Уладзімер Фясенка, палітоляг, кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пента», выказаў у інтэрвію Свабодзе меркаваньне, што цяпер і для Расеі, і для Ўкраіны — найлепшы момант, каб спыніць агонь, але дзеля гэтага трэба пільна ўзгадніць працэдуру, і таму дамовіцца пра гэта на чарговай сустрэчы кантактнай групы ў Менску ня ўдасца.
— Ці ёсьць лёгіка ў тым, што ўчора спачатку прэс-служба Крамля абвергла дамоўленасьць з украінскім бокам пра спыненьне агню, а пасьля Ўладзімер Пуцін выступіў зь міратворчай ініцыятывай і прапанаваў сем пунктаў для замірэньня канфлікту?
— Ведаеце, некаторыя гавораць пра асаблівую жаночую лёгіку. Дык вось ёсьць і асаблівая палітычная лёгіка. Яна ў нашым выпадку адлюстроўваецца ў тым, што кожны з бакоў ня проста робіць палітычныя крокі, але і праводзіць інфармацыйную палітыку прасоўваньня гэтых дзеяньняў і дэзавуяваньня дзеяньняў суперніка. Тое, што адбываецца, добра ўкладаецца ў такую спэцыфічную лёгіку. Плюс пастаянна ідзе зьмена тактыкі. Аналізуючы ўчорашнія падзеі, можна сказаць, што абодва бакі прызнаюць факт перамоваў паміж Пуціным і Парашэнкам і абодва бакі наўпрост ці ўскосна прызнаюць факт абмеркаваньня канкрэтнай
ніякага міру ці мірнай дамовы паміж Кіевам і сэпаратыстамі быць ня можа, Кіеў на гэта ніколі ня пойдзе. І Пуцін пачаў гэта разумець.
ідэі — спыненьня агню. І гэта адзіна магчымы варыянт кампраміснага выйсьця з канфлікту. Бо ніякага міру ці мірнай дамовы паміж Кіевам і сэпаратыстамі быць ня можа, Кіеў на гэта ніколі ня пойдзе. І Пуцін пачаў гэта разумець.
Расея доўгі час настойвала, каб Кіеў дамаўляўся з ДНР і ЛНР, бо для Масквы такі расклад быў бы люфтам, магчымасьцю для манэўру. І час ад часу Масква гэтым карыстаецца, калі кажа, што вырашайце гэта ня з намі, а з ДНР і ЛНР. Але цяпер, хутчэй за ўсё, Пуцін і Парашэнка ўзгаднілі нейкую лёгіку прасоўваньня да спыненьня агню. Сем пунктаў — гэта ня новая мірная ініцыятыва Пуціна, гэта адлюстраваньне дамоўленасьцяў Пуціна і Парашэнкі. Канфліктная сытуацыя ўзьнікла, бо ў Парашэнкі адразу сказалі пра дасягненьне дамоўленасьцяў, а ў Пуціна гэтага не чакалі, не былі гатовыя. Пасьля ўжо Пуцін, знаходзячыся ў Манголіі, вырашыў пагуляць у гэтую гульню — не зрываць дамоўленасьці, а прасоўваць лінію на мір. У Расеі памянялі тактыку па ходзе падзеяў.
— Ці можна гаварыць пра рэальнае прасоўваньне ў бок міру?
— Пункты, якія агучыў Пуцін, яшчэ трэба фармалізаваць і ўзгадніць з супрацьлеглым бокам і з АБСЭ. Напрыклад, ключавы момант — міжнародны маніторынг спыненьня агню. Будуць патрэбныя не дзясяткі назіральнікаў, як цяпер, а тысячы. Як гэта зрабіць? У якіх населеных пунктах разьмяшчаць назіральнікаў? Мы памятаем, спроба аднабаковага спыненьня агню ў чэрвені скончылася пастаянным парушэньнем рэжыму спыненьня агню і ўзаемнымі абвінавачваньнямі бакоў. Таму патрэбны вельмі пільны міжнародны кантроль. А гэта трэба асобна ўзгадняць, шукаць для гэтага рэсурсы. Таксама па шэрагу пунктаў няма парытэтнасьці. Пуцін прапаноўвае адвесьці ўкраінскія войскі ад гарадоў, але ж тады трэба адвесьці і войскі супрацьлеглага боку, бо абстрэлы з артылерыі робяць і расейскія войскі, якія ваююць на баку сэпаратыстаў, а «Градаў» у расейцаў нашмат больш, чым ва ўкраінцаў. Відавочна, што ўкраінскі бок будзе настойваць на вывадзе ўсіх замежных войскаў, разумеючы пад гэтым расейскіх вайскоўцаў, якія цяпер амаль адкрыта ваююць на ўсходзе Ўкраіны. Ці ўдасца пра гэта дамовіцца — гэта вялікае пытаньне.
— Вынікае, што была зробленая вельмі агульная заява, рэалізаваць якую практычна немагчыма?
— З аднаго боку, бакі маюць кардынальна супрацьлеглыя інтарэсы што да канфліктнага рэгіёну. Але шанец ёсьць. У чым? У тым, што абодва бакі
Гэта ўжо вайна. А вайна — гэта фінансавыя, сацыяльныя і псыхалягічныя праблемы, якія выклікаюць антываенныя настроі ў Расеі.
маюць цяпер актуальныя прычыны спыніць агонь. Для Ўкраіны варыянт спыненьня вайны быў бы непрымальны яшчэ месяц таму. Але цяпер, калі пачаўся контранаступ расейскіх войскаў, калі ўтварылася складаная сытуацыя на фронце і ўзьнікла рызыка вялікай вайны з Расеяй, дамаўляцца Ўкраіна гатовая. У гэты ж час і Пуцін разумее, што зацяжная вайна на Данбасе будзе ствараць яму ўнутраныя праблемы. Ідзе «груз 200», Крыму не выходзіць, мірнай апэрацыі па захопе тэрыторыяў не выходзіць, сіламі мясцовых сэпаратыстаў і расейскіх наёмнікаў аказаць супраціў украінскай арміі не ўдалося. А тут яшчэ аказалася, што спэцпадразьдзяленьні расейскай арміі нясуць вялікія страты. Гэта ўжо вайна. А вайна — гэта фінансавыя, сацыяльныя і псыхалягічныя праблемы, якія выклікаюць антываенныя настроі ў Расеі. І гэта будзе біць па рэйтынгу Пуціна. Таму яму патрэбна прымальнае выйсьце з гэтага канфлікту. І спыненьне агню можа быць такім варыянтам, пры якім Пуцін захоўвае твар: маўляў, і Данбас абараніў, і вайну спыніў.
— Заўтра ў Менску будзе чарговая сустрэча кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту. Ці не занадта наіўныя спадзяваньні Пятра Парашэнкі адносна таго, што там можа быць дасягнуты пэўны прагрэс — з улікам таго, што ў перамовах удзельнічаюць прадстаўнікі ДНР і ЛНР?
— Ёсьць важны фармальны дыпляматычны нюанс. Гэтая група называецца кантактнай, кансультатыўнай. Ніякіх самастойных рашэньняў яна не прымае. Група толькі выконвае папярэднія пагадненьні двух прэзыдэнтаў, фармалізуючы іх. Напрыклад, зараз група можа абмеркаваць, якім чынам будзе адбывацца маніторынг рэжыму спыненьня агню. Я думаю, што гэтая тэма будзе галоўнай на заўтрашняй сустрэчы ў Менску. Дзе і як фіксаваць спыненьне агню? Ці будзе нейкая дэмілітарызаваная зона? Менавіта вось такія тэхнічныя пытаньні павінна ўзгадняць кантактная група. І яны могуць пра гэта дамаўляцца, але самастойных палітычных рашэньняў яна прымаць ня можа. Калі група пра нешта дамовіцца, то ўзгоднены праект адпраўляецца ў Маскву, Кіеў і Жэнэву, дзе даюць ці не даюць палітычную згоду.
Пятро Парашэнка не прызнае нейкі статус сэпаратыстаў праз тое, што яны прысутнічаюць на сустрэчы. Сэпаратысты не бяруць удзелу ў перамовах. Трохбаковая кантактная група ўключае Расею, Украіну і АБСЭ. Для ўкраінскай дыпляматыі гэта вельмі важны момант. Так, туды запрашаюць прадстаўнікоў сэпаратыстаў у якасьці боку канфлікту. І яны могуць сфармуляваць сваю пазыцыю. Атрымліваецца, што трохбаковая кантактная група зь ім кантактуе, але гэта не перамовы Ўкраіны з сэпаратыстамі.
— Ваш прагноз наконт заўтрашняй сустрэчы?
— Я думаю, што заўтра дамовіцца пра тэхнічныя бакі спыненьня агню ня ўдасца. Адразу ня ўдасца. Гэта вельмі няпроста. Тут вельмі шмат супярэчнасьцяў. І яшчэ адна праблема на пэрспэктыву — як гэта ўсё будзе выконвацца. Але шанец дамовіцца — ня заўтра, а ў прынцыпе — зьявіўся.