Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прывядзе танны газ да эканамічных рэформаў?


Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка паведаміў, што днямі будзе падпісаны трохгадовы кантракт на пастаўку расейскага газу ў Беларусь. Цана складзе 155 даляраў за тысячу кубамэтраў. Чаму Беларусі ўдалося безь вялікага шуму і дыскусіяў дамовіцца на такую льготную цану? Чаму гэты кошт вызначаецца ў далярах, а не ў расейскіх рублях, курс якіх істотна падае? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба.

— Звычайна вызначэньне цаны на газ суправаджалася моцнымі дыскусіямі, палітычнай барацьбой паміж прадстаўнікамі Беларусі й Расеі. Але апошнія гады гэта праходзіць даволі спакойна і амаль бесканфліктна. Вось цяпер аб’явілі, што цана будзе 155 даляраў. Ці можна гэта лічыць посьпехам беларускага боку, і калі так, то чаму ён быў дасягнуты?

— Я лічу, што тут галоўным стаў зьнешні чыньнік, а менавіта — хуткае падзеньне ўсясьветных цэнаў на нафту. Цэны на газ залежаць ад цаны на нафту, але там часовы лаг трошкі большы. І цэны на газ зьніжаюцца крыху пазьней пасьля падзеньня коштаў на нафту. Таму ў беларускага боку зьявіўся моцны аргумэнт на перамовах наконт таго, што Расея павінна зьнізіць цану на газ. Што Масква і вымушаная была зрабіць.

— Зараз курс расейскага рубля падае вельмі моцна. І гэта вельмі аслабіла прыбыткі беларускіх экспартэраў, якія прадаюць сваю прадукцыю ў Расею за расейскія рублі. Але цана за газ зноў вызначана ў далярах. А можа быць, расейскі рубель працягне яшчэ падаць — і атрымаецца, што гэтая цана будзе выглядаць заніжанай?

— Увесь час гучаць прапановы ў рамках Мытнага саюзу перайсьці на разьлікі ў нацыянальнай валюце, фактычна ў расейскіх рублях. Мясьніковіч паведаміў, што каля 80 працэнтаў за наш харчовы экспарт мы атрымліваем у расейскіх рублях. Але я ня думаў ніколі, што Расея пагодзіцца, каб вы разьлічваліся за газ і нафту ў яе ж валюце. І аказалася, што я меў рацыю. Цана вызначана ў далярах.

— Беларусь сярод іншых краінаў атрымлівае, бадай, самы танны расейскі газ. Гэта можна разглядаць як яшчэ адзін шанец нарэшце пачаць структурныя рэформы ў дастаткова спрыяльных цэнавых умовах? Ці выкарыстае белаурскае кіраніцтва гэты шанец?

— Ня выкарыстае. Па-першае, так, газ патаньнеў, але нас у наступным годзе чакае шмат іншых цяжкасьцяў. У сувязі з падзеньнем расейскага рубля ў нас памяншаецца экспарт у Расею. Пад цяжарам падзеньня цэнаў на нафту, санкцыяў расейскі рынак будзе памяншацца і купляць усё менш нашай прадукцыі. Гэтыя і іншыя чыньнікі закрэсьліваюць магчымасьць радыкальных рэформаў, нават калі б беларускія ўлады хацелі іх рабіць.

Але галоўнае — беларускія ўлады ня хочуць рабіць эканамічныя рэформы. Такая прырода нашай аўтарытарнай мадэлі эканомікі. Ніякіх рэформаў яна ня ў стане рабіць, бо рэформы будуць азначаць паступовы канец гэтай мадэлі. А на гэта ўлада ня пойдзе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG