Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь якой глебы расьце наш літаратурны сад?


Малюнак Напалеона Орды
Малюнак Напалеона Орды

Беларуская літаратура стваралася на падставе вусна-паэтычнай спадчыны, калькавала ўсе яе ідэйна-эстэтычныя сэнсы і зьместы, усю «праўду і крыўду» падзяляла як сваю. Працяглы час яна выдатна маскіравалася пад народныя казаньні і песьні, не жадаючы сабе нічога большага.

Калі карыстацца тэрміналёгіяй амэрыканскага дасьледчыка Р. Браўна, які падзяляў «высокую» і «масавую» літаратуру па прынцыпу «вынаходлівасьці» (invention) і «прадказальнасьці» (convention), дык можна сьцьвярджаць, што беларуская літаратура канца XIX-га — пачатка XX стагодзьдзя, ад Ф. Багушэвіча і да пісьменьнікаў-«нашаніўцаў», была цалкам прадказальнай, вытлумачальнай. Межы чытацкай аўдыторыі, яе густы і ўяўленьні аб сьвеце і мастацкай творчасьці, былі і межамі самой літаратуры. Нашы першыя паэты, празаікі і драматургі пачуваліся як рыбы ў вадзе народнай стыхіі. Ня дзіва, што маладое слоўнае мастацтва адразу зрабілася папулярным, масавым. О, такія творы хацеў чуць беларускі народ — ён быў іх сааўтарам, ён пазнаваў тут самога сябе, і тое цешыла самалюбства!

Зь цягам часу, і гэта заўважна ў творчасьці сяброў літаб’яднаньняў «Маладняк» і «Ўзвышша», у беларускай літаратуры паболела вынаходніцтва, «штукарства»; мастацкае мысьленьне пісьменьнікаў усё часьцей пераадольвала межы звыклай акваторыі.

Аднак беларуская іnvention зусім ня мела намеру распачаць супрацьстаяньне з convention альбо засьведчыць уласную мастацкую незалежнасьць, скласьці маніфэст. К. Чорны, Ю. Віцьбіч, Л. Калюга, дзесяткі іншых літаратараў-«штукароў», якія ладзілі разнастайныя экспэрымэнты ва ўласнай творчасьці, працягвалі заставацца масавымі пісьменьнікамі. Сыны свайго народу, бязьмежна ўдзячныя бацькоўскай зямлі, яны зусім не імкнуліся тварыць на самоце іншы, адметны вобраз сьвету, пасярод якога б ўзьнімалася «Вежа са слановай косткі», апісаная Г. Флябэрам. Мастацтва дзеля мастацтва іх насамрэч не цікавіла — ніхто не зьбіраўся прысьвячаць гэтаму жыцьцё.

У адрозьненьне ад М. Багдановіча, які «шукаў матэматычна правільнага і вернага спосабу ацэны твораў і прыйшоў да вываду, што такі спосаб можна знайсьці, калі разлажыць твор на паасобныя абразы, звароты і словы» (В. Ластоўскі), «маладнякоўцы» і «ўзвышаўцы» пры ўсім сваім непадабенстве мелі намер і далей працаваць у рэчышчы народнай літаратуры. Тут, у звыклых вобразах і красках, было знаёмае здаровае жыцьцё, сапраўдная элітарнасьць.

Што важна, ад чытача па-ранейшаму не патрабавалася спэцыяльнай настройкі, своеасаблівай разумовай працы, гэтак неабходнай для ўспрыняцьця «высокай» літаратуры. Аніякага «саду сьцежак, якія разыходзяцца» збудавана не было — навошта ён, калі ёсьць звыклыя сьцежкі-дарожкі, агульныя для ўсіх думкі?

Ішоў час, але элітарнасьці беларуская літаратура не прыдбала, толькі што індывідуалізму крыху ў ёй паболела і новых тэмаў: вайна, НТР, вёска-горад, радыяцыя etc. Invention і convention па-ранейшаму анічога ня значылі ў беларускай літаратурнай прасторы 50-80-х гадоў. Мастацкія экспэрымэнты праводзіліся толькі зрэдчасу, абрываць творы на самым цікавым месцы альбо апісваць неперарыўнасць паркаў масава ніхто не імкнуўся — і не з-за таго, што камуністыя прэсінгавалі мастакоў, прымушаючы іх шыхтавацца на пляцу сацыялістычнага рэалізму, а таму што найперш самі творцы прагнулі еднасьці з нацыянальнай літаратурна-мастацкай традыцыяй. У. Караткевіч, І. Пташнікаў, М. Стральцоў і інш. — усе яны былі «масавымі» пісьменьнікамі і добрымі нашчадкамі школы «старых майстроў». Іх тэксты разумелі вяскоўцы і гараджане, дворнікі і настаўнікі, шараговыя службоўцы і партыйныя бонзы, такія як П. Машэраў. Гэта была па-ранейшаму народная творчасьць ад імя народа ў звыклых формах з яснымі пасланьнямі.

Калі ж СССР сканаў і Беларусь атрымала незалежнасьць, то здавалася, быццам пераважная большасьць беларускіх пісьменьнікаў, у першую чаргу пакаленьне Y, зоймецца вырашэньнем чыста мастацкіх, інтэлектуальна-філязофскіх задачаў, будоўляй Вежы са слановай косткі па прыкладу мастакоў з іншых краінаў сьвету. Здавалася, што нарэшце будуць расстаўлены ўсе кропкі над «і»: Алесь Разанаў як тып мастака і прыклад літаратурнай вынаходлівасьці будзе не адзін у полі воін; Івана Шамякіна нарэшце прылюдна назавуць бэлетрыстам альбо пагодзяцца, узважыўшы, што А. Глобус — не беларускі Дж. Сэлінджэр, як пасьпяшаўся абвесьціць аб тым часопіс «ARCHE», а літаратурны поп-арт, і г. д.

Многае мусіла адбыцца ў беларускай літаратуры, якую ў далёкім 1913-м В. Ластоўскі прапаноўваў «мерыць меркай эўрапейскай», і ці хапіла б тут адных грамадзкіх ініцыятываў — «Тутэйшых» дый бразганьня ў тазікі? А потым, зусім хутка, здарылася непапраўнае: замест Вежы са слановай косткі паўсталі Кардыльеры новых іерархіяў і эталёнаў.

Новыя горы вырасьлі за лічаныя гады ва ўмовах адсутнасьці нацыянальных палітычных і культурных элітаў, адукацыйных і навуковых інстытуцыяў, свабоднага камэрцыйнага рынку, гібеньня літаратурнай крытыкі на пэрыфэрыі літпрацэсу, страты чытацкай увагі etc. Карыстаючыся спрыяльным момантам, хітрыя гандляры, мэнэджэры і мастакі-кан’юнктуршчыкі абвясьцілі найноўшае «апазыцыйнае» мастацтва не проста высокаякасным, а «элітарным», паставілі ўсе грошы здабытых грантаў на invention, зусім не зьбіраючыся ствараць «новую» літаратуру. «И задом наперед, совсем наоборот» — у грамадзтве без рэфлексіі толькі так і бывае.

Ад новай літаратурнай парадыгмы ў людзей ужо «разруха в головах»; юрлівае і вынаходлівае мастацтва не для ўсіх бярэ верх, а нашыя нешматлікія чытачы душацца, але чытаюць тыя графаманскія пошлыя кнігі — «нечто без формы, тени без цвета, мышцы без силы, жест без движенья».

Прыйшоў час абвясьціць бой ілжывай «высокай» літаратуры, якая быццам 3D-праекцыя паўстала замест нястворанай у Беларусі Вежы са слановай косткі. Час прызнацца найперш самім сабе і давесьці да ведама іншых, што сonvention — беларускі ідэйна-эстэтычны канон, тая глеба, з якой расьце наш літаратурны вішнёвы сад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG