Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матрыца. Як беларусы двойчы быка за рогі ўзялі


Ведаю, што вы гэтую показку ведаеце, але яна абавязкова мусіць быць у нашай бээнэраўскай калекцыі. Таму далучаю яе да справы.

Злавіў беларус залатую рыбку. «Ну загадвай свае тры жаданьні», — сказала рыбка. Задумаўся беларус. «А ты можаш зрабіць мне вушы, як у слана?». Зрабіла. «А каб у мяне было чатыры нагі?». Зрабіла. «А каб вочы сьвяцілі, як фары?». Зрабіла і сабралася ўжо адплываць, але крыху замарудзіла. «Беларус-беларус, а скажы мне, калі ласка, чаму такія дзіўныя ў цябе жаданьні? Усе просяць жонку прыгажуню, дом раскошны, грошай кучу…» Беларуса як агаломшыла. Ад такога пытаньня ў яго нават фары пагасьлі: «А што, можна было?».

— Ну і да чаго гэта? — спытаўся Маленькі Прынц. — Хочаш сказаць, што пра француза такое не раскажаш?

— Ні пра француза, ні пра паляка зь літоўцам. Гэта наш фірмовы беларускі кшталт, — сказаў Летапісец. — Беларусы рэдка бяруць быка за рогі, асабліва калі вырашаецца лёс краіны і нацыі. Абачлівыя бязь меры.

Вось табе першая гісторыя.

Было гэта ў 1988 годзе, 19 кастрычніка. Інтэлігенцыя з усяго Менску сьцякалася ў Чырвоны касьцёл (тады Дом кіно). Ішлі засноўваць таварыства памяці ахвяраў камунізму, а між сабой шушукаліся — трэба абвяшчаць народны фронт! Літоўцы да таго часу ўжо стварылі свой Саюдзіс, латышы і эстонцы літаральна тыдзень таму заклалі свае народныя франты, дык трэба ж і нам… Бурны быў сход. Выступалі і знакамітасьці і простыя людзі. Адна кабета так і сказала: давайце ствараць народны фронт. А ўсе як бы і хочуць гэтага, але гучыць яно так моцна, што аж боязна. Народ скалануўся, але тут жа ачах. Фальстарт. Каб гэта Быкаў сказаў ці Гілевіч ці хто іншы, каго ўсе ведаюць. А тут нейкая цёця. І ня надта пераканаўча і не гістарычна выглядае. Ясна, што мы ўсе пабойваемся такія моцныя словы гаварыць, але не на фоне ж нейкай цётачкі нам пабойвацца. Ну, нешта такое. І ўжо ва ўсіх настрой на мяжы катастрофы — няўжо так і ня скажам, не аб’явім, разыдземся бяз фронту. І раптам у залю ўваходзяць Вячорка з Сушам — лідэры нефармальнае моладзі, проста з вайсковых збораў пад Слонімам прыехалі. І да мікрафону. Заклікаюць абвесьціць фронт. Абвал! Авацыя, крыкі. Ура! Усе шчасьлівыя. Адбылося!

А ўяўляеш, калі б не прыехалі, і калі б ніхто не рашыўся? Магло б нічога і не адбыцца. Казалі б цяпер «А што, можна было?».

— Я ведаю чаму, — пасьпяшаўся Маленькі Прынц. — Гісторык расказваў мне, што забілі народ за дваццатае стагодзьдзе, таму такія нерашучыя былі, баяліся быка за рогі…

— Яно так, забітыя, ня раз зьнішчаныя, абезгалоўленыя, — быццам пагадзіўся Летапісец. — Але насамрэч гэта мэнтальная рэакцыя, ня больш. Бо зьнішчыць нацыю ня так проста. Вось я ў фэйсбуку прачытаў прымаўку, кажуць, што мэксыканская: «Яны хацелі нас пахаваць, але ня ведалі, што мы насеньне».

— Аптымістычна гучыць. Нешта супрацьлеглае вашаму, беларускаму.

— Я думаю, гучыць супрацьлегла, але працуе аднолькава да ўсіх народаў.

Слухай другую гісторыю.

У самым канцы 1917 году ў тым самым Менску адбываўся падобны сход — Усебеларускі кангрэс прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў і арганізацыяў. У гарадзкім тэатры (цяпер Купалаўскі) сабралася каля дзьвюх тысяч дэпутатаў. Дыскутавалі магчымасьць аўтаноміі для Беларусі, натуральна ж, у складзе Расеі. Ідэя падавалася неверагоднай, фантастычнай. Амаль як ідэя фронту ў 1988-м. Выступалі розныя «абласьнікі», даказвалі, між іншым, што толькі ў складзе новай рэвалюцыйнай Расеі загляне сонца і ў наша ваконца. Быў там такі прамоўца з прозьвішчам Вазіла, якому аўтаномія проста не зьмяшчалася ў галаве. «Да как же так! Да как же так! Без России?!!» — ён так моцна быў уражаны, што ўпаў з трыбуны. У стэнаграме пасярод ягонай прамовы ў дужках так і напісана: «Страціў прытомнасьць».

Каля 3 гадзіны ночы Рада зьезду скончыла апрацоўваць рэзалюцыю і старшыня Ян Серада пачаў чытаць яе перад зьездам. У гэты момант падышлі да стала прэзідыюму двое і назвалі сябе: камісар «Западной области» і начальнік менскага гарнізону. Сказалі, што прыйшлі арыштаваць прэзідыюм і разагнаць зьезд. Тады Серада агаласіў першы пункт рэзалюцыі і амаль увесь зьезд прагаласаваў «за»: Беларусь абвяшчаецца рэспублікай. Астатнія пункты ён прачытаць не пасьпеў. Раптам аднекуль голас: Таварышы, наш дом акружаны войскам! Паўсюль кулямёты і грузавікі! У залі падняўся шум. Тады зьвярнуўся да зьезду начальнік гарнізону Крывашэін. Хістаючыся на нагах, крэпка выпіўшы, ён пачаў гаварыць. Але праз шум нельга было нічога разабраць. Толькі потым, як трохі пацішэла, пачуліся блытаныя фразы. Начальнік казаў нешта пра нейкія «лайковые перчатки». Скончыў ён сваю прамову вось як: «А теперь я распускаю ваше собрание». (Паводле «Вольнай Беларусі», №36, 1917)

— Але гэта не канец, — сказаў Летапісец. — Салдат спачатку выгналі, нагрувасьцілі барыкады з крэслаў і зэдлікаў, але, як той казаў, сілы былі няроўныя. Арышт цягнуўся ўсю ноч. Выводзілі іх пад сьпевы жалобнага маршу. Можна сабе ўявіць аблом іхных жаданьняў — і незалежнасьці не абвясьцілі, і ўлады не ўзялі, хоць у той рэвалюцыйнай мітусьні гэта было так блізка і так правільна яны ўсё падрыхтавалі, але…

Але застаўся працаваць Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду. І ён 9 сакавіка выдаў другую ўстаўную грамату. Абвясьцілі Беларусь народнай рэспублікай. Толькі ж зноў няясна якой — аўтаномнай, фэдэратыўнай, у складзе Расеі?.. Слова незалежнасьць ізноў не прагучала. І толькі 25 сакавіка, калі прыехалі людзі зь Вільні на чале з Антонам Луцкевічам, нарадзілася трэцяя ўстаўная грамата. Незалежнасьць. Уф-ф-ф. Прарвала! Крыкі, авацыі, на тварах шчасьце, калі ты ўдзельнік, такое запамінаецца, як найлепшы дзень у жыцьці.

А што адбылося? Калі спакойна падумаць, нацыя набыла сваю дзяржаўнасьць, свой дом, каб жыць у ім сваім нацыянальным жыцьцём. Адбылося вяртаньне ў нармальнасьць. Па-сутнасьці гэта быў адказ на падзелы Рэчы Паспалітай, калі беларусам фатальна не шанцавала.

— А ім хоць калі-небудзь шанцавала?

— Бывалі выпадкі. Напрыклад, калі савецкая Расея захапіла ў Польшчы Заходнюю Беларусь і аб’яднала краіну. Але гэта была воля Масквы, а не саміх беларусаў, для якіх аб’яднаньне абярнулася жорсткімі рэпрэсіямі. А стварэньне БНР і БНФ — гэта не шанцунак, гэта два эпізоды, калі беларусы пайшлі супраць показкі пра бычыныя рогі. Гэта быў іхны чын. Або ўзяць сваё, або сказаць пасьля «А што, можна было?» БНР стала штуршком да стварэньня БССР, а БНФ — да стварэньня РБ. Вядома, на сёньня гэта аўтарытарная і шмат у чым антыбеларуская дзяржава, але ў параўнаньні з БССР — прызнаная ў сьвеце самастойная краіна. Ну, як бы ўсё ў палацы на месцы, толькі тырчаць з-пад шафы лайкавыя пальчаткі Крывашэіна. І каб краіна магла і зусім стаць сама сабою, думаю, беларусам трэба будзе яшчэ раз узяць быка за рогі. Прынамсі, лёгіка падказвае, што так яно і будзе.

— Цікава, што і ў першым і ў другім выпадку нехта прыехаў і сказаў, — разважаў Маленькі Прынц. — Тут цэлая заля сядзіць і нават баіцца сказаць, што — можна. Наэлектрызаваныя адначасова страхам і прадчуваньнем шчасьця…

— … страхам упусьціць сваё шчасьце — гэта адно пачуцьцё, — удакладніў Летапісец. — Але важна тут, што прыехаў і вывеў сытуацыю з цэйтноту ня «нехта». І Вячорка і Суша, а да іх Луцкевіч былі стваральнікамі беларускага руху ў розныя часы. Да таго ж увайсьці з-за межаў калектыўнага несьвядомага, якое панавала ў залі, і сказаць тыя словы ім, ненаэлектрызаваным, было нашмат прасьцей. Ну і ўлічы, што Луцкевіч прыехаў зь Вільні, тагачаснай сталіцы краю, дзе і месьціўся галоўны штаб будучай Беларусі. Але гэта ўжо іншая тэма.

Працяг будзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG