Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё, што могуць зрабіць нашы прадпрымальнікі, — гэта казаць пра сваё цяжкое становішча», — Балыкін


Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін

Наколькі драматычнай стане сытуацыя ў дробных прадпрымальнікаў у выніку ўвядзеньня ў сілу прэзыдэнцкага ўказу № 222? Ці існуе сёньня пратэстны патэнцыял у прадпрымальнікаў?

На гэтыя пытаньні адказвае Сяргей Балыкін, кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Цыганкоў: Прадпрымальнікі заяўляюць, што пасьля ўступленьня ў сілу гэтага ўказу з 1 ліпеня ўмовы працы для іх становяцца невыноснымі. Ці сапраўды сытуацыя настолькі драматычная?

Балыкін: Дробнае прадпрымальніцтва — гэта вельмі вялікая і неаднародная частка суб’ектаў гаспадараньня. Таму нельга казаць, што з-за гэтага ўказу дробнае прадпрымальніцтва робіцца немагчымым. Напрыклад, для тых, хто аказвае паслугі, займаецца вытворчасьцю, гэты ўказ — нават нейкая палёгка. А вось для тых, хто гандлюе тэкстылем, вопраткай — гэты ўказ сапраўды катастрофа.

Цыганкоў: А якія, на вашу думку, матывы ўлады? Можа, яна хоча зьменшыць колькасьць прадпрымальнікаў, бо прасьцей мець справу зь меншай колькасьцю сярэдніх і буйных бізнэсмэнаў замест вялікай колькасьці дробных прадпрымальнікаў?

Балыкін: Мне цяжка зразумець матывы беларускіх уладаў, для мяне гэта вялікая загадка. Але ў свой час улада сваімі ж рукамі стварыла вялікае кола дробных гандляроў. І потым паспрабавала фактычна адкупіцца ад дробнага бізнэсу праз увядзеньне адзінага падатку. На мой погляд, гэта было памылкай. Улада, замест таго каб стварыць умовы для сапраўднага прадпрымальніцтва, вырашыла пайсьці такім шляхам.

Цыганкоў: Як можна ацаніць пратэстны патэнцыял прадпрымальнікаў? Некаторыя ўжо заяўляюць, што могуць пайсьці ў той ці іншай форме на пэўныя акцыі пратэсту. Наколькі гэта рэалістычна?

Балыкін: Я думаю, гэта цалкам нерэалістычны сцэнар. Бо, па-першае, указ тычыцца толькі меншасьці прадпрымальнікаў. Па-другое, указ дае пераходны пэрыяд да 1 сакавіка наступнага году, цягам якога прадпрымальнікі змогуць гандляваць без дакумэнтаў. Таму шмат хто зь іх будзе думаць, што знойдзе магчымасьць абысьці гэты ўказ, а карпаратыўная салідарнасьць у дробнага бізнэсу вельмі малая.

Калі паглядзець у гісторыі, то мы ўбачым, што ніколі ў Беларусі не было вельмі буйных пратэстаў прадпрымальнікаў. Было некалькі акцыяў з выхадам на плошчу, але ў іх удзельнічалі звычайныя палітычныя актывісты, саміх прадпрымальнікаў там было няшмат. Таму, я думаю, нейкіх вялікіх акцыяў ня будзе. Усё, што могуць зрабіць нашы прадпрымальнікі, — гэта казаць пра сваё цяжкае становішча. Самае большае — правесьці нейкі аднадзённы страйк, які ня зробіць ніякага ўражаньня на беларускую ўладу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG