Расейскія і сырыйскія самалёты за апошнія сем сутак не наносілі ўдары па Алепа, заявіў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі генэрал Ігар Канашэнкаў.
Агенцтва «Інтэрфакс» прыводзіць словы генэрала пра тое, што самалёты не набліжаюцца да гораду і не наносяць ўдары.
Канашэнкаў таксама адзначыў, што для мірных жыхароў, якія пакідаюць ўсходнія раёны Алепа, кругласутачна працуюць шэсьць гуманітарных калідораў. Таксама для іх адкрытыя пункты гарачага харчаваньня і аказаньня першай мэдычнай дапамогі.
Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы выказаў занепакоенасьць аднаўленьнем удараў і наземных нападаў у Алепа з боку рэжыму прэзыдэнта Сырыі Башара Асада і Расеі. Кэры правёў тэлефонную размову зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Джон Кірбі.
Баі ў Алепа аднавіліся пасьля спыненьня ў суботу «гуманітарнай паўзы». Часовае спыненьне бамбаваньняў павінна было даць магчымасьць мірным жыхарам свабодна пакінуць горад, а лекарам — эвакуіраваць хворых і параненых.
Паводле паведамленьня агенцтва Reuters, тыя нешматлікія людзі, што спрабавалі выйсьці з Алепа праз калідоры, патрапілі пад абстрэл і не змаглі сысьці.
Паводле ацэнак ААН, больш за 250 тысяч грамадзянскіх асоб ўсё яшчэ застаюцца ў абложаных раёнах гораду.