Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандлёвы канфлікт паміж Беларусьсю і Ўкраінай вычарпаны


Пра гэта заявіў сёньня на брыфінгу ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі дырэктар дэпартамэнту зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Ігар Назарук. Экспэрты Свабоды лічаць, што першы крок беларускіх уладаў, які і спарадзіў гандлёвую вайну дзьвюх краін-суседзяў, быў непрадуманы і авантурны.

Ігар Назарук заявіў, што гандлёвы канфлікт паміж Украінай і Беларусьсю ўжо вычарпаны. Ад 19 жніўня абедзьве краіны скасавалі ўсе абмежаваньні ва ўзаемным гандлі:

«Мы, натуральна, маніторым сытуацыю. І тыя сыгналы, якія мы маем як па лініі мытных ведамстваў, так і па лініі амбасадаў, сьведчаць — канфлікт вычарпаны».

Чыноўнік МЗС сказаў, што Беларусь, калі ўводзіла ліцэнзаваньне ўкраінскага імпарту, зыходзіла не з таго, каб нашкодзіць суседзям, а мела на мэце выключна навесьці парадак на ўласным рынку.

«Насамрэч гэтыя захады беларускіх уладаў мелі зусім іншы падтэкст і ня ўводзіліся зьнянацку», — кажа Свабодзе эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка:

Нашы чыноўнікі прывыклі рэгуляваць эканоміку ў ручным рэжыме. Таму яны традыцыйнымі мэтадамі шукалі, як бы „прыбіць“ імпарт

«Беларуская эканоміка сутыкнулася з праблемай сыстэмнай неканкурэнтаздольнасьці нашых тавараў. А гэта пагражае апераджальным ростам імпарту параўнальна з экспартам. Пра недапушчальнасьць такой сытуацыі Лукашэнка ня раз папярэджваў.

А нашы чыноўнікі прывыклі рэгуляваць эканоміку ў ручным рэжыме. Таму яны традыцыйнымі мэтадамі шукалі, як бы „прыбіць“ імпарт. І не знайшлі нічога лепшага за ліцэнзаваньне, якое, па сутнасьці, дазволіла ў ручным рэжыме адсекчы некаторыя імпартныя патокі. Зрабіць такое ў межах Мытнага саюзу было немагчыма, згодна з прававой базай. Тады вырашылі зрабіць гэта з Украінай. Натуральна, калі ўкраінцы пабачылі, што ім проста абсеклі пастаўкі піва, цукерак ды некаторай іншай прадукцыі на беларускі рынак, яны ўвялі адэкватныя меры ў адказ.

Дзякуй богу, што хоць цяпер нашым уладам хапіла розуму знайсьці разумнае рашэньне гэтай праблемы — проста зьняць штучныя перашкоды ва ўзаемным гандлі. На жаль, страты ўсё ж панесеныя. І гэта праблема для абедзьвюх эканомік — і беларускай, і ўкраінскай».

Меркаваньні экспэрта пацьвердзіліся і на сёньняшнім брыфінгу. Адказваючы на пытаньне Свабоды, Ігар Назарук сказаў, што ў першым паўгодзьдзі статыстыка зафіксавала падзеньне ўзаемнага таваразвароту дзьвюх краін крыху больш як на 5%. Але па выніках году гэты мінус будзе ліквідаваны, лічыць чыноўнік МЗС.

Куды менш аптымістычнымі выглядаюць прагнозы яшчэ аднаго экспэрта Свабоды — кандыдата эканамічных навук, былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Цярэшчанкі:

«У маім разуменьні прагнозы па гандлі з Украінай несуцяшальныя. Падзеньне будзе яшчэ большае. Думаю, парадку 12%. А можа, нават і болей. Таму што дзеяньні Расеі на ўкраінскім кірунку яшчэ праявяцца. А мы, як прыхільнікі Расеі ва ўсіх інтэграцыйных фармаваньнях, будзем вымушаны стаць на бок Расейскай Фэдэрацыі».

На пытаньне, чаму Беларусь ініцыявала гандлёвую вайну з Украінай, Віктар Цярэшчанка адказаў:

«Гэта было хвіліннае палітычнае рашэньне. Думаю, яго вынікаў ніхто глыбока не пралічваў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG