Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лепш сьвяткаваць, чым не сьвяткаваць». Як праваслаўныя беларусы замежжа адзначаюць Раство


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Раскінула выбухам нас па зямлі» — сьпявае Лявон Вольскі пра беларусаў, якія вымушана апынуліся ў эміграцыі. Дзе ім адзначаць рэлігійныя сьвяты ў краінах, у якіх няма храмаў і суполак іх канфэсій?

«У нас у сям’і падвойнае сьвята»

Беларуска Алена (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля іх бясьпекі — РС) тры гады жыве ў Аджарыі, Батумі. Грузія — праваслаўная краіна. Але ў Батумі ёсьць і касьцёл, і мячэць, і пратэстанцкія цэрквы, расказвае яна.

«Для мяне вельмі важна, калі супадае вера ў краіне, у якой жывеш, з тваім веравызнаньнем. Я, як усе беларусы, і 25 сьнежня лічу Нараджэньнем Хрыстовым, але заўсёды мая сям’я ў Беларусі сьвяткавала Раство менавіта 7 студзеня. І я працягваю гэту традыцыю ў Грузіі», — кажа спадарыня Алена.

За тры гады, якія яна жыве ў Батумі, жанчына заўважыла, што грузіны маюць вельмі трапяткое стаўленьне да рэлігійных сьвятаў і адзначаюць літаральна ўсе. Нават 19 студзеня, на Вадохрышча, у Грузіі афіцыйны выходны. Сёлета, праўда, ён прыпадае на нядзелю. Раство Алена будзе адзначаць і ў царкве, і дома, зь дзецьмі і сябрамі.

«Мы жывём побач з праваслаўным саборам. Праўда, раней тут быў касьцёл, але праваслаўныя яго „адціснулі“. Вядома, мы будзем сьвяткаваць паводле старога стылю, 7 студзеня. Да таго ж у мяне яшчэ такая асабістая гісторыя, я нарадзіла старэйшую дачку ў пярэдадзень Раства, 6 студзеня, як толькі першая зорачка ўзышла. Так што ў нас двайное сьвята — Нараджэньне Хрыста і дзень нараджэньня дачушкі.

Зразумела, тут ня знойдзеш храма, дзе служба вядзецца па-беларуску ці па-расейску. Але гэтага і ня трэба. Тут цэрквы такія намоленыя, што ты прыходзіш — і адчуваеш Божы Дух», — кажа яна.

Сьвяткаваньне Новага году ў Грузіі, ілюстрацыйнае фота
Сьвяткаваньне Новага году ў Грузіі, ілюстрацыйнае фота

Алена кажа, што ўжо ведае і чыста грузінскія традыцыі. На стары Новы год грузіны спальваюць чычылакі, драўляныя «ялінкі», зробленыя з арэхавай палачкі, зь белымі стужкамі-габлюшкамі. Гэты «дрэўцы» ўпрыгожваюць калядны стол, а пасьля іх неабходна спаліць у пэрыяд паміж Раством і Вадохрышчам, і зь імі грузіны спальваюць усё тое дрэннае, што было ў мінулым годзе.

Дзьве царквы ва Ўроцлаве

Беларуска Арына апынулася ў польскім Уроцлаве. У Беларусі жыла з бацькамі ў невялікім мястэчку пад Менскам, дзе былі і царква, і касьцёл. Яна кажа, што зь дзяцінства разам бабуляй і бацькамі на ўсе сьвяты хадзіла ў царкву.

«Раніцай на Вялікдзень мы з мамай яшчэ зьбіраемся, прыгожа прыбіраемся, а тата кажа: „Дзяўчаты, хутчэй, суседзі ўжо з кошыкамі пайшлі ў царкву яйкі і паскі сьвяціць. Зноў мы бузем апошнія!“. Калі я пераехала ў Польшчу, асьцерагалася, што гэта каталіцкая краіна і тут ня будзе праваслаўнага храма. Высьветлілася, што ва Ўроцлаве два вялікія праваслаўныя храмы: сабор у гонар Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы і царква Сьвятых Кірылы і Мятода. Тут вельмі шмат праваслаўных украінцаў, ёсьць і беларусы. Калі Вялікдзень ці Раство — на службе процьма народу», — расказвае Арына.

Сьвяточная ялінка ў Варшаве, Польшча
Сьвяточная ялінка ў Варшаве, Польшча

Дзяўчына шмат падарожнічае па Польшчы. Наведала праваслаўныя храмы ў Кракаве, Варшаве, Познані. Асабліва была ўражаная катэдральныым саборам у гонар Яна Хрысьціцеля ў Торуні.

«Гэта надзвычай прыгожая, вытанчаная цагляная царква ў маім улюбёным гатычным стылі, яна захавалася з XIV стагодзьдзя. А ў маім мястэчку храм даволі новы, яго пабудавалі гадоў 30-40 назад. Торунскі старадаўні храм знаходзіцца на беразе Віслы, відовішча проста цудоўнае! Мару зноў туды паехаць на Вялікдзень, увесну», — прызнаецца беларуска.

Каталікі ў праваслаўнай парафіі

Сьвятар Георгі Рой, настаяцель беларускай праваслаўнай парафіі Канстантынопальскага патрыярхату ў Вільні, расказаў, што праваслаўная грамада ўжо адзначыла Раство паводле новаюльянскага календара, 25 сьнежня. А ўсяго ў сталіцы Літвы чатыры беларускія грамады: каталіцкая — у касьцёле Сьвятога Барталямэя; грэка-каталіцкая, якая зьбіраецца на набажэнствы ў Траецкай царкве ў Базыльянскіх мурах; пратэстанцкая грамада і праваслаўная грамада Канстантынопальскага патрыярхату.

Сьвятар Георгі Рой
Сьвятар Георгі Рой

«Да нас у праваслаўную парафію заходзяць і каталікі — і на службу, і проста папіць гарбаты, кавы пасьля набажэнства. Некаторыя нашы парафіяне пабылі на дзьвюх службах: спачатку ў нас, а потым пайшлі да сьвятога Барталямэя, бо ў кагосьці сям’я зьмяшаная, праваслаўна-каталіцкая, а ў кагосьці сябры. Як па мне, гэта проста цудоўна, я гэтаму вельмі радуюся!»

«Хрыстос нарадзіўся ня толькі для каталікоў ці для праваслаўных — ён для ўсіх нас нарадзіўся! І калі няма тваёй царквы, няма грамады тваёй традыцыі, усходнехрысьціянскай, трэба далучацца да радасьці і сьвяткаваньня той хрысьціянскай грамады, якая ёсьць», — кажа сьвятар Георгі Рой.

А што рабіць беларусам, якіх раскідала па ўсім сьвеце, і яны апынуліся ў Гішпаніі, Аргентыне ды іншых краінаў, дзе цяжка знайсьці праваслаўны прыход? Ці можна пайсьці, да прыкладу, у касьцёл на сьвяткаваньне Раства? Сьвятар Георгі Рой на гэта пытаньне адказаў так:

«Вядома, можна. Лепш сьвяткаваць, чым не сьвяткаваць. Яшчэ з ХХ стагодзьдзя, калі былі ганеньні на цэрквы, паміж Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі было такое пагадненьне, што вернікі адной і другой царквы могуць прыходзіць на набажэнствы ў іншую, калі тваёй царквы няма, тваёй грамады няма. Можна прыходзіць у цэрквы іншых канфэсій, далучацца і да Таямніц, і да сьвяткаваньня. Гэта, мабыць, і добра: бо нам, беларусам, трэба ўсё ж такі працаваць на пераадоленьне розных супярэчнасьцяў — і рэлігійных, канфэсійных у тым ліку. Зразумела, мы стараемся захаваць сваю традыцыю, але гэта цудоўна і добра, калі мы жывём у міры, у згодзе, ва ўзаемапавазе», — перакананы Георгі Рой.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG