Санкцыі супраць Расеі ідуць на шкоду нацыянальным доўгатэрміновым стратэгічным інтарэсам амэрыканскай дзяржавы — так прэзыдэнт Расеі адрэгаваў на ўведзеныя ЗША новыя санкцыі супраць расейскіх кампаній і асобных грамадзянаў Расеі.
Пра гэта паведамляе сайт расейскага прэзыдэнта.
«Што тычыцца разнастайных санкцыйных мераў, то я ўжо казаў, яны, як правіла, маюць эфэкт бумэранга, і, без усялякіх сумненьняў, у дадзеным выпадку заганяюць расейска-амэрыканскія стасункі ў тупік, наносяць ім сур’ёзную шкоду. І я перакананы, што гэта ідзе на шкоду нацыянальным доўгатэрміновым стратэгічным інтарэсам амэрыканскай дзяржавы, амэрыканскага народу.
Вельмі шкада, што нашыя партнэры ідуць менавіта па гэтым шляху, але ў нас дзьверы не закрытыя для перамоўнага працэса, для выхаду з гэтай сытуацыі... Спадзяюся, усё ж такі здаровы сэнс і жаданьне ўрэгуляваць усе праблемы мірнымі, дыпляматычнымі сродкамі — вось гэтае жаданьне пераможа».
Злучаныя Штаты 16 ліпеня ўвялі новыя санкцыі супраць Расеі. Як паведаміла Міністэрства фінансаў ЗША, санкцыі будуць тычыцца некалькіх вядучых расейскіх банкаў і энэргетычных кампаній. Гаворка ідзе пра дзяржаўныя расейскія кампаніі «Роснефть», дзяржаўны банк «Внешэкономбанк», кампаніі «Новатек», якая займаецца здабычай газу, «Газпромбанк», які зьяўляецца фінансавым падразьдзяленьнем расейскага энэргетычнага манапаліста «Газпром». Акрамя гэтага санкцыі будуць уведзеныя яшчэ супраць пяці расейцаў — Сяргея Бяседы, кіраўніка пятай службы ФСБ, віцэ-сьпікера Дзярждумы Расіі Сяргея Няверава, міністра ў справах Крыму Алега Савельеваі дарадцы расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна Ігара Шчаглова.
Тымчасам у Эўрапейскай Радзе разглядаюць украінскае пытаньне.
Лідэры ЭЗ 27 чэрвеня высунулі патрабаваньне да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна па рэалізацыі праграмы дээскаляцыі напружанасьці ва Ўкраіне. У праекце заявы ліпеньскага саміту адзначана, што неабходныя захады не былі рэалізаваныя ў поўнай меры. Праект заявы разгледзяць ўвечары 16 ліпеня на пазачарговым саміце лідэраў ЭЗ, і ён можа зьведаць істотныя зьмены, адзначае Bloomberg. Афіцыйна перамовы стартавалі ў Брусэлі ў 19:00 16 ліпеня паводле менскага часу.