Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У які бок паляцяць беларускія ракеты?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ці зможа Беларусь самастойна вырабляць баявыя ракеты і як на такі праект адрэагуе Расея?

Аляксандар Лукашэнка чарговым разам загаварыў пра неабходнасьць вырабляць у Беларусі ўласную сучасную зброю, у тым ліку высокадакладную, якая можа ўжывацца на вялікай адлегласьці.

«Ніхто ня дасьць нам і не прадасьць нават за вялікія грошы тое, што нам сёньня патрэбна — пэрспэктыўныя віды ўзбраеньня. Вы бачыце гэта на прыкладзе нашай суседкі Ўкраіны», — заявіў кіраўнік Беларусі 23 верасьня, зьвяртаючыся да ўдзельнікаў нарады па пытаньнях распрацоўкі і вырабу пэрспэктыўных узораў узбраеньня.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Як мяркуе незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін, найперш гаворка вядзецца пра ракетнае узбраеньне, якім можна як дааснасьціць беларускае войска, так і пасьпяхова гандляваць на сусьветным рынку ўзбраеньняў. Гэта цалкам па сілах беларускаму ваенпраму пры каапэрацыі з замежнымі фірмамі, найперш украінскімі, дзе даўно выпускаюць ракетную зброю, мяркуе экспэрт.

«Калі тэхналёгіі і адмыслоўцаў прывезьці з Украіны, то цалкам магчыма наладзіць вытворчасьць тут і ракет. Мне здаецца, гэта ня больш складана, чым выраб сыстэмаў радыёлякацыйнай барацьбы і гэтак далей. Уся справа ў „ноў-хаў“ і ў спэцыялістах. А як пішуць украінскія крыніцы, беларусы там ужо вывучаюць глебу. Наведваюць прадпрыемствы, прыглядаюцца да тэхналёгіяў. Найперш тыя прадпрыемствы, якія вырабляюць ракеты. Вядомае СКБ „Южнае“ па заданьні мінабароны Ўкраіны распрацоўвала ракетны комплекс, аналягічны „Іскандэру“. Праўда, летась фінансаваньне закрылі: грошы, як звычайна, раскралі, а выніку не далі, і тагачасны міністар абароны Лебедзеў вырашыў, што тое, што зрабілі ягоныя папярэднікі, — дрэннае, ды закрыў праект. Але ёсьць дадзеныя, што напрацоўкі там на такой стадыі, калі імі можна цалкам скарыстацца. Гэта можа зрабіць і Беларусь. У нас ёсьць шмат камплектуючых, якія могуць стаць добрым унёскам у стварэньне такой сыстэмы. Гэта сыстэмы кіраваньня, радыёлякацыі, электронна-вылічальнае начыньне, нават кампазытныя матэрыялы — шмат чаго свайго ёсьць. Мяркую, калі не з нуля ўсё рабіць, дык найбольш навукаёмістыя вузлы рабіць тут — дзеля гэтага хапае і плошчаў, і людзей».

Як пішуць украінскія крыніцы, беларусы там ужо вывучаюць глебу. Наведваюць прадпрыемствы, прыглядаюцца да тэхналёгіяў

Паводле Аляксандра Алесіна, таксама ў Беларусі можа быць наладжана вытворчасьць ракет сярэдняй дальнасьці для зэнітна-ракетных комплексаў. «Ракетабудаўніцтва — гэта найперш порахі, хімія і сыстэмы кіраваньня. Для вырабу сыстэм кіраваньня можна задзейнічаць шмат пляцовак, якія прастойваюць, у тым ліку на „Інтэграле“, а для вытворчасьці порахавых рухавікоў можна выкарыстаць нейкі хімічны завод, іх у Беларусі таксама дастаткова», — мяркуе экспэрт.

Аляксандар Алесін прагназуе, што беларускія ракеты будуць карыстацца вялікім попытам у краінах Азіі і ў арабскім сьвеце, дзе пад уплывам падзей у Іраку і Сырыі падвысілася патрэба ў сродках супрацьпаветранай абароны. Але як на гэта адрэагуе Расея, якая спрабуе дамінаваць на тых жа рынках? Паводле Аляксандра Алесіна, ад саюзьніцы Беларусі ў гэтай справе варта чакаць перашкод:

«Вядома, уціхую будуць устаўляць палкі ў колы. Але мы ўжо канкуруем і ў нечым нават перамагаем. Прыкладам, выйгралі тэндэр на мадэрнізацыю „Су-27“ для Казахстану, паставілі два дывізіёны ракетных комплексаў „Бук-МБ“ у Азэрбайджан. Беларуская фірма „Тетраэдр“ вырабляе і мадэрнізуе ракеты „С-125“ у Азэрбайджане, Казахстане. Дый зь іншымі краінамі ёсьць посьпехі, дзе канкурэнт — Расея. Дарэчы, ёсьць спробы дамовіцца, а не канкураваць, але не атрымліваецца, усё ж спаборнічаем. Расея спрабуе нам наступаць на мазалі, дзе можа, але наўпрост яны ж ня могуць нам забараніць выходзіць на рынак зброі. Акрамя таго, ня толькі мы маем у іх патрэбу, але і яны ў нас. У тым ліку на шэрагу рынкаў, дзе ў Расеі стала менш магчымасьцяў. У беларусаў вальнейшыя рукі, бо яны менш заўважныя, чым расейцы. Шмат якія краіны з большай прыязнасьцю ставяцца да беларусаў, чым да расейцаў».

Як Расея адрэагуе на тое, што Беларусь пачне вырабляць уласныя баявыя ракеты? Вось што адказаў на гэтае пытаньне расейскі вайсковы экспэрт Павал Фэльгенгаўэр:

Павал Фэльгенгаўэр
Павал Фэльгенгаўэр

«Мяркую, ніяк асабліва ніхто рэагаваць ня стане. Калі хоча Беларусь паспрабаваць вырабіць ракеты, хай паспрабуе. Беларусь збольшага не канкурэнт для Расеі на сусьветным рынку зброі, часам там нават адбываецца нейкая каапэрацыя, калі Беларусь пакрывае тыя пазыцыі, якія Расея ня хоча пакрываць. Таму мяркую, што нейкіх стратэгічных перашкод тут ня будзе. Дый што там за ракеты зьбіраецца Беларусь вырабляць, пакуль цяжка зразумець. Калі кшталту „Іскандэра“, дык у „Іскандэры“ галоўнае — сыстэма навядзеньня. А калі проста зрабіць разам з украінцамі нейкую ракету, якая можа кудысьці ляцець... Ня бачу сэнсу. У любым выпадку, мяркую, у Маскве спачатку паглядзяць, пра што ідзе гаворка і што можа з гэтага атрымацца ці не атрымацца, а ўжо потым будуць рэагаваць. Пакуль я асабіста ня бачу прычын, каб Маскве непакоіцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG