Лінкі ўнівэрсальнага доступу

...Плюс кітаізацыя ўсёй краіны


Анастасія Асташэвіч
Анастасія Асташэвіч

Не знаходзячы паразуменьня на Захадзе і на тле ўсё больш вострых супярэчнасьцяў з Расеяй кіраўніцтва Беларусі шукае маральнай і фінансавай падтрымкі ў Кітаі. Якую цану давядзецца плаціць за ўсё большую залежнасьць ад гэтай краіны? Наколькі сур’ёзная пагроза кітаізацыі Беларусі?

Ігар Карней пагаварыў з мэнэджэрам Анастасіяй Асташэвіч, якая некалькі апошніх гадоў працуе ў кітайскай індустрыі.

25-гадовая Анастасія — выпускніца Ўсходняга фінансава-эканамічнага ўнівэрсытэту ў кітайскім Даляні. Вывучаць кітайскую мову пачала яшчэ на факультэце міжнародных адносінаў Белдзяржунівэрсытэту, а апынуўшыся сярод носьбітаў, давяла яе да дасканаласьці. Цяпер працуе мэнэджэрам-перакладчыкам у кампаніі, якая разьмяшчае вытворчыя замовы на прадпрыемствах Іу (Yiwu) — шматмільённага гораду, які амаль цалкам складаецца з заводзкіх цэхаў.

Ня так даўно былы беларускі амбасадар у Пэкіне, віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік заявіў, што ў Беларусі «суперпрекраснейшие» адносіны з Кітаем. Пры гэтым удакладніў: зь нямногімі краінамі стасункі падобнага ўзроўню. Чыноўнік упэўнены, што роля Кітаю ў сьвеце з кожным днём робіцца ўсё больш адчувальнай, пачынаючы ад высокіх тэхналёгій і сканчаючы пастаўкамі тавараў лёгкай прамысловасьці.

Ці падзяляе гэтую думку беларуская спэцыялістка, якая штодня знаходзіцца ў гэтым асяродку?

«Кітай сапраўды вельмі агрэсіўна разьвіваецца, калі так можна сказаць. Прычым тычыцца гэта практычна ўсіх сфэраў — і культуры, і эканомікі, і палітыкі. І гэтае разьвіцьцё скіраванае ў зьнешні сьвет — Эўропа, Амэрыка, Расея. Таму працэнтаў на 60 сказанае Тозікам — праўда. Кітайская дзяржава ўсё робіць дзеля таго, каб захапіць рынкавыя прасторы ня толькі супэрдзяржаў, але абсалютна любыя іншыя. У дадзеным выпадку няма ніякай розьніцы. Што да кітайскай экспансіі, то яна сапраўды паўсюль».

Склад рэзыдэнтаў усё больш інтэрнацыянальны
Склад рэзыдэнтаў усё больш інтэрнацыянальны


Беларусь на тле Кітаю — ня толькі дэмаграфічны, але і эканамічны карузьлік. І калі жаданьне беларускіх чыноўнікаў залезьці ў грашовы мех, поўны юаняў, цалкам зразумелае, то ці ўяўляе стратэгічны інтарэс Беларусь для Кітаю?

«Уяўляе, калі ў гэтым ёсьць нейкая эканамічная выгада. А з гледзішча Пэкіну, я лічу, яна ёсьць ува ўсіх кутках той жа Эўропы ці Амэрыкі. І калі Беларусь будзе ўяўляць хоць мінімальную камэрцыйную карысьць для Кітаю, то чаму гэтым не скарыстацца? Тут лёгіка абсалютна простая».

Самы разрэклямаваны сумесны беларуска-кітайскі праект — так званы індустрыяльны парк пад Смалявічамі. Але ці сапраўды кітайцы зацікаўленыя тут нешта вырабляць? Або мэта больш празаічная — заняць тэрыторыю і працаўладкаваць сваіх суайчыньнікаў?

«Сытуацыя з новымі працоўнымі месцамі для сваіх грамадзян у Кітаі крытычная. А для іх гэта вельмі важна. Калі ўзяць пад увагу гэтую непамерную колькасьць насельніцтва, то канкурэнцыя там надзвычай высокая. Таму зразумела, што Кітаю нічога не застаецца, як займацца экспансіяй працоўных рук у зьнешні сьвет. А паколькі Беларусь — на шляху ў Эўропу, несумненна, яны будуць намагацца ня толькі яе засяляць, але і апрацоўваць зямлю, асядаць тут. І цалкам натуральна, што яны будуць найперш для сваіх грамадзянаў ствараць працоўныя месцы. Клопат пра беларусаў тут у апошнюю чаргу».

Пісалі, што побач зь Менскам могуць пасяліцца больш за паўмільёна кітайцаў. І хоць потым гэтая лічба ня раз аспрэчвалася, але, як мяркуе Анастасія Асташэвіч, насамрэч перадыслякаваць такую масу жывой сілы для Кітаю не складзе ніякіх праблемаў:

«Гэта ніякая не праблема, я лічу. Паколькі Кітай вельмі вялікая краіна, то кітайцы ўжо цяпер працуюць па прынцыпе міграцыі па ўсім унутраным Кітаі. Гэтаксама яны едуць за мяжу — і вучыцца, і працаваць. Кітайцаў жа шмат, як кажуць, на ўсіх хопіць, таму 500–600 тысяч — гэта ніякая не праблема. Яны могуць камандзіраваць і больш. І з задавальненьнем».

Анастасія Асташэвіч заўважае, што, намагаючыся асвоіць новыя тэрыторыі, кітайскі ўрад робіць усё, каб спыніць сустрэчную працоўную міграцыю. Таму дэкляраванае Менскам стратэгічнае супрацоўніцтва збольшага мае аднабаковую накіраванасьць. Прыкладам, атрымаць кітайскую працоўную візу з кожным годам усё больш складана, а яе кошт надзвычай высокі:

«Я ўжо казала, што афіцыйная палітыка Кітаю — больш сілаў выпраўляць за мяжу, каб зрабіць лепш для сваіх грамадзянаў, каб яны мелі больш працоўных месцаў за мяжой. А для замежнікаў, у тым ліку і для беларусаў, нядаўна зрабілі новую рэформу, якая больш не дазваляе зрабіць шматразовую візу на год. Кошт візы ня толькі істотна вырас, але і вельмі складана яе атрымаць; трэба прайсьці процьму ступеняў, падрыхтаваць шмат дакумэнтаў, папераў. Усё ня так, як раней, усё ўскладняецца — і працу атрымаць у Кітаі, і набыць легальны статус як працаўніка. Таму ўсё больш замежных офісаў у Кітаі зачыняюцца — кошт арэнды, падаткі для замежных прадпрыемстваў увесь час растуць. Сытуацыя для замежнікаў складаная».



Паводле суразмоўніцы, нават 60 эўра за шэнгенскую візу выглядаюць драбніцаю ў параўнаньні з коштам працоўнай кітайскай:

«Сярэдні кошт працоўнай гадавой візы складае дзесьці 1500 даляраў. Гэта ў сярэднім, то бок можа быць і большым. Меншым — ужо наўрад ці. Што да аднаразовай, то, думаю, яна не зьмянілася — 100 даляраў. Дзеля справядлівасьці, турысту набыць візу досыць лёгка, тут амаль ніякіх праблемаў. Але калі гэта тычыцца працы, усіх астатніх спраў, то атрымаць яе надзвычай складана».

Іу — яскравы прыклад імклівай індустрыялізацыі Кітаю. Тут разьмяшчаецца самы вялікі аптовы рынак у сьвеце — прадукцыю сюды пастаўляюць наўпрост з канвэера, што дазваляе рэалізоўваць яе практычна па сабекошце:

«Тут толькі вытворчасьць, толькі фабрыкі. Нічога больш. Гэтая вытворчасьць забясьпечвае ня толькі ўвесь Кітай, але і Эўропу, Амэрыку. Тут разьмяшчаюць замовы самыя вядомыя брэнды, а ўвогуле экспарт ідзе абсалютна ва ўсе часткі сьвету. Прадукцыя, якая нацэленая на зьнешнія рынкі, складае большую частку — амаль 60%. Адпаведна, каля 40% ідзе на ўнутраны рынак. Тое, што ідзе на экспарт, у масе сваёй разьмяшчаюць замежныя прадпрыемствы, найбольш вядомыя маркі. Зробленае для спажываньня ў Кітаі на экспарт, як правіла, не адпраўляецца».

Як кажа Анастасія Асташэвіч, адрозна ад беларусаў, кітайцы эфэкт ад рэформаў адчуваюць на ўласнай кішэні. Пакуль кіраўніцтва Беларусі намагаецца зьдзівіць сьвет заробкам у паўтысячы даляраў, у Іу рабочы на канвэеры атрымлівае больш за 1000. Пры мінімальных выдатках на камунальныя плацяжы, харчаваньне, ня кажучы пра вопратку, сярэднестатыстычны кітаец можа дазволіць сабе больш, чым беларус:

«Вядома, яны зацікаўленыя ў заробку. Цяпер у Кітаі ўжо іншая філязофія жыцьця: кожны стараецца жыць лепш. І такая магчымасьць ёсьць. Сярэдні кітайскі грамадзянін на фабрыцы зарабляе 7–8 тысяч юаняў. Калі падзяліць на 6, на курс даляра, то будзе больш за тысячу даляраў. Гэта сярэдні заробак. Я не кажу пра мэнэджэраў, пра людзей, якія стаяць вышэй на службовай лесьвіцы. То бок у такіх прамысловых цэнтрах прыбыткі большыя за сярэднія беларускія. Імкліва фармуецца сярэдні кляс, які можа сабе дазволіць і добрую кватэру, і машыну, і падарожжы. То бок вось гэтая вялізная маса кітайцаў жыве ўжо зусім нядрэнна. Асабліва калі параўноўваць з агульным узроўнем жыцьця, коштамі нерухомасьці, харчаваньня — гэта ўсё для іх выйгрышна».

У чым Беларусь з Кітаем сапраўды выраўнялася — дык гэта ў абмежаваньнях свабоды слова і выказваньняў. Крытыка вышэйшых уладаў у абедзьвюх краінах можа мець дрэнныя наступствы. Палітзьняволеныя ёсьць і там, і там.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG