Сацыёлягі апыталі 1000 рэспандэнтаў рознага веку і з розных рэгіёнаў пражываньня. Выявілася, што мастацкую літаратуру хоць бы раз на месяц чытаюць каля 58% беларусаў. Колькасьць рэспандэнтаў, якія ў прынцыпе не чытаюць кніг — ні мастацкіх, ні навукова-папулярных ці дакумэнтальных, — складае каля 19%.
Пытаньне «На якой мове вы чытаеце мастацкую літаратуру?» давала магчымасьць выбару некалькіх варыянтаў. 99,4% рэспандэнтаў назвалі расейскую, 27,7% — расейскую і беларускую мовы. На пытаньне «Літаратуры на якой мове вы аддаяце перавагу?» 93,7% адказалі — «на расейскай», і толькі 5% — «на беларускай мове».
Адказваючы на пытаньне «Якіх сучасных беларускіх пісьменьнікаў вы ведаеце?», большасьць апытаных не змаглі назваць хоць якога імя.
Ацэньваючы дзейнасьць дзяржавы ў справе разьвіцьця культуры чытаньня, траціна рэспандэнтаў адзначыла, што дзяржава робіць недастаткова і ёй варта ўзмацніць сваю падтрымку ў гэтым пытаньні.
Саюз беларускіх пісьменьнікаў па выніках гэтага апытаньня зладзіў круглы стол, куды запрасіў прадстаўнікоў Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, іншых дзяржаўных установаў. Адгукнуліся толькі Нацыянальны інстытут адукацыі і «Белкніга».
Мінкульт, Мінінфарм, Нацыянальная бібліятэка ды іншыя запрашэньне пісьменьнікаў праігнаравалі, распавёў старшыня творчага саюзу Барыс Пятровіч:
«Было даволі зацікаўленае абмеркаваньне вынікаў. І мы вырашылі прыняць нейкае агульнае рашэньне. Прынялі высновы і прапановы да розных міністэрстваў. І сёньня мы даслалі гэтыя высновы і прапановы з надзеяй, што чыноўнікам таксама баліць за сытуацыю зь беларускай мовай і літаратурай у нашай краіне. І яны прыслухаюцца да нашых прапаноў, як палепшыць сытуацыю з выкладаньнем і вывучэньнем беларускай мовы і з прапагандай і папулярызацыяй беларускай літаратуры».
Прапановы Міністэрству адукацыі:
— павялічыць колькасьць гадзін выкладаньня беларускай літаратуры і мовы ў школе;
— перагледзець школьныя і ўнівэрсытэцкія праграмы па беларускай літаратуры і мове, зрабіць іх больш разнастайнымі, актуальнымі, сучаснымі і цікавымі для навучэнцаў-чытачоў у адпаведнасьці зь іхнім узростам;
— зьмяніць мэтодыкі выкладаньня беларускай літаратуры ў школах;
— павялічыць колькасьць беларускамоўных садкоў і груп у садках, колькасьць беларускамоўных школаў і гімназіяў;
— стварыць цалкам беларускамоўную вышэйшую навучальную ўстанову;
— забясьпечыць пісьменьнікам, незалежна ад іх сяброўства ў творчых арганізацыях, роўны доступ да правядзеньня сустрэчаў з чытачамі ў навучальных установах краіны.
Прапановы Міністэрству інфармацыі:
— павялічыць колькасьць беларускамоўных перадач з удзелам сучасных беларускіх літаратараў на тэлеканалах, а таксама перадач, прысьвечаных кніжным навінкам; увесьці ці аднавіць рубрыкі ў газэтах, на радыё і тэлебачаньні;
— забясьпечыць роўны доступ да сеткі кніжнага гандлю і бібліятэк для дзяржаўных і недзяржаўных выдавецтваў;
— аднавіць кніжныя аддзелы ў крамах буйных мястэчак і гарадоў;
— выйсьці з хадайніцтвам да Савету міністраў аб істотным зьмяншэньні падаткаў на выраб і продаж кніжнай прадукцыі кнігавыдаўцоў у Беларусі.
Прапановы Міністэрству культуры:
— забясьпечыць пісьменьнікам, незалежна ад іх сяброўства ў творчых арганізацыях, роўны доступ да правядзеньня сустрэчаў з чытачамі ў бібліятэках краіны;
— выйсьці з хадайніцтвам да Савету Міністраў аб зьмяншэньні арэнднай платы для кнігарняў і прызнаньні кнігарняў установамі культуры, а ня пунктамі гандлю.