Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турыст у Турэччыне: Будзеш хадзіць з голым пупам — нарвесься


Акцыя пратэсту
Акцыя пратэсту

Туркі ўзьняліся супраць палітыкі ўласнага ўраду, чые высілкі, на думку многіх, скіраваныя на «паўзучую» ісламізацыю краіны. Вынікам пратэстаў — сама меней двое загінулых, больш за 3 тысячы параненых, многія ў цяжкім стане; блізу 2 тысяч удзельнікаў узятыя пад варту. Турэччына традыцыйна застаецца адным з улюбёных месцаў адпачынку замежнікаў, уключна зь беларусамі.

Нягледзячы на жорсткія захады паліцыі, акцыямі пратэсту ахопленыя блізу сямі дзясяткаў гарадоў Турэччыны, да якіх далучаюцца ўсё новыя мясьціны. Паведамляецца, што выступы тых, хто незадаволены палітыкай уладаў, дакаціліся да Анталіі, папулярнай сярод турыстаў перадусім з постсавецкіх краінаў. Іншыя марскія курорты хваляваньні пакуль не закранулі, хоць напружанасьць адчуваецца.

Аляксей Малачаеў адкрыў для сябе Турэччыну яшчэ на пачатку 1990-х, калі «чаўнаком» езьдзіў у Стамбул на закупы. Цяпер патрэбы ў шоп-турах ня мае, але штогод адпачывае на курортах Бодруму. Там ён і цяпер. Кажа, што за два дзясяткі гадоў паводзіны туркаў вывучыў досыць добра, таму перакананы — на турыстаў, якія прывозяць сюды сотні мільёнаў даляраў, ніводзін турак руку не падыме. Але і замежнікам у цяперашняй сытуацыі лепш паводзіць сябе абачліва:

Тут у нас усё спакойна, пра ўсе падзеі даведваемся з тэлевізара. І ня думаю, што нешта сюды дакоціцца
«Тут у нас усё спакойна, пра ўсе падзеі даведваемся з тэлевізара. І ня думаю, што нешта сюды дакоціцца... А ўвогуле, туркі — вельмі чульлівы народ. Яны ня церпяць болю, яны ня могуць ваяваць — калі іх, як і любога іншага, не давесьці да нейкай мяжы. Ну, вось пэўны момант настаў. Але гэта іх унутраныя праблемы, разьбяруцца. Нічога страшнага няма, іх стан можна зразумець — калі, вядома, хацець гэта зразумець па-сапраўднаму. Бо калі ты будзеш паўп’яны хадзіць, з голым пупам, з голай, прабачце, задніцай, дэманстратыўна не зьвяртаць на іх увагі, а ня дай божа, яшчэ абражаць, — натуральна, яны будуць у трансе ад гэтага ўсяго. Тады можна проста нарвацца на непрыемнасьці».

У офісах турыстычных кампаній кажуць, што пакуль масавых адмоваў ад набытых пуцёвак няма. У буйной кампаніі, якая спэцыялізуецца на турэцкім напрамку, паведамілі, што на пазьнейшы тэрмін перанесла браніраваньне толькі адна сям’я з двума малымі дзецьмі. Дырэктар турыстычнага парталу Holiday.by Андрэй Барашка схільны лічыць, што турэцкі кірунак ад цяперашніх падзеяў моцна не пацерпіць. Па яго словах, раньняе браніраваньне дае істотныя зьніжкі на адпачынак, а адмаўляцца ад магчымасьці заашчадзіць — ня ў правілах беларусаў:

«Я думаю, паток ня толькі захаваецца, але і памножыцца. Прапановы выгадныя, гэтаму спрыяе перадусім раньняе браніраваньне. То бок пры раньнім браніраваньні ідзе адчувальнае зьніжэньне кошту. Таму Турэччына застанецца пры любым раскладзе. Дый дынаміка захоўваецца станоўчая, пра што сьведчыць нават статыстыка наведваньняў на Holiday.by. Прыкладам, у сэзон за суткі ня меней за тысячу разоў адчыняюцца старонкі з прапановамі па Турэччыне. Цяжка пакуль сказаць, ці будзе канкурэнцыя зь Беларусьсю, калі браць топ-напрамкі, бо звычайна менавіта Турэччына і Беларусь спаборнічаюць па колькасьці запытаў электронных заявак на адрас турфірмаў. Але наўрад ці трэба нават параўноўваць гэтыя два напрамкі, таму што Беларусь — гэта ўсё ж унутраны турызм, а Турэччына — турызм выязны. Таму, мяркую, нягледзячы ні на што, Турэччына будзе актуальным курортам да канца сэзону».

​Удзельнікі турыстычнага рынку спадзяюцца, што да сэзону масавых адпачынкаў хваляваньні ў Турэччыне суцішацца — цягам першай дэкады чэрвеня гатэлі толькі запаўняюцца. У непахіснасьці турэцкага кірунку перакананы і кіраўнік Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмэйстар. Адсутнасьць візавых перашкодаў і добры сэрвіс за прымальныя грошы — галоўныя складнікі папулярнасьці турэцкіх курортаў:

«Трэба сказаць, што сэзон пачынаецца досыць актыўна. Раньняе браніраваньне фактычна завершанае, а што да асноўных плыняў, якія ахопліваюцца статыстыкай у фірмах, то іх збольшага дадуць ліпень і жнівень, калі будзе зразумела, як і што прадавалася. Але раньнія продажы на тую ж Турэччыну ўжо даўно скончыліся, таму ніхто іх скасоўваць ня будзе. Тым больш, імпэту дадалі папярэднія гады, якія прыпалі на крызіс 2011-га і на барацьбу зь ягонымі наступствамі ў 2012-м. То бок актыўнасьць сёлета забясьпечаная за кошт таго, што частка патоку летась-пазалетась нікуды не паехала, і гэта адзін са складнікаў, які паспрыяў росту. Калі ў папярэднія гады народ яшчэ сумняваўся — куды ехаць, за што ехаць, то ашчаджэньні, якія засталіся, дазволілі ў гэтым сэзоне павялічыць складнік гэтага росту. Таму, два гады адпачыўшы дома, людзі абавязкова паедуць».

Апанэнты цяперашняга рэжыму абвінавачваюць прэм’ер-міністра Турэччыны Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў спробе ўзурпацыі ўлады, якую ён трымае ўжо больш за 10 гадоў. Сам Эрдаган адмятае ўсе абвінавачаньні з боку апазыцыі ў тым, што ягоны ўрад — аўтарытарны і праісламісцкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG