Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Беларусы на эгіпецкіх курортах ёсьць і будуць


30 жніўня авіякампанія «Белавія» выканала апошні чартэрны рэйс у Эгіпет, заплянаваны на жнівень. Мяркуецца, што гэтым жа бортам дадому вернуцца беларускія турысты, якія яшчэ застаюцца ў Эгіпце. У сувязі са складанай палітычнай сытуацыяй у гэтай паўночнаафрыканскай краіне на ўвесь верасень палёты ў аэрапорты Хургады і Шарм-аль-Шэйху цалкам прыпыненыя. Як удакладнілі ў Міністэрстве спорту і турызму, у выпадку скрайняй неабходнасьці будуць зафрахтаваныя самалёты, каб вывезьці тых, хто ляцеў праз Маскву ці Кіеў.

Блізу 900 беларускіх турыстаў мелі намер пакінуць Эгіпет цягам апошняй дэкады жніўня. Ці ўсе скарыстаюць такую магчымасьць у перадапошні дзень лета — застаецца пытаньнем. У іншым выпадку дабірацца на радзіму давядзецца кружнымі шляхамі. Тым ня меней, як кажа экспэрт турыстычнай галіны Лілія Кобзік, ахвотных адпачыць на Чырвоным моры дастаткова. Весткі з Эгіпту ўжо не такія трывожныя, а шэраг расейскіх турапэратараў заявілі пра аднаўленьне браніраваньня тураў на папулярныя курорты:

«У асноўным беларусы на курорты Эгіпту дабіраюцца арганізавана, ланцужкамі, якія належаць кампаніі „Tez Tour“, а пуцёўкі прадаюць розныя агенты. Але ёсьць невялікі паток турыстаў, якія дабіраюцца самі. Таму беларускія турысты на курортах ёсьць і будуць. Яны будуць лятаць нейкімі рэйсамі праз Эўропу, магчыма, некаторыя маскоўскія рэйсы будуць таксама адноўленыя. Інфармацыя кожны дзень мяняецца. Некаторыя расейскія апэратары абвяшчаюць, што зноў адновяць рэйсы, на наступны дзень кажуць, што вырашылі пачакаць, потым зноў мы бачым заявы, што, аказваецца, ёсьць попыт. Нягледзячы на тое, што пэўны час сытуацыя была вельмі крытычная, здавалася, што разгараецца сапраўдная грамадзянская вайна, цяпер крыху ўсё прыціхла. І для шмат якіх турыстаў гэта знак, што ехаць можна, толькі нельга выбірацца з курортаў. Таму турфірмы і сёньня прымаюць званкі — турысты цікавяцца. Іншая справа, як будзе разьвівацца сытуацыя з той жа дастаўкай. Бо зь верасьня рэйсаў ня будзе, праграмы прыпыненыя. Але калі будзе ціха, то, магчыма, празь нейкі час браніраваньне зноў адновіцца».
Цяпер крыху ўсё прыціхла, і для шмат якіх турыстаў гэта знак, што ехаць можна

Прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму Ўладзімер Несьцяровіч кажа, што калі ў сярэдзіне жніўня, адразу пасьля крывавых сутычак паміж арміяй і прыхільнікамі зрынутага прэзыдэнта Мухамэда Мурсі, ведамства прымала дзясяткі званкоў ад напалоханых турыстаў, то цяпер людзі супакоіліся. Абсалютная бальшыня ўрэшце выправілася на эгіпецкае ўзьбярэжжа, кагосьці пераарыентавалі ў Баўгарыю ці Турэччыну, камусьці вярнулі грошы.

«Пасьля таго як у Эгіпце абвясьцілі рэжым надзвычайнага становішча, зваротаў у міністэрства было вельмі шмат. Кожны дзень тэлефоны проста разрываліся — званкоў 300 пэўна было. Цяпер, наколькі магу меркаваць, кантактуючы з супрацоўнікамі дэпартамэнту турызму, такія звароты зьведзеныя практычна да мінімуму. Разам з тым нашы спэцыялісты гатовыя тлумачыць, дапамагаць і адстойваць інтарэсы грамадзянаў, калі раптам нейкія турыстычныя кампаніі ігнаруюць законныя патрабаваньні людзей ці спрабуюць ісьці на нейкія хітрыкі. Усе мы цудоўна разумеем, што турфірмы ў гэтай сытуацыі, безумоўна, таксама пацярпелі. Але перш-наперш мы перакананыя: нельга ставіць на адну вагу жыцьцё чалавека, бясьпеку яго здароўя, захаванасьць маёмасьці і нейкія матэрыяльныя страты. Урэшце, мы ў гэта таксама верым, для любой турыстычнай кампаніі страта дзелавой рэпутацыі нашмат даражэйшая, чым тое, што яны сёньня могуць страціць нейкія сродкі».

Хоць надзвычайнага становішча ў Эгіпце ніхто не адмяняў, некаторыя турфірмы спрабуюць штрафаваць кліентаў, якія адмаўляюцца ад заплянаванай паездкі ў Эгіпет. Пры гэтым спасылаюцца на прапісаныя ўмовы пагадненьня, якія тычацца спагнаньня за адмову ад тура. Наколькі законныя падобныя санкцыі — кажа намесьнік дырэктара дэпартамэнту турызму галіновага ведамства Андрэй Мартынаў:

«Штрафы з боку турфірмаў ня могуць быць паводле азначэньня. Разумееце, штраф — гэта пакараньне за адміністрацыйнае правапарушэньне. А адмова ад пагадненьня ў сувязі з надзвычайным становішчам не зьяўляецца адміністрацыйным правапарушэньнем. Адпаведна, ніякія штрафы ня могуць накладацца. Дый фірмы не ўпаўнаважаныя накладаць штраф на турыста. Я кажу ў прамым сэнсе слова — як адміністрацыйнае правапарушэньне. Проста турыстычныя кампаніі, скажам так, перакладаюць нормы дамовы з турапэратарамі на турыстаў. Вядома, яны таксама нясуць страты, іх таксама можна зразумець. У іх дамовы ў бальшыні выпадкаў заключаныя на ня вельмі выгадных умовах для турыстычных агенцтваў. А на пытаньне пра зьмену дамовы, як я разумею, ім могуць адказаць дасьціпна: пахадзіце па базары — таньней знайдзіце. Ці пашукайце каго іншага. А ім таксама трэба жыць, таксама трэба зарабляць».

Беларусы, якія вярнуліся з Эгіпту, расказваюць, што сытуацыя ў курортных зонах досыць спакойная, а турыстаў ахоўваюць узброеныя жаўнеры. Аднак выходзіць за тэрыторыю гатэляў практычна ніхто не рызыкуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG