру». Магчыма, такое можна рабіць і з кіндла, ня ведаю, тады іх яшчэ не прыдумалі. Яна чытала папяровыя кнігі. Чытала, чытала, чытала… І вось празь некалькі месяцаў мы адчулі, што дома добра. А праз чарговыя тры гады, калі схільнасьць да перамены месцаў паклікала нас у новы пераезд, нашы сябры на прамілы бог прасілі прадаць нашу кватэру ім, а не каму-небудзь іншаму. Настолькі там было файна быць.

Працяг будзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG