Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Арэшкін: Пуцін патрошку адступае


Дзьмітры Арэшкін
Дзьмітры Арэшкін

Уладзімер Пуцін вымушаны адмовіцца ад першапачатковых маштабных плянаў адносна захопу паўднёвага ўсходу Ўкраіны і жадае цяпер стварыць у Данецкай і Луганскай абласьцях «новы варыянт Прыднястроўя».

Сваімі думкамі пра пляны Крамля і чаканьнямі ад сустрэчы кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне, што адбудзецца ў Менску 5 верасьня, дзеліцца ў інтэрвію Радыё Свабода расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін.

«Мне здаецца, Крамлю неабходна акругліць тэрыторыю непрызнаных рэспублік і зафіксаваць іх абаронны статус — гэта значыць, намацаць граніцу. Для таго каб ня страціць твар, трэба зафіксаваць сваё панаваньне над нейкім участкам тэрыторыі, які магчыма назваць «Наваросіяй», — кажа Арэшкін.

Пры гэтым Крэмль ужо вымушаны забыць, што першапачаткова «Наваросія» мелася ўключаць у сябе 8 абласьцей Украіны, а зараз нават Данецкую і Луганскую вобласьці цалкам захапіць не атрымалася. Сёньня мэта Пуціна — замацавацца хаця б на гэтых пазыцыях, мяркуе экспэрт.

«Хаця б трэцюю частку гэтых тэрыторыяў акругліць, абнесьці агароджай і абвясьціць „Наваросіяй“, з тым, каб стварыць новы варыянт Прыднястроўя — структуру, якая нібыта не належыць Расеі, за якую нібыта адказвае Ўкраіна і з дапамогай якой магчыма заўсёды псаваць кроў бліжэйшаму суседу, або, выказваючыся паліткарэктна, рэгуляваць палітычнымі сродкамі ціск на Кіеў. Вось, мабыць, максымальная праграма, якой можа сёньня дабіцца для сябе Крэмль», — падкрэсьлівае Арэшкін.

Масква ніяк ня можа прыняць на сябе рызыкі, зьвязаныя з пачаткам адкрытай вайны ва Ўкраіне, і прызнаць, што там ваююць рэгулярныя часьці расейскіх войскаў.

Вядома, калі б была канвэнцыйная вайна з выкарыстаньнем авіяцыі і ракетных войскаў, то ў Украіны б не было шанцаў. Але Масква ня можа гэтага сябе дазволіць

«Ня можа Расея прызнаць факт вайны паміж двума славянскімі народамі. У той жа час ёсьць відавочная функцыянальная неабходнасьць абазначыць і абараніць мяжы гэтай новай, умоўна кажучы, „Наваросіі“, таму туды ўкідваюцца вайсковыя часьці бяз статусу вайсковых часьцей, а іх не хапае. Вядома, калі б была канвэнцыйная вайна з выкарыстаньнем авіяцыі і ракетных войскаў, то ў Украіны б не было шанцаў. Але Масква ня можа гэтага сябе дазволіць. Таму яе амбіцыі абмежаваныя. Можна казаць, што за два тыдні захопім Кіеў, калі б хацелі, але ня хочам, таму што ня хочам занадта непрыемных наступстваў», — кажа Арэшкін.

Экспэрт лічыць, што зараз Пуцін будзе максымальна эксплюатаваць міралюбную рыторыку, як, дарэчы, і ўкраінскі бок.

«Але пазыцыі прынцыпова розныя: для Масквы важна зафіксаваць статус непрызнаных тэрыторыяў, усутыч прыклееных да расейскай мяжы, каб іх магчыма было забясьпечваць, таму што зразумела, што самастойнага эканамічнага разьвіцьця яны арганізаваць сябе ня могуць. А ў Кіева зусім супрацьлеглая пазыцыя: Украіна, магчыма, будзе дамаўляцца з сэпаратыстамі ў рамках украінскай дзяржавы, пры тым што мяжа Расеі і Ўкраіны будзе пад кантролем украінскіх пагранічнікаў. І тое, і тое — міралюбная рыторыка, але разумеецца яна супрацьлеглым чынам. Для Расеі — як фармаваньне выступу, які дэ-факта знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў і заўсёды служыць раздражняльным фактарам у дзейнасьці Ўкраіны. Для Ўкраіны мір — гэта вывад расейскіх войскаў, пасьля чаго Ўкраіна лёгка заціскае гэтых сэпаратыстаў, таму што рэальнай падтрымкі ў грамадзтве ў іх няшмат», — канстатуе палітоляг.

Арэшкін лічыць, што і Ўкраіна, і Расея адчуваюць нэгатыўныя вынікі канфлікту, таму абодва бакі жадалі б купіраваць разьвіцьцё сытуацыі, не пашыраючы збройнага канфлікту далей. Таму на сустрэчы ў Менску будзе пра што паразмаўляць, але рэальнага набліжэньня да міру не адбудзецца, упэўнены экспэрт.

Што тычыцца «сямі пунктаў» рашэньня ўкраінскага крызісу, то палітоляг кажа, што ня трэба зашмат увагі аддаваць зьместу таго, што кажа Ўладзімер Пуцін. Але калі глядзець на танальнасьць ягоных выказваньняў, то яна відавочна стала больш стрыманай.

Насамрэч у Пуціна няма пазыцыі сілы

«Дэ-факта тое, што ён кажа, азначае, што патасныя дзяржаўныя амбіцыі новарасійскага маштабу наконт далучэньня Крыму, Прыднястроўя і ўсяго ўсходу Ўкраіны да „рускага сьвету“ ня спраўдзіліся, і гэта ён разумее. Таму мусіць зьніжаць градус рыторыкі. Але для Пуціна самае галоўнае (як, уласна, і для ўсіх яго духоўных настаўнікаў — ад Сталіна да Брэжнева) — не рэальны эканамічны і палітычны кантроль, а ідэалягічны складнік: „мы пераможцы“. Трэба стварыць адчуваньне, што Расея выходзіць з гэтай сытуацыі зь перамогай. Даволі цяжкая задача, я лічу, што нават невырашальная», — адзначае Арэшкін.

«Пуцін патрошку адступае — і гэта самае галоўнае, таму што гэта справы, а ня словы. А што ён пры гэтым кажа — ну, гэта ўсё зразумела. Будзе сэнс прыкладна такі: «мы дамагліся сваёй мэты, і зараз з пазыцыі сілы мы прапануем Украіне мір. Насамрэч у Пуціна няма пазыцыі сілы: ён ня можа дазволіць сабе далей урывацца на тэрыторыю Ўкраіны пры дапамозе рэгулярных войскаў — гэта будзе занадта, ён і так перайшоў усе межы, у яго і так на парадку дня трэці ўзровень санкцыяў», — кажа Арэшкін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG