Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і групоўкі «ДНР» і «ЛНР» выступілі супраць паліцэйскай місіі АБСЭ на Данбасе


Марцін Сайдзік падчас аднаго зь мінулых пасяджэньняў Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе, архіўнае фота 2015 году
Марцін Сайдзік падчас аднаго зь мінулых пасяджэньняў Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе, архіўнае фота 2015 году

У Менску адбылося чарговае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе.

Нейкага прарыву не адбылося ні па адным з пытаньняў, якія абмяркоўваліся. Прэсавы сакратар украінскага прадстаўніка на перамовах Дарка Аліфэр пакінула ў Фэйсбуку досыць пэсымістычны камэнтар з гэтай нагоды, у прыватнасьці таму, што працягваюцца абстрэлы на Данбасе, што прарасейскія баевікі з групоўкі «ЛНР» блякуюць працу новага пункта пропуску ў Залатым Луганскай вобласьці.

Незадаволеным быў і прадстаўнік АБСЭ на перамовах пасол Марцін Сайдзік. Ён заявіў:

«На жаль, са студзеня гэтага году пачаўся істотны рост колькасьці парушэньняў рэжыму спыненьня агню, асабліва ў раёне Аўдзееўкі, Ясінаватай у Данецкай вобласьці. Каб прадухіліць далейшую эскаляцыю і паменшыць гвалт, я заклікаю ўсе бакі прадэманстраваць стрыманасьць і выконваць пагадненьне аб спыненьні агню».

Надзеі ўкраінскай дэлегацыі на прагрэс у праблеме вызваленьня палонных і закладнікаў ня спраўдзіліся.

Украінскі бок лічыць гэтае пытаньне прынцыповым і адчувальным для сябе, ён зноў выступіў са зваротам, каб Расея і прадстаўнікі АРДЛА (асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей) вызвалілі палонных, у тым ліку Надзею Саўчанку.

На перамовах у Менску і перад імі абмяркоўвалі прапанову прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі аб узброенай паліцэйскай місіі АБСЭ, якая магла б гарантаваць бясьпеку на Данбасе пры гіпатэтычных выбарах у будучыні.

У сувязі з гэтай прапановай Парашэнкі, у аўторак з сумеснай заявай выступілі прадстаўнікі груповак «ДНР» і «ЛНР» на перамовах у Менску Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дайнэга.

Паводле іх слоў, «стварэньне ўзброенай міжнароднай паліцыі дзеля бясьпекі выбараў не прадугледжана менскімі пагадненьнямі і непасрэдна ім супярэчыць».

Падобную місію яны называюць не інакш як «інтэрвэнцыяй, якая прывядзе да маштабных баявых сутыкненьняў і сапраўднай вайны, у якую будуць непасрэдна ўцягнутыя краіны Захаду».

На пасяджэньні ў сераду ў Менску іх цалкам падтрымаў прадстаўнік Расеі Барыс Грызлоў.

Амбасадар Марцін Сайдзік, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, паведаміў, што гэтая прапанова Парашэнкі сапраўды абмяркоўвалася ў Менску.

«Але я павінен сказаць, што да гэтага часу сакратарыят і нямецкае старшынства АБСЭ не далі свае прапановы па гэтым пытаньні, таму прашу мяне зразумець, што я не магу гэта камэнтаваць», — адзначыў ён.

Наступнае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы адбудзецца 20 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG