Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матрыца. Бээнэрвы тваёй РБ


Аднойчы што мяне ўразіла. Я доўга стаяў у чарзе на мяжы зь Літвой пад моцнай залевай, а калі ўрэшце перасёк мяжу, адразу трапіў пад зыркае сонца. Што гэта? Я нават затэлефанаваў сяброўцы ў Менск (гэта крыху больш за сто км ад мяжы) і яна сказала – у нас працягвае ліць. Пазьней я ледзь не штотыдзень перасякаў мяжу і шмат разоў пераконваўся ў яе магічным узьдзеяньні. У Літве дождж, у Беларусі сонца, у Беларусі туман, у Літве ясна. І наадварот.

– Гэта ад чаго, ад антропасфэры? – спытаўся Маленькі Прынц.

– Яшчэ бліжэй. – сказаў Юнг. – Калісьці я назваў гэта калектыўным несьвядомым. Калі хочаш, гэта такое цела, якое запаўняе сабою ўсю краіну па самыя межы. І тут ня толькі сонца ці дождж. Тут і цяжкі дэпрэсіўны настрой, напрыклад, або лёгкі незаўважны гумор. Вось ты адпачываў у самым экзатычным саўку – ва Ўетнаме ці на Кубе. Доўга ляцеў туды, але прыляцеў – і ўсё нармальна. Ты купаесься ў моры, шмат сьпіш, ясі фантастычныя прадукты. Але прыходзіць час вяртацца ў Беларусь. Ты шчасьлівы, бо Радзіма ўжо кліча цябе. Але. Ты прыляцеў і ніяк ня можаш абыцца дома. Гэты тыдзень ты называеш адаптацыяй – такім нэўтральным словам. Насамрэч ты патрапіў у атмасфэру калектыўнага несьвядомага, якое цяпер пануе на тваёй Радзіме. Яно цяжкае, гнятлівае, беспрасьветнае з усімі гэтымі незьлічонымі «государевыми людьми», амонам, БТ і ўсеагульнай боязьзю ня так сказаць або зірнуць. Цудоўная краіна, твая, але калектыўнае падсьвядомае ў ёй сёньня такое.

– Бедныя людзі, – сказаў Маленькі Прынц. – І яны заўсёды былі такімі няшчаснымі?

– Зусім не. Гэта ўвогуле годны народ яшчэ з раньняга сярэднявечча. І калі ў 19 стагодзьдзі яны сталі нацыяй, яны ведалі і свае сонечныя дні. Напрыклад, 25 сакавіка, калі стварылася іхная незалежная дзяржава. Гэта быў пік стварэньня нацыі. Цела пасьля магло мяняцца, але нэрвовая сыстэма – як сокі дрэва – зарадзілася аднойчы назаўсёды. Нэрвовую сыстэму зьмяніць было немагчыма. Яна ўжо была. Мільёны яе валокнаў ужо склаліся ў адзін арганізм, у адно цела. І цяпер можна было мяняць калектыўнае падсьвядомае, і яго насамрэч мянялі шмат разоў, але як толькі вырастала новае нябітае пакаленьне, яно заўсёды было пакаленьнем БНР з тым самым сьцягам, гербам і мовай. За ХХ-е стагодзьдзе так паўтаралася шмат разоў. І шмат разоў калектыўнае падсьвядомае было ў нас добрым, лёгкім, адкрытым…

У Караткевіча ў «Каласах» ёсьць такая прыпавесьць. Бог дзяліў між народамі землі. Адным тое, другім – тое. Прыйшлі беларусы... Вельмі ж пану Богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: «Рэкі вам даю поўныя, пушчы – нямераныя. Сьпёкі ў вас ніколі ня будзе, але і холаду – пагатоў. І голаду ў вас ніколі ня будзе. Ня ўродзіць хлеб, то ўродзіць бульба. А яшчэ зьвяры ў пушчах чародамі, рыбы ў рэках касякамі, пчолы ў борцэх мільёнамі. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя. Наогул людзі вы будзеце таленавітыя…» Тут яго Мікола ў бок штурхае: «Пане Божа, гэта ж вы ім рай аддаяцё!» Бог падумаў, крэкнуў, але назад адбіраць ня будзеш. «Добра, – кажа, – дам я вам найгоршае ў сьвеце начальства».

– Ты маеш на ўвазе, калі вы былі дзецьмі, Маленькімі Прынцамі?

– Вядома. Гэта заўсёды бывае так. Але ня толькі. Быў час пачатку 90-х, калі ўсё беларускае несьвядомае было лёгкім і калі таксіст у Лунінцы з гонарам казаў, што ў іх большасьць раёну галасавала за Пазьняка. Калі б у той час вярнуцца з адпачынку ў Віетнаме ў Лунінец, магчыма, ні пра якую адаптацыю не прыйшлося б думаць. Бо быў выбар, а выбар гэта свабода. Ты можаш быць бедным, але радавацца жыцьцю. Як пісаў Камю, можна жыць у дупле сухадрэвіны і быць шчасьлівым. Толькі бяз дрэннага начальства, вядома.

– Выходзіць, уся праблема Беларусі ў яе калектыўным падсьвядомым, зь якога так лёгка вырвацца, і куды так цяжка вярнуцца?

– Гэта цяпер так. Шмат хто і не вяртаецца. Але калектыўнае падсьвядомае зьмяняецца зь цягам часу. І калі над улюбёнай краінай дзяцінства ў атмасфэры становіцца лёгка дыхаць, нічога лепшага для чалавека нельга і прыдумаць. Беларускі паэт Алесь Бачыла ў самыя застойныя часы напісаў просьценькія словы, якія проста пранізаныя бээнэрвамі і якія ў сёньняшняй атмасфэры здаюцца звышнацыяналістычнымі, а насамрэч адкрываюць заторы калектыўнага падсьвядомага:

Мне лепей ад роднага краю

Нічога на сьвеце няма.

– Слухай, а чаму ў РБ нэрвы-бээнэрвы, а калектыўнае несьвядомае ўсё адно гнятлівае? Скажаш, дыктатура, але дыктатура была і ў Віетнаме, і на Кубе, дзе табе не патрэбная ніякая адаптацыя.

– Была. У тым і рэч, што калі нічога не зьмяняецца чвэрць стагодзьдзя, тады і калектыўнае падсьвядомае гнятлівае. Яму ўжо даўно ня хочацца ні так жыць, ні змагацца з гэтай уладай. Яму проста цікава паглядзець, што будзе пасьля. Як яно ўвогуле бывае. А яно ўсё цягнецца, цягнецца, цягнецца…

Працяг будзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG