Менш як праз тыдзень пасьля ўрачыстасьцяў па закладцы каменя на месцы будучага Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне мясцовыя жыхары заўважылі, што будаўнікі актывізаваліся. Масава высякаецца лес, раўняюцца пляцоўкі пад карпусы будучых фабрык і жылых дамоў. Згодна зь міждзяржаўнай дамовай на месцы запаведнай зоны ў агляднай будучыні паўстане 200-тысячны горад, значную частку якога будзе займаць «кітайскі квартал».
Пад індустрыяльны парк, грошы на асваеньне якога выдзяляе ўрад Кітая, беларускія ўлады ахвяравалі амаль 9 тысяч гектараў зямлі ў непасрэднай блізіні ад Менску. Прычым траціну гэтай плошчы — блізу 3 тысяч гектараў —займаюць цяпер сасновыя і бярозавыя лясы, якія дзеля амбітнага праекту давядзецца выкарчаваць. Як кажа жыхар тутэйшай вёскі Быкачына Мікалай Герасімчык, выбаркова пілаваць старыя дрэвы пачалі яшчэ летась, але цяпер працэс набыў масавы характар:
«Тут практычна паўсюль былі наваленыя вялікія кучы круглякоў, але іх адразу ж вывозяць, нічога не залежваецца. Лес умомант раскупляецца, мабыць, экспартуецца за мяжу. У нас газу няма, нафты няма, таму ідзе актыўны продаж, зарабляюць валюту. Прычым што да піламатэрыялу, то ставіцца пытаньне ня проста лес кругляком адпраўляць, што найбольш танна, а пілаваць на дошкі, брус, нейкі паўфабрыкат рабіць. Таму пілуюць і з таго боку ад пляцоўкі, і з гэтага, і бліжэй да аэрапорту, і каля нашай вёскі шмат павыразалі. Цяпер вакол дзіцячых лягераў пад Смольніцай рэжуць вялікую колькасьць лесу. Дакладна ня ведаю, якую канкрэтна плошчу вызначылі пад ліквідацыю, але тэрыторыя вельмі вялікая, ажно да Пятровічаў, дзе сканцэнтраваныя нашы асноўныя вадаёмы».
Паводле ўрадавых чыноўнікаў, выбару месца пад будучы індустрыяльны парк паспрыяла блізіня аэрапорту, міжнароднай аўтамабільнай трасы М1 і чыгуначнага злучэньня з Клайпедзкім портам. Тое, што ўсяго за два дзясяткі кілямэтраў ад Менску мае неўзабаве паўстаць горад, сувымерны з Бабруйскам, хвалюе хіба што мясцовых жыхароў. Як кажа спадар Герасімчык, падобнае суседзтва неадкладна адаб’ецца ня толькі на запаведных яшчэ нядаўна тэрыторыях, але і на экалягічным стане ўсяго рэгіёну — усім вядома, як кітайскія інвэстары дбаюць пра наступствы хімічнай ці машынабудаўнічай вытворчасьці для навакольнага асяродзьдзя:
«Мы вельмі незадаволеныя ўсёй гэтай мітусьнёй вакол кітайскага парку. З улікам таго, што многія ў наш час ужо начытаныя, ведаюць — там, дзе кітайцы нешта ўзводзілі, у першую чаргу парушалася экалёгія. Шчыра кажучы, шмат што іншае таксама далёкае ад дасканаласьці, але экалёгія — найперш: ня чыстыя з гледзішча тэхналёгіяў аб’екты, не клапоцяцца пра выкіды ў атмасфэру і г.д. А ў нас тут усё ж Менск пад бокам, пралягае Вілейская водная сыстэма, б’юць крынічныя воды, чыстае Пятровіцкае вадасховішча, рэчка Волма. За апошнія гады шмат паўсталёўвалі станцыяў, якія пампуюць цудоўную пітную вадзіцу, якую спажывае і п’е сталіца. Хочам усё гэта загадзіць — калі ласка. Але хай гэта будзе на сумленьні нашага ўраду».
Яшчэ адна жыхарка Быкачына спадарыня Людміла наракае, што ўлады бесцырымонна ўмяшаліся ў іхняе жыцьцё, робячы ўсё, каб вяскоўцы ўрэшце пакінулі родныя хаты. Па яе словах, геадэзісты ўжо гаспадарнічаюць у яе на гародзе, адразаючы кавалкі для будучай дарогі, каб дастаўляць матэрыял на будаўнічую пляцоўку. І гэта ўжо ня кажучы пра парадкам «прарэджаны» лес, куды яна бегала яшчэ дзіцем:
«Натуральна, усе людзі былі супраць — навошта высякаць такі лес? Я ў гэтым двары пражыла 55 гадоў разам з усімі гэтымі дрэвамі, яны мне, безь перабольшаньня, як родныя. А цяпер іх высякаюць, кажуць, што „пустазельле“. Што ж гэта за такое, няўжо гэта па-чалавечы? Я ж ведала кожны кусьцік, дзе расьце баравічок, дзе ягадкі — сунічка, чарнічка. А цяпер нічога, усё вынішчылі. Я якраз езьдзіла пад аэрапорт, дык там жа высечка татальная, так павысякалі, што адны трэскі засталіся. Мала таго, што лес вынішчаюць, дык у мяне ў канцы надзелу ўжо натыркалі белых паперак на калах. Гэта значыць, па гародах дарогу будуць весьці. Гэта ж будоўля, трэба будзе ўвесь час нешта падвозіць».
Турбуе мясцовых жыхароў будучае суседзтва ня толькі ў прамысловым, але і ў этнічным аспэкце. На зборачныя канвэеры мяркуецца запрасіць вялікую колькасьць кітайскіх спэцыялістаў. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі, іх будзе некалькі дзясяткаў тысяч. Выглядае, што пад Менскам вырасьце цалкам самастойны «чайна-таўн». Свае апасеньні агучвае спадарыня Сьвятлана:
«Канечне, ня вельмі гэта падабаецца. Самі падумайце — чужыя людзі будуць жыць фактычна там, дзе цяпер нашы гароды. А калі капянуць глыбей, то кітайцам здаецца частка нашай Беларусі. За што? За нейкія прывідныя багацьці? Калі ўжо выбіраць паміж дзьвюма бедамі — наяўнасьцю індустрыяльнага парку і яго насельнікамі — то хай бы ўжо тады там нашы працавалі, беларусы, а не замежнікі».
Прыярытэтнымі кірункамі дзейнасьці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку вызначана тонкая хімія, біямэдыцына, электронная прамысловасьць, машынабудаваньне. Плянуецца, што першае прадпрыемства там пачне працаваць ужо ў наступным годзе.