«Іскандэры», «С-400», стратэгічныя бамбавікі «ТУ-95», дальнія ракетаносцы-бамбавікі «ТУ-22 М3» — Расея ўжо другі год накіроўвае на парад у Менск сваю вайсковую тэхніку. «Гэта ня толькі дэманстрацыя сілы, але і адпрацоўка перакідваньня ў Беларусь расейскіх частак і падразьдзяленьняў, — кажа вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін. — Да ўкраінскіх падзеяў такога не было».
Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што ў сёлетнім парадзе возьме ўдзел «рэкордная колькасьць расейскай тэхнікі».
Для ўдзелу ў сёлетнім парадзе 9 траўня Расея, сярод іншага, накіравала ў Менск вайскоўцаў 234-га Гвардзейскага Чарнаморскага дэсантна-штурмавога палку імя Аляксандра Неўскага і 76-й Гвардзейскай Чарнігаўскай дэсантна-штурмавой дывізіі. Вайскоўцы абодвух фармаваньняў удзельнічалі ў першай і другой чачэнскіх войнах. А так званыя «пскоўскія дэсантнікі» з 76-й дывізіі ў 2014-м выконвалі «спэцыяльныя заданьні» ў Крыме.
У жніўні 2014 году Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла, што «пскоўскія дэсантнікі» знаходзяцца ў Луганскай вобласьці. Расейскія СМІ паведамлялі, што на працягу баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны 1-я рота 76-й пскоўскай дывізіі была цалкам зьнішчаная. Журналісты нават знайшлі таямнічыя пахаваньні на пскоўскіх могілках. Пракуратура Расеі называла гібель «пскоўскіх дэсантнікаў» дзяржаўнай таямніцай і паведаміла, што яны загінулі «ня ў месцах пастаяннай дысьлякацыі».
Вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін кажа, што ва ўдзеле вайскоўцаў паветрана-дэсантных войскаў у парадзе ня варта шукаць нечага надзвычайнага.
«Любыя часткі і падразьдзяленьні „засьвечаныя“ ў нейкіх канфліктах, — кажа ён. — Паветрана-дэсантныя войскі да нядаўняга часу былі адзінымі баяздольнымі часткамі ў расейскім войску. Гэта так званы „рэзэрв прэзыдэнта“. Найбольш падрыхтаваныя, прафэсійныя. Па антрапалягічных якасьцях — спрэс атлеты. Вядома, кожная краіна хоча паказаць на парадзе годных прадстаўнікоў свайго войска. І нашы дэсантнікі таксама ўдзельнічаюць у парадзе ў Маскве».
(Беларусь накіравала ў Маскву вайскоўцаў 5-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня).
Нашмат важнейшы, лічыць Алесін, удзел у парадзе расейскай вайсковай тэхнікі. Летась на парадзе 3 ліпеня па менскіх вуліцах ужо езьдзілі расейскія «Іскандэры», «С-400», прысутнічала вялікая група авіяцыі.
«У гэтым годзе — і расейскія танкі, і БТР, стратэгічныя бамбавікі «ТУ-95», дальнія бамбавікі «ТУ-22 М3», — пералічвае Алесін.
Чаму ўжо два гады запар да нас накіроўваецца баявая тэхніка, сярод якой патэнцыйныя носьбіты ядзернай зброі? — задаецца пытаньнем экспэрт.
Паводле Алесіна, грунтоўная прысутнасьць расейскага ўзбраеньня на менскім парадзе — гэта дэманстрацыя сілы, выпад у бок НАТО і адказ на вучэньні, якія адбываюцца ў краінах Балтыі.
«Расея паказвае, што ў выпадку абвастрэньня сытуацыі з НАТО на беларускія аэрадромы могуць быць перабазаваныя бамбавікі, у тым ліку дальнія. Могуць быць перакінутыя аб’яднаньні вайсковай тэхнікі, у тым ліку самай сучаснай, — падводзіць вынік Алесь. — Я б разглядаў гэта як адпрацоўку перакідваньня сюды расейскіх часьцей і падразьдзяленьняў».
Хто і як прымаў рашэньне, якую расейскую тэхніку накіроўваць на парад у Менск, Радыё Свабода высьветліць не ўдалося. На гэтае пытаньне прэс-сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Уладзімер Макараў адказаў так:
«Нашы стасункі з Расейскай Фэдэрацыяй у вайскова-тэхнічнай сфэры адпавядаюць стасункам, якія павінны быць паміж брацкімі народамі. Так было, ёсьць і будзе».