У расейскіх мэдыях працягваецца кампанія вакол рашэньня Аляксандра Лукашэнкі не прысутнічаць на парадзе ў Маскве 9 траўня. Ілюстрацыяй да яе стаў матэрыял вядомага адмыслоўца па Беларусі Андрэя Суздальцава, надрукаваны на ягоным сайце politoboz.com, а потым перадрукаваны парталам «Белорусский партизан».
Артыкул называецца «Януковіч-2». Галоўны сэнс абвінавачваньня на адрас кіраўніка Беларусі палягае ў тым, што ён, маўляў, здраднік, жыве на расейскія датацыі, а глядзіць на Захад. І тут аўтар параўноўвае Лукашэнку зь Януковічам, які, нібыта, рабіў тое ж самае і ў выніку дрэнна скончыў.
Галоўнае тлумачэньне рашэньня беларускага лідэра не прысутнічаць на парадзе Перамогі ў сталіцы РФ, паводле аўтара, палягае ў наступным:
«Адмову ад візыту ў Маскву 9 траўня, у сваю чаргу, можна лічыць своеасаблівай купляй квітка на саміт „Усходняга партнэрства“, які будзе праходзіць у Рызе літаральна праз пару тыдняў пасьля 9 траўня. Зразумела, што ў выпадку, калі б Аляксандар Лукашэнка наведаў Парад перамогі ў расейскай сталіцы, то ён наўрад ці мог чакаць зычлівага прыёму ў сталіцы Латвіі».
Але справа ў тым, што Аляксандар Лукашэнка на саміт у Рыгу таксама не паедзе. Новым судом над Міколам Статкевічам, ціскам на іншых палітвязьняў ён, фактычна, сам закрыў сабе шлях у латвійскую сталіцу. Таму галоўны аргумэнт Андрэя Суздальцава выглядае нявартым.
Яшчэ адна недакладнасьць. Аўтар піша:
«Кажа, што 9 траўня заняты сваім сьвятам, у Беларусі... Сьцьвярджае, што і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прапісана, што ён павінен у якасьці Галоўнакамандуючага (крыху забаўна гучыць у кантэксьце асобы А. Лукашэнкі) прымаць парад у беларускай сталіцы, што, аднак, не перашкодзіла яму прысутнічаць на маскоўскім парадзе 9 мая 2005 году. Дзесяць гадоў таму Канстытуцыя не перашкаджала?»
Гэта ня так. Дзесяць гадоў таму, у 2005 годзе, падчас сьвяткаваньня 60-годзьдзя Перамогі Аляксандар Лукашэнка ня быў на парадзе ў Маскве 9 траўня. Тады зь лідэраў постсавецкіх дзяржаў на афіцыйных імпрэзах у расейскай сталіцы не прысутнічалі прэзыдэнты Эстоніі, Літвы, Грузіі. Аляксандар Лукашэнка быў там 8 траўня на саміце СНД, сустрэўся з вэтэранамі і 9 траўня вярнуўся ў Менск. Менавіта так ён плянуе рабіць і цяпер. (Дарэчы, у беларускіх мэдыях гэтая памылка таксама масава тыражуецца, журналісты лянуюцца спраўдзіць факты).
Хацеў бы зьвярнуць увагу на яшчэ адзін характэрны пасаж аўтара. Ён піша:
«Па Краснай плошчы будуць маршыраваць сербы. Гэтаму балканскаму народу ёсьць за што быць удзячным Расеі. Але ў Менску так ня лічаць... А варта было б успомніць, што ня Менск Маскву вызваляў, а якраз наадварот. Але для некаторых дзеячаў беларускай эліты і беларускай палітычнай клясы смачна пляваць у калодзеж зьяўляецца ня проста традыцыяй, а хутчэй правілам жыцьця».
Па-першае, беларускія вайскоўцы таксама будуць удзельнічаць у парадзе на Краснай плошчы ў Маскве 9 траўня. Па-другое, тэзіс, што ў 1944 годзе Масква вызваляла Менск, гучыць недарэчна. Сталіцу БССР вызваляла Чырвоная армія, у якой служылі прадстаўнікі ўсіх народаў СССР, у тым ліку і беларусы.
Па-трэцяе, калі ўжо сёньняшняя Расея прысабечвае ролю вызваліцеля Беларусі ад фашыстоўскай Нямеччыны, то ўзьнікае натуральнае пытаньне: а навошта ж здавалі Беларусь фашыстам?
ЭЗ прыцягвае сваім станоўчым вобразам, эўрапейскімі каштоўнасьцямі, узроўнем жыцьця, сацыяльным і палітычным ладам… А Расея чым?
Увогуле, калі паглядзець на беларускую гісторыю ў шырэйшым кантэксьце, хаця б у абсягу двух апошніх стагодзьдзяў, то варта задумацца вось пра што. Пасьля падзелу Рэчы Паспалітай у канцы ХVIII стагодзьдзя Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. Здавалася б, вялікая і моцная ў вайсковым сэнсе дзяржава павінна была забясьпечыць змучаным і зьнясіленым няспыннымі войнамі беларусам мір, спакой, гарантыю ад вонкавай агрэсіі. Але насамрэч усё аказалася ня так. Ва ўсіх войнах Расеі з эўрапейскімі краінамі імпэрыя не магла абараніць гэтую тэрыторыю, беларусы цярпелі беды ад вайны, як і раней. У 1812 годзе войска Напалеона прайшло празь Беларусь як нож скрозь масла, потым вярталася назад, рабуючы мясцовых жыхароў. У Першую ўсясьветную вайну фронт тры гады праходзіў празь Беларусь, дзелячы яе тэрыторыю амаль папалам. Потым Заходняя Беларусь апынулася ў складзе Польшчы. І ў Другую ўсясьветную вайну праз чатыры дні ад яе пачатку немцы былі ў Менску, беларусы зазналі тры гады акупацыі. Дык нашто такія абаронцы?!
І апошняе. Ва ўсіх сваіх артыкулах Андрэй Суздальцаў папракае Аляксандра Лукашэнку, Беларусь увогуле ва ўтрыманстве. Маўляў, жывяце на расейскія датацыі, ды яшчэ маеце нейкія прэтэнзіі.
Але чым яшчэ Расея можа прывязваць да сябе суседнія краіны? ЭЗ прыцягвае сваім станоўчым вобразам, эўрапейскімі каштоўнасьцямі, узроўнем жыцьця, сацыяльным і палітычным ладам, гарантыяй правоў чалавека, ідэяй прававой дзяржавы і шмат чым іншым. А Расея чым? Імпэрскай фанабэрыстасьцю ды грубай сілай? Але гэта не прыцягвае, а адштурхоўвае суседзяў. Як толькі сіла аслабла ў 1991 годзе, то ўсе саюзьнікі разьбегліся. Ці мітам пра нейкую асаблівую расейскую духоўнасьць, якую суседзям цяжка ідэнтыфікаваць? Наадварот, Расея пужае страшэннай карупцыяй, бязладзьдзем, бяспраўем грамадзян перад уладай і інш. Дык нічога і не застаецца, як купляць ляяльнасьць суседзяў з дапамогай субсыдыяў, ільготаў, датацыяў. Але гэта — пакуль ёсьць грошы.