Гандлёвы канфлікт паміж Беларусьсю і Ўкраінай вычарпаны.
Пра гэта заявіў сёньня на брыфінгу ў МЗС дырэктар дэпартамэнту зьнешнеэканамічнай дзейнасьці зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Ігар Назарук:
«Мы, натуральна, маніторым сытуацыю. І тыя сыгналы, якія мы маем як па лініі мытных ведамстваў, так і па лініі амбасадаў, сьведчаць — канфлікт вычарпаны».
Ігар Назарук падкрэсьліў, што Беларусь і Ўкраіна скасавалі ўсе абмежаваньні ва ўзаемным гандлі. Чыноўнік МЗС сказаў, што Беларусь, калі ўводзіла ліцэнзаваньне ўкраінскага імпарту, зыходзіла не з таго, каб нашкодзіць суседзям, а мела на мэце выключна навесьці парадак на ўласным рынку.
Адказваючы на пытаньне Свабоды, Ігар Назарук сказаў, што ў першым паўгодзьдзі статыстыка зафіксавала падзеньне ўзаемнага таваразвароту дзьвюх краін крыху больш як на 5%. Але па выніках сёлетняга году гэты мінус будзе ліквідаваны, лічыць чыноўнік МЗС.
Ён пры гэтым заўважыў:
«Але што тычыцца кандытарскіх вырабаў і цукру, то за паўгодзьдзе тут не падзеньне, а рост на 20%. А гэты тавар да 19 жніўня знаходзіўся ў сьпісе ліцэнзаваных».