Уладзімір Пуцін можа аддаць загад зьбіваць амэрыканскія самалёты, якія забясьпечваюць рэжым беспалётнай зоны над Сырыяй, калі ЗША і саюзьнікі вырашаць утварыць такія зоны для абароны цывільнага насельніцтва ў сырыйскай паветранай прасторы, выказаў здагадку ў аўторак кіраўнік Нацыянальнай выведкі ЗША Джэймс Клапэр.
«Я ня думаю, што яны выключаюць варыянт зьнішчэньня амэрыканскага самалёта, калі палічаць, што ён уяўляе пагрозу іхным сухапутным сілам», — сказаў Джэймс Клапэр падчас выступу ў Радзе па зьнешняй палітыцы ў Нью-Ёрку. Ён назваў расейскія зэнітна-ракетныя комплексы, разьмешчаныя ў Сырыі, сучаснай эфэктыўнай зброяй. Паводле яго, Расея не адпраўляла б яе ў Сырыю, калі б ня мела намеру выкарыстоўваць.
Ідэя беспалётнай зоны ў Сырыі актыўна абмяркоўваецца ў асяродзьдзі прэзыдэнта Абамы і ў амэрыканскай прэсе. Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан падтрымлівае ідэю арганізацыі беспалётнай зоны ў Сырыі пасьля правядзеньня кансультацый з Расеяй. Ажыцьцяўленьне гэтага захаду, на яе думку, дапаможа абараніць мірнае насельніцтва краіны і наблізіць канец канфлікту. Былы кіраўнік ЦРУ Майкл Гайдэн у інтэрвію CNN прызнаў, што ажыцьцяўленьне гэтай ідэі спалучана з рызыкай. «Але ці гатовыя мы жыць у сьвеце, дзе расейцы гатовыя ўзяць на сябе рызыку канфрантацыі, у той час як мы саступаем? Падумайце пра наступствы гэтага», — сказаў Гайдэн.
У якасьці альтэрнатывы экспэрты выведкі і Пэнтагону прапануюць пастаўкі ўзбраеньняў сырыйскай апазыцыі. Аднак прэзыдэнт Абама не гатовы ўхваліць гэтую ідэю.