Прадстаўнік Украіны ў Трохбаковай кантактнай групе ў Менску Раман Бясьсьмертны лічыць, што насьпявае канфлікт на мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй.
Пра гэта ён распавёў у эфіры ўкраінскага тэлеканала «24».
«З нагоды магчымасьці аднаўленьня адкрытых баявых дзеяньняў (на Данбасе — РС). Трэба рыхтавацца да некалькіх варыянтаў разьвіцьця падзеяў. Адзін зь іх — гэта абвастрэньне сытуацыі. Тут сырыйская вайна, вайна ва Ўкраіне — гэта не апошнія ачагі ўзгараньня, на якія пойдзе Пуцін. Відавочна, што гэта дало яму магчымасьць пасадзіць за стол перамоваў Абаму, эўрапейскіх лідэраў і гэтак далей. Гэтым ён сабе стварае ролю ўдзельніка геапалітычнага мерапрыемства. Але трэба разумець, што гэта ўсё пачаў ён», — кажа Бясьсьмертны.
Ён дадаў, што ў гэтыя працэсы таксама ўпісваецца і дэклярацыя, падпісаная ў Гаване паміж патрыярхам Кірылам і Папам Рымскім.
«Я больш хвалююся за тое, што не за гарамі канфлікт на мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй. Сытуацыя вельмі складаная», — падкрэсьліў былы амбасадар Украіны ў Беларусі.