Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матрыца. Беларускі пашпарт — дайце два!


Новая чытанка пра БНР і тое, чаму гэта трэба ведаць кожнаму беларусу.

Генпракуратура РБ чарговы раз адмовіла ў рэабілітацыі беларускай паэткі Ларысы Геніюш. «Реабилитации не подлежит». Тры пытаньні: чаму «не подлежит»? Навошта ёй рэабілітацыя? Ці магчымая яе рэабілітацыя ў прынцыпе?

Генэральная сакратарка ўраду БНР і захавальніца архіву БНР Геніюш мінулую вайну жыла і працавала ў Празе (дзе і месьціўся ўрад БНР). Пасьля вайны яна была арыштаваная сталінскімі опэрамі, прызнаная «ворагам народа» і адпраўленая ў ГУЛАГ. Вярнуўшыся з канцлягеру, да самае сьмерці (1983) жыла ў Зэльве пад пільным наглядам КДБ. І тут увага! Грамадзянства СССР Геніюш не прыняла, засталася грамадзянкай БНР.

Па рэабілітацыю яна таксама не зьвярталася. Інакш кажучы, разглядала рэжым, што панаваў у БССР, як акупацыю сваёй БНР. З чаго б гэта ёй зьвяртацца па рэабілітацыю да акупанта, які цябе і «ўпёк»? Па рэабілітацыю Геніюш зьвяртаўся Саюз пісьменьнікаў. Адказ быў той самы: «не подлежит». Дзяржава (улада) па сутнасьці не зьмянілася.

Калізія для юрыстаў. Калі нейкая дзяржава можа цябе, грамадзяніна іншай дзяржавы, рэпрэсаваць (у нашым выпадку — лёгка), дык ці можа яна ж пасьля цябе і рэабілітаваць (што, улічваючы яе рэпрэсіўны характар, практычна немагчыма)?

Мяжа паміж РБ і БНР глыбокай разорай легла на лёс Геніюш, паказаўшы, што абедзьве гэтыя дзяржавы на нашай зямлі суіснуюць. Першая ў выглядзе расейскай па сутнасьці адміністрацыі, другая ў выглядзе ўлюбёнай краіны, мовы, культуры, жывых і ўнутрана свабодных людзей.

— А вось што калі не адна Геніюш будзе грамадзянкай БНР, а ўсе жывыя і свабодныя беларусы возьмуць грамадзянства БНР? — прапанаваў Маленькі Прынц. — Тады расейскім адміністратарам не застанецца каго адміністраваць.

— Маеш рацыю, — адказаў Пашпартыст. — Такая ініцыятыва паўстала ўлетку 1997 году. Тады група сяброў, колішніх майстроўцаў пачала рыхтаваць Мэмарандум аб грамадзянстве БНР. Пакуль даводзілі да ладу тэкст і кансультаваліся з Радай БНР (яе офіс месьціцца ў Амэрыцы), мінуў пэўны час. 2 сакавіка 1998 году Мэмарандум быў апублікаваны ў «Нашай Ніве».

— Дык грамадзянамі БНР за гэты час мусіла б стаць Паўбеларусі, – гукнуў Маленькі Прынц.

— Прынамсі ўся грамадзянская супольнасьць, усе людзі культуры і навукі… Па вялікім рахунку, больш-менш столькі, колькі не галасавала на рэфэрэндуме за савецкую сымболіку, г.зн. мільён, — вока Пашпартыста бліснула, але зараз і пагасла. — Толькі насамрэч сёньня грамадзянаў БНР, лічы, няма і напаўненьне гэтага статусу нулявое.

Пашпартыст уздыхнуў і пачаў распавядаць сваю сумную гісторыю:

— Пачалося ўсё з таго, што пачалося ня так, як трэба. Празь месяц пасьля публікацыі Мэмарандуму Беларускі народны фронт на сваім сойме аб’явіў грамадзянства БНР сваёй ініцыятывай і ўзяў на сябе місію раздачы гэтага самага грамадзянства. Людзям сталі выдаваць не пашпарты, а даведкі за подпісам функцыянэраў БНФ. У Мэмарандуме падкрэсьлівалася, што грамадзянства — надпартыйнае, а тут фактычна адна партыя прыватызавала гэтую справу і грамадзянства БНР па сутнасьці прыраўняла да членства ў БНФ. Арганізацыя рассыпАлася на вачах і меркавала з дапамогай гэтай ініцыятывы выратаваць сябе саму. Але гэта была памылка. І БНФ гэта не ўратавала.

Яшчэ нейкі час даведкі пра грамадзянства выдавалі структуры БНФ, пасьля і гэтая працэдура была выведзеная ў інтэрнэт, дзе спакваля і сканала. А многія з тых, хто паўступалі, даўно забылі пра сваё грамадзянства і тое, што яно значыла. Так часта бывае, калі нейкую справу, датычную ўсёй нацыі, усяго грамадзтва спрабуе прыватызаваць адна з палітычных структур. Ад гэтага ўжо цярпелі «бээнэфаўская» мова, «бээнэфаўская» сымболіка і сама беларуская нацыянальнасьць (беларус? бээнэфавец, што лі?). Толькі з сыходам БНФ з рэальнага публічнага жыцьця, праз шмат гадоў, мова, сымболіка і нацыянальнасьць пачынаюць памалу вызваляцца ад палітызацыі, як ад цяжкай хваробы. Ідэі грамадзянства «пашанцавала» найгорш.

— А можа гэта ты памыляесься? — дапусьціў Маленькі Прынц. – І нешта ня тое было ў самой ідэі? Што дало б беларусам грамадзянства БНР?

— Па-першае, разуменьне і ацэнку сытуацыі, у якой мы ўсе апынуліся. Мы маглі б спакойна казаць пра акупацыю нашай краіны (цяпер гэты тэрмін палохае, бо людзі ня бачаць ягоных межаў), а ўрэшце вярнуць сабе сваю краіну. Бо пашпарты аб’ядналі б людзей на супольныя дзеяньні. Па-другое, пэрсанальную адказнасьць за лёс сваёй краіны, а гэта значыць — свабоду, хай сабе пакуль і ўнутраную. Па-трэцяе, пэўныя выгоды. Грамадзянства БНР магло б працаваць як карта паляка, толькі бяз шкоды для іншых нацый і краін. Скажам, пашпарты БНР маглі б прызнаць тыя краіны, якія прызналі БНР, а значыць прызналі і акупацыю нашай краіны. Можна было б зьвяртацца па бязьвізавы ўезд у шэнген. Беларускі бізнэс рабіў бы грамадзянам БНР усялякія палёгкі… Можна ўявіць сабе не адзін круглы стол і не адну канфэрэнцыю, дзе абмяркоўваліся б новыя ідэі дзеля напаўненьня статусу грамадзяніна БНР. Улічы таксама, што гэта выдатная форма асьветы, якая тым больш эфэктыўная, што тычыцца пэрсанальна кожнага беларуса.

— А чаму гэта ўсё нельга вярнуць? Вось узялася б Рада БНР і аднавіла працэдуру і абвясьціла б пра гэта.

— Трэба сказаць, — зноў уздыхнуў Пашпартыст, — што і Рада БНР паставілася да ідэі не як да нечага ўмоўна сымбалічнага, а як да нечага сымбалічна ўмоўнага.

— А як ты сабе ўяўляў па-іншаму?

— Я думаў, што такая справа вымагае стварэньня пры Радзе БНР Інстытуту грамадзянства — працоўнай структуры. І менавіта пры Радзе. Бо гэта забясьпечвала б і «чысьціню праекту» і сакральнасьць самой ініцыяцыі просьбітаў. Гэта магло б працаваць праз жывую пошту, з разглядам заяваў і выдачай рэальных кніжак пашпартоў. Гэта там (у Амэрыцы), а тут магла б вельмі хутка паўстаць супольнасьць грамадзян, вельмі моцна матываваных.

— А перасьлед з боку ўладаў?

— Рукі не дацягнуцца ні да рады БНР, ні да пошты, ні да цябе, які сядзіць у сваёй кватэры і зь некім там перапісваецца. Адначасова расьце рэальнае грамадзтва. Ясна, што ўсё гэта трэба добра наладзіць і даглядаць працэс. Думаеш, чаму цяпер так бяздарна праходзяць вулічныя акцыі? Людзей аб’ядноўвае пратэст супраць улады гасударавых людзей. Больш нічога. А аб’ядноўваць іх мусіць адчуваньне сябе нацыяй і супольнае бачаньне нацыянальнай будучыні. У гэтым сэнсе грамадзянства БНР — кінуты на ўзбочыне актыў, які, на добры лад, трэба пакласьці ў банк і дбаць, каб рос твой капітал. Мінулыя 25 гадоў, паміж іншым, вызначаліся ўпартым разбазарваньнем актываў БНР.

— Ты можаш назваць яшчэ нейкія нявыкарыстаныя магчымасьці?

— Думаю, іх шмат. За чвэрць стагодзьдзя ў нас прывыклі абыходзіцца зь імі так, як шкадлівыя дзеці з цацкамі: атрымаў, паламаў, выкінуў. Але пра актывы табе лепей раскажа Банкір.

Працяг будзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG