Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка учора правёў тэлефонную размову з прэзыдэнтам Расеі Уладзімерам Пуціным.
Прэс-служба ўкраінскага кіраўніка дзяржавы паведаміла пра дасягненьне дамоўленасьці аб рэжыме спыненьня агню на Данбасе. Прэс-служба яго расейскага візаві заявіла, што Расея не магла дамаўляцца аб спыненьні агню, паколькі не зьяўляецца бокам канфлікту. Там сьцьвярджаюць, што прэзыдэнты казалі пра крокі, якія павінны прывесьці да міру. Пра што насамрэч размаўлялі прэзыдэнты краінаў, якія дэ-факта знаходзяцца ў стане ўзброенага супрацьстаяньня, і што хаваецца за заявамі Ўладзімера Пуціна і прапанаванымі ім «Сямю пунктамі» мірнага ўрэгуляваньня канфлікту?
Прэс-службы прэзыдэнтаў Украіны і Расеі сынхронна паведамілі пра тое, што паміж кіраўнікамі дзьвюх дзяржаў 3 верасьня адбылася тэлефонная размова. На гэтым сынхроннасьць вычарпалася.
У адміністрацыі Пятра Парашэнкі паведамілі, што вынікам размовы стала дамоўленасьць пра рэжым спыненьня агню на Данбасе і дасягненьне паразуменьня адносна крокаў, якія будуць спрыяць усталяваньню міру.
У Крамлі ж заявілі, што Расея не магла дамаўляцца аб спыненьні агню ва Ўкраіне, паколькі не зьяўляецца бокам гэтага канфлікту.
Прадстаўнік прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што расейскага кіраўніка ва Ўкраіне няправільна зразумелі.
«Было агучана, што вынікам гэтай размовы стала, уласна, спыненьне агню. Гэта ня так. Гаворка ідзе пра шэраг крокаў, якія будуць гэтаму папярэднічаць і прывядуць да спыненьня агню», — патлумачыў заявы свайго кіраўніка Пяскоў.
Сам Уладзімер Пуцін пасьля гэтай тэлефоннай размовы выказаўся так:
«Сёньня раніцай мы размаўлялі з прэзыдэнтам Парашэнкам. І нашы погляды, прынамсі мне так здалося, на шляху ўрэгуляваньня канфлікту вельмі блізкія, як кажуць дыпляматы ».
Ужо пасьля тэлефоннай размовы зь Пятром Парашэнкам Уладзімер Пуцін паведаміў, што падчас свайго пералёту ў Манголію «накідаў» свой плян рашэньня ўкраінскага крызісу, так званыя «сем пунктаў». Найперш Узброеныя сілы і тыя, каго расейскі прэзыдэнт называе «апалчэньнем Паўднёвага Ўсходу Ўкраіны», павінны спыніць актыўныя наступальныя апэрацыі. Пуцін патрабуе, каб узброеныя падразьдзяленьні сілавых структур Украіны былі адведзеныя ад населеных пунктаў. Пры гэтым павінен быць прадугледжаны міжнародны кантроль за выкананьнем умоваў спыненьня агню і арганізаваны абмен палоннымі па формуле ўсіх на ўсіх. Прыгадаў Уладзімер Пуцін і пра важнасьць гуманітарных калідораў і накіраваньне ў пацярпелыя населеныя пункты рамонтных брыгадаў.
Прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк назваў прапановы Уладзімера Пуціна замарожваньнем канфлікту, паведамляе дэпартамэнт інфармацыі і камунікацыяў з грамадзкасьцю сакратарыята Кабінэта міністраў Украіны.
«Сем пунктаў» расейскага прэзыдэнта нібыта для вырашэньня крызісу ва Ўкраіне дзіўным чынам нагадваюць плян выратаваньня для расейскіх тэрарыстаў... Гэты чарговы «плян» — спроба ашуканства для міжнароднай супольнасьці перад самітам НАТО і спроба пазьбегнуць непазьбежных рашэньняў Эўрапейскага Зьвяза аб увядзеньні новай хвалі санкцыяў супраць Расеі«, — падкрэсьліў Яцанюк.
Між тым прэзыдэнт ЗША Барак Абама ўчора наведаў Эстонію, дзе паказаў падтрымку НАТО сваіх саюзьнікаў у Эўропе, у прыватнасьці краінаў Балтыі. У рамках гэтай сустрэчы прэзыдэнт Эстоніі Тоомас Хендрык Ільвэс заявіў:
«Расея павінна прызнаць сябе бокам украінскага канфлікту і распачаць рэальныя крокі па дээскаляцыі крызісу».
Барак Абама таксама пракамэнтаваў вынікі тэлефонных перамоваў прэзыдэнтаў Украіны і Расеі.
«Мы яшчэ не пачулі нейкіх тлумачэньняў адносна дамоўленасьцяў наконт так званага спыненьня агню. Адзначыўшы гэта, варта прызнаць: калі Расея сапраўды гатовая спыніць фінансаваньне арміі, падрыхтоўку баевікоў і ў многіх выпадках прыцягненьне расейскіх войскаў да дзеяньняў ва Ўкраіне, а таксама сур’ёзна настроеная вырашыць канфлікт палітычнымі мэтадамі, гэта якраз тое, на што мы спадзяемся», — заявіў амэрыканскі прэзыдэнт.
Адзінае выйсьце — аб’явіць Данбас акупаваным Расеяй — экспэрт
Намесьнік дырэктара Агенцтва мадэляваньня сытуацыяў, палітоляг Аляксей Галабуцкі лічыць, што Пятро Парашэнка і Уладзімер Пуцін ставяць перад сабой дыямэтральна супрацьлеглыя мэты падчас такіх перамоваў і распрацоўкі плянаў спыненьня агню на Ўсходзе Ўкраіны.
«Пуцін спрабуе зрабіць усё для таго, каб Расея не выглядала бокам канфлікту. Парашэнка робіць усё, каб Расея выглядала бокам канфлікту. Трэба на гэтую сытуацыю разглядаць у цэлым. Задача Пуціна — зрабіць „ЛНР“ і „ДНР“ удзельнікамі перамоваў, затым уцягнуць у гэта ўсю Ўкраіну, каб зрабіць яе гэткай надбудовай над украінскім варыянтам Прыднястроўя, то бок слабой, з адвечнымі праблемамі, каб яна нават думаць не магла пра якую эўраінтэграцыю, пра НАТО, пра іншае», — адзначае экспэрт.
Аляксей Галабуцкі перакананы, што адзінае рацыянальнае выйсьце для Ўкраіны ў гэтай сытуацыі — абвясьціць тэрыторыі, якія кантралююць расейскія вайскоўцы і баевікі «ДНР» і «ЛНР», акупаванымі замежнай дзяржавай. Пры такіх умовах Украіна зможа захаваць свабоду дзеяньняў для прыняцьця ўсіх стратэгічных рашэньняў адносна сваёй сучаснасьці і будучыні.
Палітоляг Юры Рубан лічыць, што дадатковыя тлумачэньні таго, што хацеў сказаць Пуцін, ад яго прадстаўніка Дзьмітрыя Пяскова — гэта своеасаблівая тэхналёгія інфармацыйных «укідваньняў». На яго думку, гэта можна разглядаць як «расхістваньне сытуацыі з мэтай ускладніць прыняцьце рашэньняў адносна санкцыяў Эўразьвязам».
Абстрэлы ўкраінскіх войскаў з тэрыторыі Расеі не спыняюцца
Прадстаўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра РНБА Ўкраіны Андрэй Лысенка заявіў, што паводле стану на вечар 3 верасьня ў зоне АТА назіраецца зьніжэньне баявой актыўнасьці, але агонь на Ўсходзе Ўкраіны бакі канфлікту не спынялі.
«Мы назіраем зьніжэньне баявой актыўнасьці, у прыватнасьці памяншэньне ўжываньня артылерыі і іншай цяжкай зброі. Украінскія вайскоўцы ўладкоўваюць занятыя пазыцыі і гатовыя да выкананьня загадаў камандаваньня», — сказаў сьпікер РНБА.
Ён таксама паведаміў, што праз абстрэлы «Градамі» і артылерыяй з боку расейскіх сілаў і баевікоў часткова без газазабесьпячэньня засталіся жылыя дамы ў горадзе Шчасьце і без водазабесьпячэньня — Першамайск, Стаханаў, Бранка ў Луганскай вобласьці і Тэльманава ў Данецкай вобласьці. Мясцовыя жыхары паведамлялі Радыё Свабода пра авіяцыйнае бамбардаваньне гораду Шчасьце расейскімі войскамі. Аднак у РНБА гэтую інфармацыю абверглі, зазначыўшы, што горад зазнаваў толькі абстрэл артылерыяй і «Градамі».
Акрамя таго, у выніку пашкоджаньня або адключэньня ад электразабесьпячэньня не працуюць 69 шахтаў. Пра гэта ў эфіры Радыё Свабода распавёў намесьнік міністра энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Вадзім Уліда.
У РНБА таксама паведамілі, што не спыняюцца абстрэлы ўкраінскіх войскаў з Расеі. У прыватнасьці, расейцы з ужываньнем БМ-21 «Град» абстралялі блёкпасты сілаў АТА непадалёк ад населенага пункта Макарава.
Пры адыходзе з аэрадрома Луганска ўкраінскія сілавікі зьнішчылі сем варожых бронетранспарцёраў, два танкі, мінамётны разьлік і каля ста «тэрарыстаў», інфармуюць ў РНБА Ўкраіны.
Між тым карэспандэнт Радыё Свабода Дзьмітры Шурхала, які цяпер знаходзіцца ў зоне АТА на Данеччыне, паведаміў з горада Валнавахі, ключавой чыгуначнай станцыі на шляху ў Марыюпаль, пра адсутнасьць украінскіх вайскоўцаў на ўезьдзе ў горад.
«На ўезьдзе ў горад стаіць пусты блёкпост, прычым гэта ўезд у горад з боку Марыюпаля. Яшчэ варта адзначыць, што пустуе і раённая дзяржаўная адміністрацыя, там толькі вартаўнік быў у працоўны час», — паведаміў карэспандэнт Радыё Свабода.
Ён асабіста бачыў у Валнавасе толькі тры машыны батальёна «Азоў». Прэс-афіцэр АТА Леанід Мацюхін пракамэнтаваў Радыё Свабода гэтую сытуацыю так, што горад Валнаваха — гэта даўно глыбокі тыл і горад застаецца пад поўным кантролем украінскіх вайскоўцаў, якія могуць ажыцьцяўляць перагрупоўку.
На 5 верасьня заплянаваная ў Менску новая рабочая сустрэча кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе.