Дзяржсакратар ЗША Джон Керы заявіў міністру замежных спраў Расеі Сяргею Лаўрову 24 кастрычніка пра занепакоенасьць аднаўленьнем баявых дзеяньняў у сырыйскім горадзе Алепа пасьля шматдзённага перапынку, гаворыцца ў паведамленьні Дзярждэпартамэнту.
Лаўроў і Керы абмеркавалі сытуацыю ў Сырыі ў тэлефоннай размове і дамовіліся, што экспэрты зь некалькіх краінаў на сустрэчы ў Жэнэве працягнуць пошук шляхоў урэгуляваньня крызісу ў Алепа.
Лаўроў адказаў Керы, што Злучаныя Штаты павінны выканаць сваё абавязацельства аддзяліць умераныя групы апазыцыі ад «тэрарыстаў» у Сырыі, паведамляе пра гэтую ж размову МЗС Расеі.
Геаграфічная блізкасьць у разьмяшчэньні ўмераных сырыйскіх паўстанцаў і групаў, клясыфікаваных як тэрарыстычныя, такіх, як «Ісламская дзяржава», была адной з прычынаў няўдачы перамоваў аб спыненьні агню, якія падтрымлівалі ў верасьні Масква і Вашынгтон.