Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюджэт-2015: час сплачваць даўгі


На разьвіцьцё навукі ў праекце бюджэту Беларусі на 2015 год заплянавана амаль у восем разоў меней грошай, чым на падтрымку аграрыяў. Выдаткі на ахову здароўя і адукацыю параўнальна зь сёлетнім годам падвышаюцца меней чым на адзін працэнт. Экспэрты кажуць, што ў абедзьвюх гэтых галінах рэальнага падвышэньня ня будзе наагул, паколькі заплянаваную прыбаўку цалкам паглыне інфляцыя.

Міністар фінансаў Уладзімер Амарын сказаў дэпутатам, што самы галоўны прыярытэт бюджэту Беларусі на наступны год — разьлік з замежнымі і ўнутранымі крэдыторамі. У 2015 годзе ім трэба будзе вярнуць тры мільярды даляраў. Гэтую суму спадар Амарын назваў «пікавымі выплатамі».

Спатрэбіцца ня тры, а нават чатыры мільярды даляраў, — удакладняе былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч:

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

«Крэдытаў для вяртаньня ў нас на тры мільярды. Але неабходныя яшчэ грошы на абслугоўваньне іншых пазыкаў. А гэта яшчэ мільярд даляраў. Таму трэба мець у наступным годзе чатыры мільярды, каб пагасіць зьнешнюю запазычанасьць. Гэта значная сума.

Я думаю, што ўрад найхутчэй будзе рэфінансаваць зьнешнюю запазычанасьць. Але ён, мабыць, ня бачыць, дзе можна ўзяць новыя крэдыты. У Расеі становішча пагоршылася. Няма надзеі на Міжнародны валютны фонд, таму што няма жаданьня рэфармаваць эканоміку».

Няма надзеі на Міжнародны валютны фонд, таму што няма жаданьня рэфармаваць эканоміку

Амарын назваў крыніцы атрыманьня толькі двух мільярдаў даляраў. Гэта грошы, якія Беларусі аддае Расея ў якасьці кампэнсацыі за страты пры падатковым нафтавым манэўры, а таксама за сырую нафту, якая здабываецца на тэрыторыі Беларусі. Абсалютна ўсе гэтыя сродкі пойдуць выключна на пагашэньне зьнешніх пазыкаў, як заявіў міністар фінансаў.

Падобна, што папаўненьне бюджэту будзе робіцца і за кошт насельніцтва краіны. Так, падаходны падатак плянуецца павялічыць з 12 да 13 працэнтаў. Будзе павялічаны памер падатку на доступ аўтасродкаў да дарожнага руху — ад 1 да 2 базавых велічыняў па розных пазыцыях.

«Гэтага я не магу зразумець», — гаворыць прафэсар Багданкевіч, падкрэсьліваючы, што праект новага бюджэту традыцыйна для Беларусі ад часоў прэм’ера Кебіча вярстаецца з прафіцытам:

«Калі плянуецца прафіцыт (перавышэньне прыбытку над выдаткамі), дык скарачайце падаткі. Гэта дапаможа ажывіць эканоміку. Каб яе ажывіць, ёсьць цэлы шэраг пэўных захадаў. І на першым месцы тут — зьніжэньне падаткаў».

Міністар фінансаў Амарын сказаў, што ў бюджэце 2015 году закладзены рост валавога ўнутранага прадукту — 0,5%. «Гэта абсалютна нерэальна», — лічыць кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Нашы ўлады ня могуць сказаць, што ў 2015 годзе эканоміка ўпадзе, таму што гэта — прэзыдэнцкі год. Таму яны і „малююць“ рост ад 0,2 да 0,7%. А я мяркую, гледзячы як разьвіваецца сытуацыя, найперш на расейскім і ўкраінскім рынках, ніякага росту ня будзе, а будзе падзеньне ВУП мінімум на 5%, а то і на 7%. Так што рэалістычнасьці ў гэтым бюджэце столькі ж, колькі яе было ў папярэдніх трох».

Міністар Уладзімер Амарын сказаў журналістам, што бюджэт на наступны год зьвярстаны з разьліку таго, што сярэднегадавы кошт аднаго барэля нафты будзе складаць 83 даляры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG