Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: Бальшыня прадпрымальнікаў ня выйшлі на працу


Бальшыня гарадзенскіх прадпрымальнікаў не заплацілі падаткі за ліпень і зь сёньняшняга дня ня выйшлі на працу. Яны кажуць, што ўлады ім не даюць працаваць, паколькі патрабуюць дакумэнты, якія ўзяць няма адкуль.

На Цэнтральным рынку ў Горадні толькі на верхняй пляцоўцы дзе-нідзе адкрытыя шапікі. Бальшыня шапікаў зачыненыя. А на ніжняй пляцоўцы наагул не працуе ніводзін чалавек. Падобная сытуацыя на рынках «Паўднёвы» і «Карона».

Каля пустых прылаўкаў на Цэнтральным рынку размаўляю з прадпрымальнікамі. Людзі разгубленыя, што ўлада іх ня чуе і ня хоча нават прыслухоўвацца. Кажуць, што такі страйк — гэта папросту адчай у іхнай сытуацыі.

Спадарыня: «У такіх умовах працаваць немагчыма, таму мы і не працуем. А што далей...»

Іншая спадарыня: «Мы проста хочам жыць, проста нармальна працаваць і нармальна жыць, па-чалавечы...»

Карэспандэнт: «А ці доўга зьбіраецеся страйкаваць?»

Спадарыня: «Ня ведаем, і ніхто з нас ня ведае...»

Іншая спадарыня: «Не даюць нам працаваць, і гэта праўда. Ну што можна зрабіць на нашых двух мэтрах прылаўка? Ну немагчыма зрабіць тую дакумэнтацыю, якую яны патрабуюць — гэта ненармальна. Іншая справа, калі яны патрабуюць гэта ад людзей, якія маюць свае крамы. А ў нас 2 мэтры прылаўка...»​

На Цэнтральным гарадзенскім рынку
На Цэнтральным гарадзенскім рынку

Спадарыня: «Яны папросту хочуць зьнішчыць дробных прадпрымальнікаў. Столькі людзей хочуць выкінуць на вуліцу, а працаваць жа няма дзе. Асабліва моладзі. Ну добра, мы, пэнсіянэры, яшчэ на іхняй „шыкоўнай“ пэнсіі пражывем...»

Спадар: «Гэта проста вымушаюць народ, каб ён страйкаваў. Ну немагчыма зрабіць тыя сэртыфікаты, якія яны просяць, бо іх папросту няма ў прыродзе. А вось калі заходзіш у звычайную краму, то там ніхто ніякіх сэртыфікатаў не патрабуе. А толькі ў нас...»


Карэспандэнт: «А як лічыце — ці доўга так прастаяць прадпрымальнікі?»

Спадар: «Доўга наўрад ці, бо ў нас усё ж народ ня вельмі сьвядомы. Трэба было летась цэлы ліпень стаяць, але...»

Цікаўлюся ў спадарыні, якая адчыніла шапік і працуе — чаму яна не салідарная з астатнімі прадпрымальнікамі?

Спадарыня: «У нас дакумэнты ёсьць, і мы працуем. А на што няма — складаем сьпісы і падаём у падатковую, каб прадаваць рэшткі. Мы ўчора былі ў падатковай і ўсё ўдакладнілі. Ня ведаю, але я нічога зачыняць ня буду, бо гэта мая адзіная крыніца для існаваньня. Таму працую і буду працаваць...»

Гарадзенскі рынак у звычайны дзень і сёньня
Гарадзенскі рынак у звычайны дзень і сёньня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG