Была ў мае школьныя гады такая паста нэда (я ўдакладніў – НЭДЭ) – на выгляд і пах шэрая сьмярдзючая гразь, мы ёй парты мылі. І гэта быў школьны стандарт ва ўсім СССР. Зараз во ўзяўся шукаць хоць якіх згадак пра тую пасту ў сеціве і чаму яна так называлася. Маўчыць сеціва.
А ўспомніў я пасту, чытаючы камэнты пад сваімі гісторыямі. З аднаго боку, думаеш, навошта чытаць троляў, а зь іншага – быццам уласную душу чысьціш. Каб не ўпадаць у гняўлівасьць. Чысьціш той сьмярдзючай шэрай пастай, ад якой празь нейкі час не застанецца і згадкі.
– Паглядзі, што пішуць, – сказаў Маленькі Прынц. – Хлопчык назваў беларускую мову мёртвай, а пасьля пішуць, што ў яго рак. Быццам гэта можа быць неяк зьвязана паміж сабою.
– Рак – гэта псыхасаматыка, – сказаў Доктар. – Амаль мэтафізыка. Бог (ці прырода, калі заўгодна) пасылае чалавеку сыгнал, што трэба нешта радыкальна зьмяніць у сваім жыцьці, у сваіх уяўленьнях. Яшчэ гэта бывае ад моцнага стрэсу (помніш «школьную траўму»?).
– Яшчэ пішуць, што на таго хлопчыка падалі ў пракуратуру.
– Дзіўна, – сказаў Доктар. – Ён жа нікому, апроч самога сябе, не нашкодзіў. Няхай бы яны пачыталі камэнтары пад тваімі гутаркамі. Яны, што праўда, заўсёды ананімныя, але там… чыстая пракуратура. Па ідэі прафэсійна пастаўлены тролінг у Беларусі мусіць працаваць на прэзыдэнта і ягоную дзяржаўнасьць. Зь іншага боку, рэгнумаўцаў судзілі за «неданацыю» і «недадзяржаву». Неда-неда… Пачалі яны сваё «неда» ад самага моманту ўзьнікненьня сучаснай беларускай дзяржаўнасьці ў выглядзе БНР. А сёньня тролі шчыруюць акурат пад той самы артыкул. За дзяржаўныя грошы?
Тут быть русскому языку, а белорусскому сбоку припеку. Чаму? Таму. Таму, что большинство тут русскоязычное, а вы принадлежите к вымирающему меньшинству. Ничего сверхобычного. Очередная смерть этноса.
Вось што мяне зьдзіўляе. Няхай ананім так бачыць, яго справа. Але ж ён гэтаму радуецца. Хоць забі, не разумею, як сьмерць нейкага этнасу можа радаваць?
Мова – здабытак і актыў нацыі, створаны на працягу стагодзьдзяў прадукт сутворчасьці чалавека і прыроды гэтай зямлі. На гэтым завязанае шмат важных рэчаў – найперш, калектыўнае несьвядомае і тая ж псыхасаматыка. Прывезенае з Расеі ці Польшчы калектыўнае несьвядомае тут працаваць ня можа. Гэта тлумачыць хіба што характар адміністрацыі, школы, царквы, якія прыехалі з-за мяжы гэтай краіны.
Радавацца сьмерці мовы можа і той, хто імкнецца пазбавіцца грузу адказнасьці, бо за лёс расейскай мовы беларусы адказнасьці не нясуць – як за чужую рэч. Але і больш ніхто ў сьвеце, апроч беларусаў, не нясе адказнасьці за беларускую мову – як за сваю рэч. Натуральна, адказнасьць вымагае пэўных дзеяньняў, працы хоць бы і толькі над сабой. Але такім чынам чалавек атрымлівае і непадзельную свабоду ў сваіх дачыненьнях са сьветам.
Нельга змушаць карыстацца мовай, але трэба змушаць да паважлівага стаўленьня да ўсіх моваў, што ёсьць базавай адзнакай выхаванасьці чалавека.
А что аборигены перед смертью лаются, плевутся, так это от бессилия.:))
Назваць беларусаў абарыгенамі можа толькі чалавек прыежджы або замежнік. Чалавек не мясцовых інтарэсаў. Трэба зьвяртаць увагу на эмацыйны пасыл як на знак троля. Ён шчасьлівы ад таго, што нешта каштоўнае «памірае».
Не можете вы бороться. И нигде не видно вашей борьбы. Полная импотенция этноса. Только хоронить. Аминь. Белорусскому языку не возродиться.
Радавацца сьмерці можна хіба што ў адным выпадку – калі гэта сьмерць ворага. А каму беларуская мова вораг? У якім ведамстве яе могуць так трактаваць. Пэўна што не ў беларускім. У расейскім, адкуль вядзецца інфармацыйная вайна, і ў яго беларускіх філіялах.
Тут будет жить другой народ. А вы свою национальную идею не реализуете. Чаму? Таму.
Незразумела – каму ад гэтага стане лепей.
Примите смерть свою достойно, без кликушества. Вы обречены. Аминь.
З чым у сэрцы жыве троль? І чым гэтая радасьць аднозьніваецца ад канстатацыі – недадзяржава, неданацыя?
Вы ничего не поняли. Беларусь- давно не страна, а территория.
Пытаньне інтэрпрэтацыі. Якраз фактычна Беларусь краіна, дзе жыве беларускі народ. Так сказана ў Канстытуцыі. А вось дзяржава тут адмініструе тэрыторыяй, а не краінай і народам. Гэтае раздваеньне ўводзіць многіх у зман. Таму варта кожнага разу згадваць той мільён, які на лукашэнкаўскім рэфэрэндуме 1995 году не галасаваў за фактычную адмену мовы і сымболікі. Нішто ня сьведчыць, што гэты мільён кудысьці зьнік. Гэта і ёсьць беларуская нацыя, людзі, якім вядомая чалавечая годнасьць – тое, што не выхоўваецца без нацыянальнага ўзгадаваньня. Што да астатніх беларусаў, якім дысануе выраз «беларуская – родная мова», дык у дакладных тэрмінах яна ім прыродная – ад прыроды гэтай зямлі і генэтычнай памяці.
Я ніколі не любіў верш Гілевіча «Ах як далёка нам яшчэ да Беларусі». Нам? Мне? Тым, хто да яе ідзе? А яны ідуць? Нешта не заўважна. Тыя, хто ходзяць на курсы мова-нанова? Але яны таксама нікуды ня йдуць. Усе мы або ў Беларусі, або на тэрыторыі.
У пэўным сэнсе гэты верш працягвае традыцыю падлабуньваньня да насельніцтва, каб заахвоціць яго быць беларусамі асэнсавана. Колісь было «людзьмі звацца», а сёньня «далёка нам да Беларусі».
— Па-расейску пiшаш?
— Не, па-беларуску, — сказаў Бубель, хмыкаючы i адкрываючы неяк з аднаго боку рот — там блiшчаў верхнi залаты зуб.
— А-а, — Гура пацягнуў рукою па шорсткай, мусiць, з учарашняе ранiцы ня голенай шчацэ. — Гэта з тых, што Беларусь шукаюць.
— А нашто яе шукаць, яна пад нагамi, — Мiця спадылба цiкаваў на Гуру.
— I праўда, што пад нагамi, бо наверсе не была i ня будзе.
Вячаслаў Адамчык. Чужая бацькаўшчына
Гэта, між іншым, кажа беларускаму хлопцу польскі паліцыянт. 1930-я гады, Заходняя Беларусь. Многа іх было польскіх, расейскіх і якіх толькі яшчэ. І казалі яны гэта беларусу ў Беларусі. Праўда, знаёмая «радасьць»? Неданацыя, недадзяржава…
– Яны кажуць, што ўсе беларусы гавораць па-расейску і гэта дае ім падставы зрабіць выснову пра тое, што беларуская мова мёртвая, – заўважыў Маленькі Прынц.
– Гэта павярхоўны падыход, таму безвыніковы, – зрабіў выснову Доктар. – На мяжы 1970-80-х я асабіста ведаў, бадай, 90 адсоткаў тых, хто ў Беларусі сьвядома гаворыць па-беларуску. Агулам, думаю, менш за сто чалавек. Але была яшчэ і вёска, яе старэйшае пакаленьне, цэлая моўная стыхія. Яны гаварылі несьвядома, проста па-іншаму ня ўмелі. Сёньня я асабіста ведаю, можа быць 1 адсотак тых, ад каго чую беларускую мову. А агульная колькасьць выглядае на тысячы. Пры тым, што ўсе, хто гавораць, гавораць сьвядома. Вясковая стыхія зьнікла. Мова пераехала ў горад. І, мяркуючы па тым, як шмат зьявілася ня проста беларускамоўных, а тых, што вядуць рэй, я раблю выснову, што мова пашыраецца ў геамэтрычнай прагрэсіі. Яшчэ крыху, якіх 10-20 гадоў, і яе заўважаць усе, проста немагчыма будзе не заўважыць, ня тое што называць мёртвай.
– А чаму гэта кагосьці так злуе?
– Я шмат думаў пра гэта. Тут справа ня толькі ў інфармацыйнай вайне, якую вядзе Расея, не ў праплачаным тролінгу спэцслужбаў Лукашэнкі. Урэшце моўная праблема – гэта наша беларуская ўнутраная праблема. Пагадзіся – западло беларусу казаць у вушы пра яго мёртвую мову і сьмерць ягонага этнасу. І гэта не трансьляцыя нейкай ідэі ці тэорыі, гэта рэалізацыя гэтага самага западла і больш нічога. Сярод беларусаў, як і сярод любой нацыі, трапляюцца людзі подлыя, абазьлёныя, здэнэрваваныя. І яны выяўляюць у кожнай тэме гэтыя свае рысы. У больш разьвітых грамадзтвах такія людзі не пранікаюць на вяршыні ўлады ці ў публічныя кабінэты, там стаяць фільтры. У нас цяпер такіх фільтраў няма. Але злосьць і подласьць – зьявы кароткія, яны хутка мінаюць, прычым заўсёды бязь сьледу. І ад развагаў пра неданацыю не застанецца нічога. Як ад школьнай пасты нэды, пра якую ў сеціве я не знайшоў ані згадкі. Дакладней, на рэтрасайтах «савецкай бытавой хіміі» яно пару разоў сустракаецца, але расшыфраваць абрэвіятуру НЭДЭ ўжо не ўяўляецца магчымым. Сышло з часам.
Працяг будзе