Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На журналістку, што асьвятляла пікет супраць вайны ва Ўкраіне, завялі справу


Бабруйскую журналістку Марыну Малчанаву вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. 12 сакавіка на яе быў складзены пратакол.

У міліцыю журналістку выклікалі напярэдадні як «асобу, супраць якой вядзецца адміністрацыйны працэс».

Нагодай для адміністрацыйнага перасьледу Марыны Малчанавай стаў пікет бабруйскіх актывістаў, якія пратэставалі супраць вайны ва Ўкраіне. На акцыі журналістка знаходзілася па заданьні рэдакцыі газэты «Бабруйскі кур’ер». Марына Малчанава паведаміла «Свабодзе», што міліцыянтаў цікавіла, ці была яна на месцы правядзеньня несанкцыянаванага мерапрыемства і ці знаёмая з удзельнікамі.

Паводле журналісткі, у міліцыі не патлумачылі, якое канкрэтна абвінавачваньне ёй выстаўляецца. Ёй выпісалі позву на 17 сакавіка для складаньня адміністрацыйнага пратаколу.

«Мне цяжка патлумачыць, чаму мяне выклікалі ў міліцыю як падазраваную асобу. Наўрад ці я ўяўляю небясьпеку для грамадзкага спакою. Мо гэта такія прэвэнтыўныя захады запалохваньня? Я думаю, што яны ведаюць, у якой якасьці я была на той акцыі. Дужа адчувалася па настроі маёра Рудзька, які мяне дапытваў, што яны хочуць зрабіць нейкую падлянку», — мяркуе Марына Малчанава.

Пікет, у якім, паводле журналістаў «Бабруйскага кур’ера», удзельнічала два чалавекі, адбыўся 6 сакавіка. Пікетоўцы трымалі папяровую расьцяжку: «Мы супраць вайны». Адна з удзельніц, Галіна Сьмірнова, зьвярталася па дазвол на акцыю ў гарвыканкам, але ёй адмовілі. Галіну Сьмірнову і яе мужа 13 сакавіка таксама выклікаюць у міліцыю як «асобаў, супраць якіх вядзецца адміністрацыйны працэс». Галіна Сьмірнова заяўляе, што яе муж у акцыі ня ўдзельнічаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG