Пасяджэньне ў Менску пройдзе напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў краін нармандзкай чацьвёркі ў Парыжы, заплянаванай на 3 сакавіка. Менавіта ў Парыжы, паводле словаў прэс-сакратара прадстаўніка Ўкраіны на перамовах Леаніда Кучмы Дар’і Оліфэр, павінны быць разгледжаны ключавыя рашэньні ў палітычных пытаньнях, пытаньнях бясьпекі, а таксама ў гуманітарных аспэктах.
Міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што сустрэча нармандзкай чацьвёркі на ўзроўні міністраў замежных спраў у Парыжы 3 сакавіка стане ключавой. Ён чакае, што на ёй будуць засьведчаны пэўныя посьпехі.
«Да цяперашняга моманту ў Менску абмяркоўваліся толькі мадальнасьці выбараў. Ні пра які законапраект у Менску размовы не было», — заявіў напярэдадні 5 каналу прадстаўнік Украіны ў працоўнай падгрупе па палітычных пытаньнях Раман Бясьсьмертны.
Ён адзначыў, што пазыцыя прадстаўнікоў палітычнай падгрупы за сталом перамоваў адносна выбараў на акупаваных тэрыторыях застаецца нязьменнай:
«Толькі пасьля гэтага можна актыўна працаваць над дакумэнтам адносна выбараў на акупаваных тэрыторыях, які можна растлумачыць украінскім парлямэнтарыям: чаму яны павінны за яго галасаваць. І гэтая лёгіка вытрыманая і ў выступе міністра замежных спраў Нямеччыны спадара Штайнмаера, гэтая лёгіка ўчора гучала на адкрыцьці ўкраінскага тыдня ў Эўрапарлямэнце, і яна прагучала ў тым ліку і ва ўчорашняй заяве дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў і віцэ-прэзыдэнта», — сказаў Бясьсьмертны.
Раман Бясьсьмертны адзначыў, што ўкраінскі бок прапанаваў на менскіх перамовах парытэтны прынцып падыходу да вырашэньня пытаньняў па правядзеньні выбараў на акупаванай частцы Данбасу. Ён таксама сказаў, што іншыя палітычныя пытаньні — імунітэту, амністыі, пэрспэктывы статусу рэгіёну — застаюцца ўбаку.
Сёньня, як чакаецца, у Менску падпішуць дзьве дамовы ў мэтах урэгуляваньня сытуацыі на Данбасе. Пра гэта заявіў паўнамоцны прадстаўнік Расеі ў кантактнай групе па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе Барыс Грызлоў:
«Першае пагадненьне тычыцца абазначэньня і агароджваньня зон, дзе разьмініраваньне яшчэ не прайшло», — заявіў Грызлоў па выніках пасяджэньня працоўнай групы.
Другое пагадненьне, удакладніў ён, будзе пра забарону вучэбных стрэлаў у 15-кілямэтровай зоне ад лініі разьмежаваньня. Ён сказаў: «Вядома, што такія стрэлы часта правакуюць агонь з другога боку, асабліва ў начны час».
Папярэдняе пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы адбылося 24 лютага.