23 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь беларускімі пісьменьнікамі, у тым ліку і зь незалежнымі. У ліку запрошаных былі старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч і старшыня Беларускага Саюзу пісьменьнікаў Барыс Пятровіч. Зь незалежнымі літаратарамі кіраўнік дзяржавы да гэтага сустракаўся толькі ў 1998 годзе. Не прайшло і 16 гадоў, як спадароў Хадановіча і Пятровіча ня толькі запрасілі, але і далі выступіць і выказацца пра набалелае.
Сустрэча доўжылася больш за тры гадзіны — амаль на паўтары гадзіны болей за адведзены час.
Як і падчас першай сустрэчы з Радай адзінага тады Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, якая адбылася ў 1998 годзе, кіраўнік дзяржавы выказаў зьдзіўленьне, чаму ў Беларусі так і не зьявіліся сучасныя «Вайна і мір» і «Паднятая цаліна».
Гэтым разам узгадаў Лукашэнка і клясыкаў беларускай літаратуры Купалу і Коласа, Багдановіча і Мележа, Караткевіча і Быкава. Падкрэсьліў, што няма цяпер цэнзуры і самацэнзуры, але ўпікнуў, да чаго прывяла свабода:
«Аднак свабода не спарадзіла і вялікай літаратуры, а прывяла да расколу пісьменьніцкай супольнасьці. Што гэта — тупік? Альбо ў вас ёсьць надзея на аднаўленьне адзінага творчага поля?»
Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч і старшыня Беларускага Саюзу пісьменьнікаў Барыс Пятровіч распавялі, што калі атрымалі запрашэньне на сустрэчу, паставілі ўмову — каб ім далі магчымасьць няхай і ляканічна, але сказаць пра тое, што набалела, што чапляе за нэрвы, безь перабіваньня і жорсткай мадэрацыі выказацца і пачуць адказы. Арганізатары паабяцалі, і абяцаньне было выкананае. Андрэй Хадановіч накідаў некалькі тэзісаў:
«Чорны сьпіс і ягоны далейшы лёс, цэнзура і самацэнзура, няроўныя ўмовы існаваньня пісьменьнікаў з праўладнага Саюзу і незалежнага. Мне было цікава, калі непажаданыя раней імёны пачнуць зьяўляцца ў афіцыйных мэдыях, на сустрэчах з чытачамі, у плянах і навінках выдавецтваў і на паліцах дзяржаўных кнігарняў».
Другая група пытаньняў тычылася незалежных беларускіх выдавецтваў і перашкодаў, якія ім чыняцца. Спадар Хадановіч пацікавіўся лёсам кнігарні «Галіяфы», а таксама лёсам выдавецкай ліцэнзіі Ігара Логвінава і тым, калі яе нарэшце вернуць. І прадэманстраваў кіраўніку дзяржавы два экзэмпляры кніжнай прадукцыі выдавецтва Ігара Логвінава — кнігі нобэлеўскіх ляўрэатаў Чэслава Мілаша і Віславы Шымборскай. Кнігі пакінуў бібліятэцы кіраўніка дзяржавы, і апошні паабяцаў іх уважліва прачытаць.
Дарэчы, падарыў Лукашэнку кніжны фаліянт і прафэсар Адам Мальдзіс, заўважыўшы, што каласы ў афармленьні павернутыя на ўсход — і ці не пара перагледзець вэктар нашых цікавасьцяў?
Што да пытаньня пра лёс выдавецтва «логвінаЎ», Андрэй Хадановіч кажа:
«Зразумела, на мае пытаньні кароткія рэплікі зрабілі і спадарыня Ананіч (міністар інфармацыі), і спадар Чаргінец (старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі), матывуючы абвінавачаньнямі ў экстрэмізьме. Тут суразмоўнікі не пагадзіліся, яны лічаць, што ёсьць за што забіраць у Логвінава ліцэнзію. Ну, гэта іх пазыцыя».
Старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барысу Пятровічу падалося вельмі важным, каб размова ішла ня толькі пра літаратуру. Ён прывёў вынікі апытаньня: калі 3 гады таму 14% рэспандэнтаў чыталі па-беларуску, то цяпер — толькі 5%:
«Важным было б, каб у нас зьявілася як мага больш школ, дзе вядзецца навучаньне па-беларуску па ўсіх прадметах — і фізыцы, і хіміі, і геаграфіі. І ня менш важна, каб у дзяцей, якія вучацца па-беларуску, потым была магчымасьць далей працягваць навучаньне па-беларуску ў ВНУ. На жаль, сёньня Беларусь, бадай, адзіная краіна ў сьвеце, дзе б не выкладаліся ўсе прадметы на мове тытульнай нацыі. Гэта адначасова клопат і пра літаратуру, таму што нашы будучыя чытачы і нашы будучыя аўтары сёньня вучацца ў школе».
Карэспандэнтка: «А як вам падалося, вас пачулі, вас слухалі?»
«Я магу толькі спадзявацца, што гэтыя словы былі пачутыя. Таму што ў залі былі і міністры, і прадстаўнікі СМІ».
Андрэй Хадановіч спытаўся і пра набалелае — пра перакладчыцкую працу. Ён па-добраму зайздросьціць краінам-суседкам, дзе ёсьць папяровыя часопісы, прысьвечаныя замежнай літаратуры, і пацікавіўся, ці не насьпеў час арганізаваць штосьці падобнае ў Беларусі:
Я быў прыемна шакаваны, атрымаўшы ў адказ на пяціхвіліннае запытаньне паўтарагадзінны разгорнуты адказ па ўсіх пунктах
«Я быў прыемна шакаваны, атрымаўшы ў адказ на пяціхвіліннае запытаньне паўтарагадзінны разгорнуты адказ па ўсіх пунктах. Гэта ня значыць, што думкі суразмоўнікаў супадалі,гэта ня значыць, што я пачуў нешта прыемнае, гэта ня значыць, што хтосьці паабяцаў, што заўтра ўсім абражаным выдавецтвам вернуць ліцэнзіі, усе імёны непажаданых у афіцыйных мэдыях пісьменьнікаў вернуцца».
На пытаньне, як адрэагаваў Лукашэнка на прэтэнзіі незалежных літаратараў, ці задаволеныя прадстаўнікі недзяржаўнага Саюзу пісьменьнікаў сустрэчай, ці былі яны пачутыя, Андрэй Хадановіч адказаў так:
«Адказаў па поўнай праграме. Але без „размазваньня па сьценцы“ суразмоўніка, які не пра тое нешта спытаўся. Было адчуваньне, што кіраўнік дзяржавы пачуў пытаньні, штосьці сабе занатаваў, адказаў па ўсіх пунктах. Не магу сказаць, што я прымаю гэтую аргумэнтацыю, што мне ўсе адказы падабаюцца. Але мне падалося, што кіраўніку дзяржавы ўдалося паказаць у пляне іміджу, у пляне вобразу жаданьне быць аб’ектыўным. На ўзроўні жаданьня такое назіралася».
Андрэй Хадановіч распавёў таксама, што Лукашэнка ўжываў у размове беларускую мову. Некалькі фірмовых падколак апанэнтаў было, але разам з тым было некалі беларускамоўных пасажаў проста ў пазытыўным ключы.
Лукашэнка запэўніў, што можа вольна і спакойна перайсьці на беларускую мову, і для гэтага яму трэба дзьве гадзіны паразмаўляць на ёй з суразмоўцам.