Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў: з-за санкцыяў ЗША Расея будзе вымушана перабудоўваць эканамічныя мадэлі разьвіцьця


Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў сказаў сёньня на пасяджэньні расейскага ўраду, што новыя санкцыі Эўразьвязу і ЗША супраць Расеі падагрэюць антыэўрапейскія і антыамэрыканскія настроі ў ягонай краіне.

«Міжнародны досьвед сьведчыць, што гэткія санкцыі яшчэ нікога не паставілі на калені. А санкцыі ў дачыненьні да Расеі, у дачыненьні да расейскіх грамадзянаў і расейскіх кампаній, наогул нелегальныя, таму што яны не заснаваныя на рашэньнях ААН», — заявіў Мядзьведзеў.

Кіраўнік расейскага ўраду паведаміў, што ўвядзеньне санкцый выкліча зьмены ў фэдэральным бюджэце ў бок павелічэньня вайсковых выдаткаў:

«Ціск на Расею ня можа не адлюстравацца ў нашай бюджэтнай палітыцы і яе прыярытэтах. Сацыяльныя абавязаньні будуць безумоўна выконвацца — для гэтага грошай у нас дастаткова. Але, акрамя гэтага, нам давядзецца большую ўвагу надаць выдаткам на абарону і бясьпеку».

Мядзьведзеў аднак прызнаў, што з увагі на санкцыі ЗША Расея будзе вымушаная перабудоўваць эканамічныя мадэлі разьвіцьця і пераходзіць на імпартазамяняльныя тэхналёгіі.

Згадваючы Ўкраіну ў кантэксьце санкцый, Мядзьведзеў адзначыў:

«Усе гэтыя санкцыі, на жаль, не дапамогуць Украіне нічым».

Сёньняшнюю заяву Брусэлю аб пашырэньні санкцый супраць Расеі пракамэнтаваў Дэпартамэнт інфармацыі і друку МЗС Расеі. Паводле гэтага ведамства, Расея «расчараваная тым, што Эўразьвяз, насуперак уласным інтарэсам, паддаўся на шантаж амэрыканскай адміністрацыі і пайшоў шляхам санкцыйных захадаў у дачыненьні да Расеі» з-за сытуацыі ва Ўкраіне.

«Замест таго, каб выкарыстоўваць існуючыя магчымасьці для пачатку дыялёгу Кіева з прадстаўнікамі паўднёвага ўсходу краіны, Эўразьвяз пайшоў на павадку ў прыхільнікаў сілавога рашэньня ўнутрыўкраінскага канфлікту і правакаваньня на яго фоне канфрантацыі з Расеяй». Тым самым, лічыць МЗС Расіі, «ЭЗ бярэ на сябе адказнасьць за працяг вайсковай апэрацыі Кіева, у выніку якой кожны дзень гінуць людзі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG