Сёньня ў Парыжы мае адбыцца сустрэча міністраў замежных спраў «нармандзкай чацьвёркі» (Украіна, Расея, ФРГ, Францыя) па пытаньнях урэгуляваньня сытуацыі на Данбасе.
Учора пасьля паседжаньня Трохбаковай кантактнай групы ў Менску карэспандэнт Свабоды спытаў мадэратара на перамовах ад АБСЭ амбасадара Марціна Сайдзіка, чаго ён чакае ад сустрэчы ў Парыжы. Спадар Сайдзік заявіў:
«Я спадзяюся, што міністры дадуць нам вельмі зразумелую карціну, як мы ў Менску павінны працягваць перамовы».
Паводле слоў Сайдзіка, міністры «нармандзкай чацьвёркі» сёньня абмяркуюць у тым ліку пытаньні мадальнасьці (умоваў правядзеньня) мясцовых выбараў на Данбасе.
Прадстаўнік АБСЭ таксама выказаў надзею, што гэтыя выбары адбудуцца ўжо ў гэтым годзе.
Пазытыўным фонам да сёньняшніх перамоваў можа паслужыць ўчорашняе падпісаньне двух пагадненьняў у галіне бясьпекі на Данбасе.
Дакумэнты падпісалі афіцыйныя прадстаўнікі Ўкраіны Леанід Кучма, Расеі — Барыс Грызлоў і спэцпрадстаўнік АБСЭ Марцін Сайдзік.
Першае пагадненьне прадугледжвае абазначэньне, агароджваньне і складаньне мапаў раёнаў, якія павінны быць разьмінаваныя, у месцах паблізу пунктаў перасячэньня лініі сутыкненьня і ўздоўж дарог, якія вядуць да іх.
Другім рашэньнем забароненыя ад 4 сакавiка вайсковыя вучэньні з ужываньнем баявой зброі ўсіх калібраў паблізу лініі сутыкненьня бакоў на Данбасе.
Патрэба ў такім пагадненьні паўстала з-за таго, што прадстаўнікі баевікоў так званых ДНР і ЛНР у адказ на крытыку АБСЭ з нагоды іх абстрэлаў казалі, што «гэта ў іх вучэньні».
На думку Марціна Сайдзіка, гэта стане крокам да поўнага спыненьня агню і зьніжэньня напружанасьці на лініі сутыкненьня на Данбасе.