Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Псалмы Давіда выйшлі ў беларускім перакладзе айца Надсана


а. Аляксандар Надсан
а. Аляксандар Надсан

Сёньня ў Менску прэзэнтуюць кнігу «Выбранае» айца Аляксандра Надсана. Упершыню творы айца Аляксандра сабраныя ў адной кнізе.

28 кастрычніка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук адбудзецца прэзэнтацыя кнігі выбраных твораў айца Аляксандра Надсана.

Кніга выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор». Да імпрэзы ў бібліятэцы арганізаваная выстава «Слухай, неба, і пачуй, зямля: з нагоды выданьня збору твораў а. Аляксандра Надсана».

Напярэдадні прэзэнтацыі Радыё Свабода пагутарыла з аўтарам кнігі, а таксама з укладальніцай і аўтаркай камэнтароў Ірынай Багдановіч.

Айцец Надсан: «Мая мара — выдаць усе „Псалмы“ асобнай кніжкай»

Аляксандар Надсан пра прэзэнтацыю сваёй кнігі «Выбранае» ў Менску даведаўся ад Радыё Свабода. Ён быў вельмі крануты і ўзрушаны, найперш выказаў цёплыя словы падзякі Ірыне Багдановіч:

«Ірына — вельмі добрая рэдактарка, проста клясная! Я цалкам давяраў ёй, яе ведам, досьведу, літаратурнаму густу. І кніга, на маю думку, атрымалася нядрэнная. На жаль, я ўжо ня маю той ранейшай энэргіі, каб прыехаць у Менск на імпрэзу — мне ўжо 88 гадоў.

Вельмі цешуся, што ў кнігу ўвайшла частка перакладзеных мною на беларускую мову „Псалмоў“, яны друкуюцца ўпершыню. Мая мара — выдаць усе паўтары сотні „Псалмоў“ па-беларуску».

Ірына Багдановіч: «У творах Надсана агульначалавечыя пытаньні быцьця, хрысьціянскага быцьця, ну і, канечне, Беларусь»

Ірына Багдановіч
Ірына Багдановіч

— Спадарыня Ірына, я прагледзела бібліяграфію твораў айца Аляксандра Надсана. У асноўным кнігі яго выходзілі ў Лёндане. У Менску — няшмат: штосьці ў Бібліятэцы «Беларускага гістарычнага агляду», у выдавецтве «Тэхналёгія». Гэта першы такі грунтоўны збор твораў, выдадзены ў Беларусі?

— Так, гэта першы збор твораў айца Аляксандра, сабраны ў адной кнізе. Вядома, гэта ня поўнае выданьне, мы не маглі ўмясьціць усіх працаў айца Аляксандра. Але, на маю думку, галоўныя ягоныя творы, якія адлюстроўваюць беларускае рэлігійнае пісьменства, гісторыка-культурныя падзеі Беларусі, постаці рэлігійных дзеячаў, ягоныя казаньні, пасланьні пастырскія, пераклады, то бок рознабаковы спэктар дзейнасьці айца Аляксандра — літаратурны, публіцыстычны, сьвятарскі — прадстаўлены на сёньняшні дзень найбольш поўна. Бо творчасьць айца Надсана раскіданая па розных выданьнях, па пэрыёдыцы. Так, у Беларусі выходзілі творы ў бібліятэцы «Беларускага гістарычнага агляду», выходзіла асобна кніга, прысьвечаная біскупу Чэславу Сіповічу. Але ў новым выданьні мы стараліся падаць асобу Надсана як духоўнага пісьменьніка, сьвятара, творы якога скіраваныя да ўсіх нас, да людзей сьвету, якія цікавяцца гісторыяй, культурай беларусаў як прадстаўнікоў эўрапейскай супольнасьці. Бо ў яго працах закранаюцца агульначалавечыя пытаньні быцьця, хрысьціянскага быцьця, ну і, вядома, Беларусь, беларусы ў сьвеце, іх няпросты шлях у гісторыі і да сучаснасьці. Вядома, мне як укладальніцы хацелася ўсё зьмясьціць, але гэта немагчыма з-за абмежаванага аб’ёму кнігі.

Зьлева направа: Міхась Булыга, Браніслаў Курага-Скрага, Франціш Бартуль, а. Часлаў Сіповіч, Аляксандар Надсан, Павал Асіповіч, Павал Навара, Янка Мазура, Міхась Баяроўскі. Лёндан. 1952 год
Зьлева направа: Міхась Булыга, Браніслаў Курага-Скрага, Франціш Бартуль, а. Часлаў Сіповіч, Аляксандар Надсан, Павал Асіповіч, Павал Навара, Янка Мазура, Міхась Баяроўскі. Лёндан. 1952 год

— Колькі часу прайшло ад нараджэньня ідэі да яе ўвасабленьня? І ці цяжка было працаваць над кнігай?

— Ідэя ў мяне нарадзілася два гады таму. Але я даволі доўга зьбіралася з думкамі, рыхтавалася, і паступова ў маёй галаве ўжо склалася канцэпцыя. А шчыльна працаваць я пачала з Новага году. Месяцы чатыры ўкладала, пару месяцаў працавала з выдавецтвам. І вось ужо кніга выйшла.

Я пералапаціла ўсё, што ёсьць у беларускіх бібліятэках. Дзякуй Богу, тут ёсьць поўны камплект часопіса «Божым шляхам», гэта яшчэ айцец Аляксандар перадаў у дар Цэнтральнай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук, шмат выданьняў я маю ва ўласнай бібліятэцы. Ну, і перагарнула ўсё, што ёсьць у бібліятэках краіны. Я адабрала творы, склала плян, каб гэта ўсё не хаатычна было прадстаўлена, а сыстэмна, у пэўных разьдзелах. Напрыклад, «Беларускае рэлігійнае пісьменства. Творы і постаці», «Скарыназнаўства», «Беларуская кніжная культура», «Кнігазнаўства», «Беларускае рэлігійнае і культурнае жыцьцё. Гісторыя і асобы» — вялікі разьдзел, прысьвечаны дзеячам беларускага духоўнага і культурнага адраджэньня, «Малітвы, казаньні і пастырскія пасланьні», «Пераклады».

Прадмову да кнігі напісала літаратуразнаўца, дасьледчыца Лідзія Савік, якая сябруе з айцом Аляксандрам, шмат працавала ў Лёндане. А завяршае кнігу верш «Ісьціме...» Рыгора Барадуліна, прысьвечаны айцу Аляксандру.

Рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі айцец Аляксандр Надсан, архіўнае фота
Рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі айцец Аляксандр Надсан, архіўнае фота

— А ці раіліся вы з самім айцом Аляксандрам Надсанам, ці ўзгаднялі нешта, ці падтрымлівалі, так бы мовіць, творча-працоўныя кантакты?

— Так, канечне. Па-першае, я не магла пачаць гэтую справу без блаславеньня айца Аляксандра. А сама ідэя стварыць такую кнігу ў мяне ўзьнікла яшчэ два гады таму. Я патэлефанавала айцу Аляксандру ў Лёндан. Ён паставіўся да маёй прапановы вельмі лагодна, блаславіў. Я памятаю ягоную параду наконт кнігі «Сьвяты Кірыла Тураўскі». Кніга вытрымала тры выданьні, была надрукаваная ў беларускім часопісе «Спадчына», і айцец Аляксандар параіў, каб мы ўключылі менавіта трэцяе выданьне, і нават даслаў зь Лёндану асобнічак.

Многае зьбіралася па пэрыёдыцы. Мне давялося перагарнуць усе нумары часопіса «Божым шляхам», адабраць найбольш цікавыя артыкулы, прысьвечаныя старадаўняму беларускаму рэлігійнаму пісьменству, скарыназнаўству, дзейнасьці бібліятэкі імя Францыска Скарыны ў Лёндане. Шмат артыкулаў прысьвечана дзейнасьці беларускай паваеннай эміграцыі, найперш станаўленьню беларускага духавенства ў Эўропе — як гэта адбывалася пасьля вайны ў Рыме, Лёндане, як зьяўляліся місіі ў розных краінах Эўропы. Гэта вельмі важныя вехі жыцьця беларусаў, і мы даведваемся пра гэта менавіта з працаў айца Аляксандра. Хацелася, каб усё гэта, сабранае разам, давала такое ўяўленьне і досьвед сучаснаму беларусу.

Я даведалася, што Надсан завяршыў працу над перакладам псалмоў Давіда, і папрасіла дазволу ў айца Аляксандра ўключыць іх у кнігу. Так што ўпершыню ў ёй надрукаваныя крыху больш за 20 псалмоў (хоць іх усяго 150, з-за абмежаванага аб’ёму мы не маглі ўключыць больш).

— То бок псалмы Давіда друкуюцца па-беларуску ўпершыню ў перакладзе Надсана?

— Так. Выбраныя псалмы. Але я спадзяюся, што зьявіцца і поўнае выданьне псалмоў Давіда ў перакладзе айца Аляксандра Надсана. Гэта вельмі тонкі, вельмі дакладны пераклад на сучасную беларускую мову.

— На каго разьлічана выданьне?

— Вядома, кніга разьлічаная на чытача падрыхтаванага, хаця б у пэўнай ступені. Найперш — на сучасную беларускую культурную эліту, на людзей, якім не чужыя такія зьявы, як нацыянальнае адраджэньне, беларускасьць, беларуская мова. Хоць, я думаю, кожнаму чалавеку, душа якога павернутая да беларускай гісторыі, культуры, мовы, будзе штосьці цікавае ў гэтай кнізе. Напрыклад, пастырскія пасланьні айца Аляксандра на Каляды, на Божае Нараджэньне, на іншыя сьвяты, малітвы. Мы зьмясьцілі ў кнізе арыгінальныя малітвы Францыска Скарыны ў перакладзе айца Надсана — гэта малітва «Імю Іісусаваму» і «Малітва да найсьвяцейшай Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі з пакорным і скрушлівым сэрцам». Мне здаецца гэтымі малітвамі можна і сёньня маліцца. Увогуле, кола чытачоў можа быць даволі шырокае«.

Прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Надсана «Выбранае» адбудзецца 28 кастрычніка а 16-й гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтар, пакой 110).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG