Крызіс у расейскай эканоміцы, а разам з гэтым — і ў эканоміцы Беларусі, будзе паглыбляцца, але гэта не падштурхне ўлады дзьвюх краінаў да неабходных лібэральных рэформаў.
Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказалі экспэрты.
Расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін лічыць: сытуацыя ў эканоміцы Расеі сёньня надзвычай скалажаная — што б цяпер ні стала рабіць расейская ўладная эліта, гэта будзе або позна (у выпадку правядзеньня рэформаў), або дрэнна (у выпадку «закручваньня гаек»).
Цяпер можна канстатаваць, што рэальныя даходы расейскага насельніцтва будуць паступова зьніжацца, у сувязі з чым улады павялічаць ціск на прыватны бізнэс, які ў адказ на гэта стане сыходзіць у цень. Але потым уладам усё роўна давядзецца шукаць дадатковыя крыніцы даходаў.
«Гэта прадказальны рух па рэйках вяртаньня да савецкай сыстэмы прамога мэнэджмэнту. Усё гэта дастаткова добра вядома беларускай публіцы, таму што Беларусь са сваім лідэрам таксама ідзе ад перамогі да перамогі, хаця сярэдні даход жыхара Латвіі — 1100 эўра, а жыхара Беларусі — 400 эўра ў месяц. І гэта нягледзячы на вялікія радовішчы калійных соляў, значную зьніжку на нафта-газавыя рэсурсы. Атрымліваецца, што ў мірным, квітнеючым вэртыкальным сьвеце Расеі і Беларусі працоўныя зарабляюць у 2-2,5 разы менш, чым у жахлівых, загніваючых суседніх краінах, якія пайшлі па лібэральным шляху разьвіцьця», — адзначае расейскі экспэрт.
Атрымліваецца, што ў мірным, квітнеючым вэртыкальным сьвеце Расеі і Беларусі працоўныя зарабляюць у 2-2,5 разы менш, чым у жахлівых, загніваючых суседніх краінах, якія пайшлі па лібэральным шляху разьвіцьця
Як кажа Арэшкін, нават калі Крэмль вырашыць правесьці разумныя лібэральныя эканамічныя рэформы, то пазытыўных вынікаў ад іх трэба будзе чакаць 3-4 гады. А на дадзеным этапе гэта не палепшыць сытуацыю, а толькі прывядзе да аслабленьня пазыцыяў уладаў, што Крэмль задаволіць ня можа.
«Таму больш зразумела, што, замест таго, каб сур’ёзна лячыць эканоміку і адпаведна памяншаць свае паўнамоцтвы ў эканамічным працэсе, сёньняшняя расейская ўлада будзе імкнуцца выціснуць рэшткі тлушчу, які яшчэ захаваўся пад скурай прыватнага бізнэсу. Гэта зрабіць, па-першае, прасьцей, па-другое, хутчэй і, па-трэцяе, гэта адпавядае інтарэсам тых людзей, якія сёньня кантралююць палітычныя працэсы. Трэба быць вельмі самаадданым і цьвёрдым чалавекам, каб зрабіць тое, што насамрэч трэба. Прасьцей нарабаваць напрыканцы пабольш, а далей — як-небудзь. Падобна на тое, што „як-небудзь“ ужо надыходзіць. Выйсьця я ня бачу. Я бачу гістэрыкі, „закручваньне гаек“, нагнятаньне міжнароднай напружанасьці для таго, каб зваліць правалы сёньняшняй улады на нейкіх амэрыканскіх зламысьнікаў. Няма іншых альтэрнатыўных спосабаў растлумачыць людзям, чаму Расея паднялася з калень, а жыць у ёй стала значна горш», — падкрэсьлівае палітоляг.
Пры гэтым Арэшкін адзначае, што пакуль усур’ёз эканамічныя праблемы расейскіх грамадзян не зачапілі, яны па-сапраўднаму пачнуць адчувацца толькі ўвесну.
«Пакуль народ хутчэй зьдзіўляецца, чым абураецца. Думаю, што гэты настрой даволі хутка пяройдзе ад зьдзіўленьня да абурэньня, і народ будзе шукаць вінаватых. І вось тут трэба будзе падставіць кагосьці пад справядлівы народны гнеў: знайсьці ворагаў народа, шкоднікаў, сабатажнікаў, амэрыканскіх дывэрсантаў. Праблемы пачнуцца вясной і менавіта вясной, хутчэй за ўсё, будзе разгорнуты каток рэпрэсіяў», — лічыць Арэшкін.
Крах расейскай эканомікі пацягне за сабой і эканоміку Беларусі, ВУП якой «прама ці ўскосна напалову залежыць ад Расеі», як заявіў міністар эканомікі Мікалай Снапкоў. Але да лібэральных рэформаў Беларусь гэта таксама не падштурхне.
Беларускі палітоляг Юры Чавусаў прагназуе, што ў эканоміцы Беларусі будзе адбывацца «закручваньне гаек» (разнастайныя крокі па павышэньні дысцыпліны, узмацненьні кантролю і г.д.), што дазволіць уладам праводзіць шматлікія непапулярныя меры ва ўмовах крызісу.
Чавусаў адзначае, што ўлады працягнуць курс на скарачэньне сацыяльных гарантыяў для насельніцтва, пра што ўжо і так неаднаразова абвяшчалася.
«Да якой ступені гэты курс дойдзе, залежыць ад такога нявызначанага фактару, як зьнешнеэканамічныя ўмовы беларускай народнай гаспадаркі. Гэты фактар палягае ў тым, што мы ня ведаем, да якой ступені дойдзе рэцэсія ў расейскай эканоміцы, і ўвогуле — ў якім накірунку пойдзе разьвіцьцё эканомікі нашага галоўнага эканамічнага партнэра. Магчыма, што вялікі расейскі крызіс, калі ён сапраўды будзе доўгатэрміновым, можа пацягнуць за сабой і беларускую эканоміку, і адпаведна галоўнай задачай стане выратаваньне беларускай эканомікі, адцягваньне яе ад расейскай», — кажа Чавусаў.
Палітоляг адзначае, што ў Беларусі, відавочна, будзе працягнута дзяржаўная лінія на стварэньне больш спрыяльных умоваў для бізнэсу, але гэтая палітыка па-ранейшаму будзе праводзіцца толькі ў той ступені, у якой гэта не супярэчыць інтарэсам уладаў.
«Зразумела, улады тут маюць вялікую задачу таксама ня страціць кантроль за эканомікай. Гэта значыць, што пры паляпшэньні ўмоваў для вядзеньня бізнэсу, такія рэчы, як прыватызацыя або буйныя інвэстыцыі ў прамысловыя аб’екты, — яны ўсё роўна адбываюцца пад кантролем прэзыдэнта, і тут вялікае значэньне маюць і нефармальныя ўгоды», — падкрэсьлівае палітоляг.