Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніхто не забыты?


Улады з размахам адзначаюць гадавіну Перамогі. Вялікія сродкі выдаткоўваюцца на парад, сьвяточнае аздабленьне вуліц, рамонт мэмарыялаў. Тым часам многія пахаваньні ўдзельнікаў вайны занепадаюць. Абэліскі з савецкай сымболікай над магіламі былых салдат застаюцца забытымі.

На гарадзкіх кладах у Магілёве магілаў з савецкай атрыбутыкай няшмат, і збольшага такія пахаваньні не дагледжаныя і занядбаныя. Праржавелыя, даўно не фарбаваныя жалезныя абэліскі паволі зарастаюць кустоўем. Чырвоныя некалі зоркі на іх сталі рудымі ад іржы. На сёлетнюю Радаўніцу бальшыню гэтых магілаў не наведвалі. Ні вянка на іх, ні кветкі. Наўрад ці пра іх згадаюць і на гадавіну Перамогі.

Пра забыцьцё такіх пахаваньняў гутару зь дзьвюма кабетамі, якія прыйшлі адведаць магілу свайго бацькі на Петрапаўлаўскія могілкі Магілёва. Жанчыны кажуць, што некалі надгробкаў з зоркамі тут было шмат, але пакрысе сваякі памерлых пазамянялі іх на іншыя — без савецкай атрыбутыкі.

«Цяпер жа ўлада іншая», — тлумачаць суразмоўніцы.

«Некалі тут хавалі вайскоўцаў. Непадалёк быў аэрадром. Потым немцы захапілі ўсё. І тут дужа многа пахавана герояў, таму іх магілы адрозьніваліся зоркай. Яны падказвалі, што тут пахаваны вышэйшы чалавек. Тады ўлада трымалася камунізму. Цяпер жа на большасьці магіл ставяць крыжы альбо невялікія помнікі», — тлумачаць кабеты.

На Петрапаўлаўскіх кладах, што непадалёк ад мэмарыялу ахвярам канцлягеру, адшукаў некалькі абэліскаў з савецкай атрыбутыкай. Два зь іх прыцягнулі ўвагу сваімі маштабамі.

Першы — мармуровы, з чырвонай зоркай на агароджы, — на магіле лётчыка, які загінуў, як пазначана на надпісе, падчас выпрабаваньня самалёта ў 1938 годзе. Верх помніка з зоркай ляжыць адбіты пад ацалелай часткай. Магіла абмеценая, але па ўсім відаць, што яе даўно не наведвалі.

Магіла лётчыка, які загінуў
Магіла лётчыка, які загінуў

«Ды каму ён цяпер патрэбны? Ягоных бацькоў цяпер няма, і магілка ягоная нікому ня нада», — рэагуе адна з кабет на заўвагу пра занядбанасьць магілы лётчыка.

«Яны былі ў той час героямі, — зазначае жанчына. — Цяпер яны хто? Скажы вось нашым маладым, што тут герой ляжыць. Яны адкажуць: «А што я яго ведаю?».

Адбітая верхняя частка помніка з зоркай побач з ацалелай
Адбітая верхняя частка помніка з зоркай побач з ацалелай

Пярэчу суразмоўніцы: «Ну як жа? Надыходзіць гадавіна Перамогі, столькі ўсяго рыхтуецца, а вы кажаце, што не героі?».

Яна нібы і пагаджаецца, аднак застаецца пры сваёй думцы, якую падтрымлівае і ейная сяброўка.

«Так, вядома ж, рыхтуюцца, — адказвае яна. — А ці ёсьць цяпер піянэры? А камсамольцы ці ёсьць? Мой тата пад крыжам ляжыць. Ён ня быў камуністам, а быў проста кухарам. Я цяпер стары чалавек і таксама пад крыжам лягу».

Яшчэ адзін помнік з савецкай сымболікай на Петрапаўлаўскіх могілках. Каму яго паставілі, невядома
Яшчэ адзін помнік з савецкай сымболікай на Петрапаўлаўскіх могілках. Каму яго паставілі, невядома

Наступны абэліск — мураваны, з мармуровай стэлаю — таксама забыты. Каму ён пастаўлены, прачытаць цяжка. Тынк адвальваецца. На мармуровай частцы — зорка, а на тынкаванай — серп і молат. Лаўлю сябе на думцы, што гэта брацкая магіла.

Непадалёк яшчэ адна магілка, абэліск на якой таксама з зоркай. Пахаваньне шчыльна зарасло кустоўем. Празь яго не прачытаць, хто пахаваны.

Схаваны ў кустоўі абэліск з зоркаю
Схаваны ў кустоўі абэліск з зоркаю

У той частцы могілак, дзе хавалі вайскоўцаў, абэліскаў з зоркамі амаль не засталося. На бэтонных надгробках без аніякай сымболікі толькі па фатаздымках можна пазнаць, што пахаваны вайсковец.

«Чаму на магілах удзельнікаў вайны, для якіх нібыта савецкая атрыбутыка павінна быць дужа дарагой, цяпер ня ставяць помнікаў зь ёю?», — пытаюся ў мінакоў ля Петрапаўлаўскіх могілак.

«Гэта рашэньне сваякоў. Для нябожчыка ўсё роўна, што будзе на ягонай магіле», — адрэагаваў адзін зь першых апытаных.

Яшчэ адзін заўважыў, што зоркі павінны заставацца на тых пахаваньнях, якія не на могілках.

«На могілках жа павінны быць крыжы. Савецкае — яно мінулася, а крыж вечны», — давёў сваю пазыцыю мужчына.

Маладая жанчына, выслухаўшы пытаньне, сказала, што савецкая ўлада — гэта памылка, як і яе атрыбутыка. «На магіле павінен быць крыж», — упэўнена заяўляе маладзіца.

«Мая бабуля расказвала: як бы людзей ні перасьледавала савецкая ўлада, усё адно дзяцей хрысьцілі на печках, усё роўна верылі і маліліся. Каб ацалець, рабілі выгляд, што вераць савецкай уладзе. Аднак людзі верылі ў іншае, таму і на магіле павінен быць крыж».

Сіратлівая магіла адважнай падпольшчыцы Аверкавай
Сіратлівая магіла адважнай падпольшчыцы Аверкавай

«Савецкая атрыбутыка не прайшла выпрабаваньня часам», — разважае яшчэ адзін мінак.

«Савецкая сымболіка ў нас была ўсяго семдзесят гадоў. Гэта нязначны прамежак часу. Калі б дзьвесьце ці трыста, тады б нешта мо і зьявілася. Чаму людзі ў царкву ходзяць — каб сябе нейкім чынам на тым сьвеце вызначыць».

Ніводзін зь мінакоў не адказаў на пытаньне: «Чаму, калі на магілах савецкая сымболіка амаль зьнікла, у жыцьці яна ніяк ня можа зьвесьціся і яе актыўна выкарыстоўваюць?»

У падобным занядбаным стане магілы з савецкай сымболікай і на іншых гарадзкіх могілках.

Занядбаны помнік з зоркаю на Каталіцкіх могілках Магілёва
Занядбаны помнік з зоркаю на Каталіцкіх могілках Магілёва

Напрыклад на каталіцкіх кладах, непадалёк ад магілы паэта Аляксея Пысіна, адшукаў пахаваньне, на абэліску якога напісана, што тут спачывае адважная падпольшчыца. На магіле даўно прынесеная выцьвілая штучная кветка — знак таго, што яе некалі адведвалі.

Магіла вайскоўца на Каталіцкіх могілках. Бяз зоркі, занядбаная
Магіла вайскоўца на Каталіцкіх могілках. Бяз зоркі, занядбаная

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG