Вяртаньне да праекту газаправода «Паўднёвы паток» ня будзе, ён закрыты. Пра гэта заявіў кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер.
«Усе, праект закрыты», — адказаў Мілер на пытаньне журналістаў аб тым, ці будзе нейкае канчатковае рашэньне па гэтым газаправодзе.
«З улікам пазыцыі Эўракамісіі, якая не спрыяе рэалізацыі гэтага праекта, з улікам таго, што мы да гэтага часу не атрымалі дазволу Баўгарыі, мы лічым, што Расея ў гэтых умовах ня можа працягваць рэалізацыю гэтага праекта», — адзначыў Аляксей Мілер, якога цытуе агенцтва «РИА Новости».
Раней, 1 сьнежня, у часе візыту ў Анкару, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што Расея ня можа працягваць рэалізацыю «Паўднёвага патоку» з-за пазыцыі Баўгарыі. Пуцін абвінаваціў Баўгарыю ў тым, што яна не паводзіць сябе, як сувэрэнная дзяржава і заявіў, што ад прыпыненьня гэтага праекту яна губляе значныя сродкі.
У траўні ўрад Баўгарыі заявіў, што замарожвае сваю частку будаўніцтва расейскага праекта «Паўднёвы паток», які павінен быў пастаўляць расейскі газ па дне Чорнага мора праз Балканы ў Эўразьвяз, да разгляду спрэчных момантаў гэтага кантракта ў Эўракамісіі.
Аўстрыйская энэргетычная кампанія OMV і расейскі «Газпром» падпісалі кантракт на будаўніцтва аўстрыйскай часткі трубаправода «Паўднёвы паток», які павінен пастаўляць прыродны газ у Эўропу ў абход Украіны. Вугоршчына таксама заявіла, што будзе будаваць сваю частку «Паўднёвага патоку».
Раней Эўракамісія заклікала краіны ЭЗ супрацьстаяць ціску Расеі ў пытаньні будаўніцтва «Паўднёвага патоку». Яна, у прыватнасьці, заявіла, што кантракт Баўгарыі з «Газпромам» падпісаны з парушэньнем эўрапейскіх правілаў канкурэнцыі ў энэргетыцы.