Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля закліку ААН расьсьледаваць злачынствы ў Алепа Масква абвінаваціла міжнародную кааліцыю ў бамбаваньні мірных іракцаў



Мінабароны Расеі заявіла, што 21 кастрычніка ў Іраку ў выніку авіяўдару міжнароднай кааліцыі па барацьбе з «Ісламскай дзяржавай» пад кіраўніцтвам ЗША загінулі «дзясяткі» мірных жыхароў. Прадстаўнікі кааліцыі абвінавачваньні ў свой адрас зьняпраўджваюць.

«21 кастрычніка расейскімі сродкамі выведкі зафіксаваны паветраны ўдар пары самалётаў па населеным пункце Дакука, разьмешчаным у 30 км на поўдзень ад Кіркука, дзе, па нашых дадзеных, баевікоў ІДзІЛ няма», — цытуе «Інтэрфакс» прадстаўніка Мінабароны РФ Ігара Канашэнкава.

«Як вынікае з паведамленьняў відавочцаў, авіяцыя кааліцыі прыняла за баевікоў жалобную працэсію, — адзначыў генэрал. — Загінулі дзясяткі мірных іракцаў, у тым ліку жанчыны і дзеці».

Як заявіў Канашэнкаў, памылковыя ўдары міжнароднай кааліцыі, якую ўзначальвае ЗША, маюць прыкметы «ваенных злачынстваў».

У міжнароднай кааліцыі абвінавачваньні ў свой адрас зьняпраўджваюць.

«Мы ня можам зьвязаць меркаваныя ахвяры сярод цывільнага насельніцтва з якімі-небудзь ударамі кааліцыі ў гэтым раёне», — заявіў прадстаўнік кааліцыі «РИА Новости».

«Мы сур’ёзна ўспрымаем усе паведамленьні пра ахвяры сярод асобаў, якія не адносяцца да бакоў канфлікту, і ацэньваем усе інцыдэнты як мага больш падрабязна», — адзначыў ён.

Заява Мінабароны РФ была зробленая ў той жа дзень, калі Рада правоў чалавека ААН вырашыла правесьці комплекснае незалежнае расьсьледаваньне меркаваных парушэньняў міжнародна прызнаных правоў чалавека ў сырыйскім горадзе Алепа.

Раней ЗША заяўлялі, што дзеяньні Расеі ў сырыйскім Алепа ў дачыненьні да мірных жыхароў павінны быць расьсьледаваныя як ваенныя злачынствы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG