Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матрыца. Беларускія ўлады і гасударавы людзі


Урад БНР
Урад БНР

Новая чытанка пра БНР і тое, чаму гэта трэба ведаць кожнаму беларусу.

А помніш показку пра найгоршае ў сьвеце начальства, якое добры Божанька даў беларусам? Дык яно не таму такое, што Божанька даў, і не таму, што такое нарадзілася і не таму, што яго такое выбіраюць. А таму, што не сваё. І сваім не было ніколі.

Я доўга з гэтым змагаўся – не ўжываць тэрмін «беларускія ўлады». Пішыце, кажу, улады Беларусі. Бо якія яны беларускія? Мне казалі – а як? У Польшчы польскія, у Літве літоўскія… Так? Ня так.

– У Беларусі (у чыстых тэрмінах) ніколі не было беларускіх уладаў, – сказаў Лектар. – Дакладней, калі Рада БНР абвясьціла сябе адзінай законнай уладай на ўсіх абшарах Беларусі (1918), – гэта былі першыя і апошнія беларускія ўлады з таго часу на гэтай зямлі.

– Тады, выходзіць і беларуская дзяржава (БНР) была першая і апошняя, – задумаўся Маленькі Прынц. – Але ж яна не замацавалася, не засталася.

– У тым і рэч, што яна нікуды ня дзелася. Ніхто яе нічым не замясьціў. Зьнішчалі – так, але з занятага месца не сьпіхнулі. І яна існавала ўвесь гэты час і працягвае існаваць, прымаючы самыя розныя формы і кансыстэнцыі, сыходзячы то ў падпольле, то ў «лясныя браты», у дысэнт, ва ўнутраную эміграцыю, у навуковыя ўстановы, у нефармальныя маладзёвыя суполкі, ці проста ў душы жыла. А тое фармальнае становішча, якое яны (беларускія ўлады) занялі ад пачатку і мусілі займаць надалей, займалі то расейскія бальшавікі, то палякі, то немцы, то савецкая намэнклятура, то цяперашнія гасударавы людзі (гэта іхная саманазва). Як можна беларускімі ўладамі называць гасударавых людзей?

– А чаму не? – запярэчыў Маленькі Прынц. – Усе вашы шчоткіны-качанавы – рэальна кіруюць, хіба не? І чаму гасударавы людзі ня могуць быць беларускай уладай.

– Таму што ў іх ёсьць гасудар, і толькі яму яны служаць. А не Беларусі і беларусам.

Усё рэальна беларускае (у чыстых тэрмінах) – яно бээнэраўскае, мова і шматмоўе, культура, гісторыя і носьбіты ўсяго гэтага могуць знаходзіць міжсобку паразуменьне. Усё гасударава – гасударава, расейская мова, расейскі тэлевізар, ідэалёгія і носьбіты. У цэлым гэта два сьветы, паміж якімі няма і ня можа быць паразуменьня. Ёсьць, натуральна, прыватныя выпадкі, калі Фінберг, напрыклад, гаворыць па-беларуску. Але справа ў тым, што Фінберг адэкватна разумее сытуацыю, ён тутэйшы чалавек і бачыць гэтыя два сьветы. Але гэта рэдкі выпадак, астатнія ня бачаць.

Шчоткіны-качанавы і не кіруюць нават. Яны адмініструюць вакол гасудара. Усё, што ідзе на карысьць беларушчыне, умацоўвае Беларусь. Усё, што ідзе на карысьць гасударавым людзям, адбіраецца ад Беларусі, як правіла, гвалтам. Калектыўны Ананіч можа толькі забараняць, закрываць, зьнішчаць усё беларускае і нічога – дазваляць, адкрываць, ствараць.

У прынцыпе вартасьць усяго, што адбываецца ці не адбываецца, а таксама вартасьць усіх актываў нашай зямлі можна ацаніць паводле таго, на карысьць каго гэта – БНР ці гасударавых людзей.

– Вось ты кажаш, што ідэалёгія розная, – нагадаў Маленькі Прынц. – Дапусьцім, у беларусаў гэта БНР. А ў гасударавых што?

– Яны доўга шукалі, – сказаў Лектар. – Ім трэба была «другая матэматыка». Па першым часе ўдавалася зачапіцца за савецкую ідэалёгію – усе яшчэ помнілі «утро великих строек» і камунізм.

— Цяпер кажуць, што была вялікая дзяржава і ўсё зьнікла. А што ў мяне зьнікла? Як жыла я ў доміку без усялякіх выгодаў — без вады, без каналізацыі, без газу — так і жыву. Сумленна працавала ўсё жыцьцё. Надрывалася, надрывалася, прывыкла працаваць. І заўсёды атрымлівала капейкі. Як ела макарону і бульбу, так і ем…

З кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд хэнд»

– Але людзі паміралі, – працягваў Лектар, – і самае магутнае, што гасударавым людзям удавалася як бы супрацьпастаўляць БНР – гэта Вялікая Перамога. Тут, вядома, моцна дапамагалі Масква і расейскі тэлевізар. Яшчэ й сёньня яны пампэзна сьвяткуюць тую Перамогу, але яна ўжо нядобра пахне – з праўдай пра заградатрады, паваенных інвалідаў і нямецкіх жанчын, а галоўнае – з фэйкавымі верэтанамі. Апошнія больш за ўсё падкасілі давер. Бо людзі звычайна ня любяць, калі нехта прымазваецца.

Дык вось. Гасударавы людзі нагняталі-нагняталі, аж бачаць, што нічога не атрымліваецца. І падумалі яны, што БНР – гэта тры літары. Вось бы і ім нешта такое, каб сваімі трыма гэтыя тры і надалей вышыбаць сабе на радасьць і дастатак. Ну і прыдумалі – АЭС.

«АЭС як альтэрнатыва БНР». Сяргей Астраўцоў пра АЭС напісаў дакладна:

«І будзе беларус у будучыні, як расейскі народны герой Ямеля, на пячы бакі грэць, а яна — карміць яго. І нічога рабіць ня трэба. Беларусь — край вялікіх АЭС! Нічога рабіць — у сэнсе ніякіх рэформаў, нічога ня трэба разьвіваць. Толькі «дровы» падкладаць пасьпявай. І так да сканчэньня сьвету беларус будзе сябрам мірнага атаму, выпрацоўваць электрычнасьць».

Як вам дзяржаўная ідэалёгія? Абы народу падабалася, каб і далей добра карміў гасударавых людзей (для чаго ён і патрэбны, народ).

Так і суіснуюць у Беларусі БНР і Гасударава рэспубліка. У першай – душа і сэрца, у другой адміністрацыя. Зразумела, пачынаючы ад 1918 году гэта толькі форма акупацыйнае ўлады, адна з назваў. Розныя яны былі з выгляду, але па сутнасьці тое самае. Бо нязьменна галоўным ворагам акупацыі заўсёды была БНР.

– Слухай, а беларусам ніколі не хацелася эміграваць – з Гасударавай рэспублікі ў БНР? Тым больш, што ехаць нікуды ня трэба.

– Хацелася і ня раз. Аднойчы прыдумалі нават – прымаць грамадзянства БНР. Вонкава гэта нібыта нічога не мяняла, але беларускі чалавек мог нарэшце склеіць свой унутраны шаблён. Але пра гэта табе лепш распытацца ў Пашпартыста.

Працяг будзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG