Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Данькова: «Супроць мужа сьведчаць дзяўчаты, якія стаяць на ўліку ў міліцыі як прастытуткі»


Юры Данькоў
Юры Данькоў

На працэсе над былым уладальнікам казіно «Данькоў-клюб» Юрыем Даньковым закончыліся судовыя спрэчкі. Ці прызнаў сябе вінаватым Юрый Данькоў хаця б па адным з выстаўленых яму абвінавачаньняў?

Судовыя спрэчкі на працэсе над Юрыем Даньковым занялі ня больш за гадзіну. Вядома, што адвакат Юрыя Данькова прасіла суд яго апраўдаць, але абаронца адмовілася паведаміць карэспандэнту Радыё Свабода, якія доказы невінаватасьці свайго падабароннага яна прыводзіла суду.

Жонка Юрыя Данькова Натальля падчас спрэчак сядзела пад дзьвярыма судовай залі, паколькі спрэчкі, як і ўвесь працэс, былі закрытыя. Свайго мужа яна бачыла цягам некалькіх сэкундаў адразу, як залю пакінуў пракурор. «Вельмі худы, бледны, стомлены; ведаю, што ўвесь час хоча есьці», — сказала пра Юрыя Данькова ягоная жонка. Ці прызнае ён сябе вінаватым?

Натальля Данькова
Натальля Данькова
Натальля Данькова: «Мне вядома тое, што суд працягнецца 17 сьнежня. Ніводнага абвінавачаньня зь яго не зьнялі, але і ён не прызнае сябе ні ў чым вінаватым. У мяне ёсьць зьвесткі, што дзяўчаты, якія супроць яго сьведчаць, стаяць на ўліку ў міліцыі, неаднаразова іх штрафавалі за прастытуцыю. Яшчэ адна сьведка, як сказаў пракурор, нібыта зьмяніла прозьвішча пасьля таго, як пабралася шлюбам і зьехала ў Маскву. Але паводле маіх зьвестак, яна працягвае жыць у Менску і замуж ня выйшла, а проста зьмяніла прозьвішча. Вось такія нібыта сьведкі».

Карэспандэнт: «Ці даходзяць ад яго лісты?»

Натальля Данькова: «Даходзяць. Піша зноў і зноў, што ні ў чым не вінаваты. Спадзяецца на апраўдальны прысуд, бо лічыць, што сапраўдных сьведак няма.»

Юрый Данькоў быў арыштаваны ў верасьні мінулага году і абвінавачаны паводле 7 пунктаў абвінавачаньня, у тым ліку ва ўцягваньні ў прастытуцыю, утрыманьні прытону, нясплаце падаткаў, падробцы дакумэнтаў ды іншых злачынствах. Суд над Юрыем Даньковым у Маскоўскім судзе Менску ішоў тры месяцы, судзілі бізнэсоўца за зачыненымі дзьвярыма. Вядома, што на судзе выступілі дзясяткі сьведак, але невядома, якая частка зь іх давала паказаньні адносна прытону. Прозьвішчы гэтых сьведак таксама не агалошваюцца. Натальля Данькова не выключае, што справу супроць яе мужа сфабрыкавалі, каб завалодаць будынкам у цэнтры гораду, дзе зьмяшчаўся «Данькоў-клюб», і там разьмясьціць новае казіно. Прадстаўнікі ўласьніка будынку па вуліцы Мясьнікова з Таварыства глухіх кажуць, што дагэтуль невядома, каму будзе здавацца ў арэнду былы будынак «Данькоў-клюбу».

Бізнэсмэн Юрый Данькоў вядомы таксама сваёй дабрачыннай дзейнасьцю і палітычнай актыўнасьцю: у 1990-ых гадах ён быў дэпутатам Менскага гарсавету, а ў пачатку 2000-ых гадоў спрабаваў стаць кандыдатам на прэзыдэнта, але не сабраў патрэбнай колькасьці подпісаў.

17 сьнежня Юрый Данькоў выступіць з апошнім словам, а калі будзе абвешчаны прысуд, залежыць ад судзьдзі Натальлі Кузьняцовай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG