Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адпачынак у Эгіпце: экстрэмальна, але нядорага


Кожная зьмена палітычнага рэжыму ў Эгіпце прыводзіць да гвалту і значных ахвяраў.

Вынікам чарговага супрацьстаяньня паміж прыхільнікамі зрынутага прэзыдэнта Мухамэда Мурсі і вайсковымі падразьдзяленьнямі сталі сотні забітых і тысячы параненых. Па ўсёй краіне на месяц абвясьцілі надзвычайнае становішча, а ў некаторых правінцыях увялі камэнданцкую гадзіну. Абмежаваньні закранулі і папулярныя курорты, дзе любяць адпачываць і беларускія турысты. Ці адбіліся крывавыя падзеі ў Эгіпце на колькасьці ахвотных правесьці там вакацыі?

Беспарадкі, якія разгарнуліся ў эгіпецкіх гарадах і каштавалі жыцьця больш як чатыром сотням чалавек, істотна адкарэктавалі магчымасьці турыстычнай галіны. На неакрэсьлены час спыніліся папулярныя экскурсіі да пірамідаў у Гізе ды іншых гістарычных аб’ектаў; камэнданцкая гадзіна ахапіла і такія прыцягальныя гарады Паўднёвага Сінаю, як Шарм-аль-Шэйх, Дахаб, Нувэйба, Таба, вакол якіх багата папулярных курортаў. Забурэньні адбыліся і ў Хургадзе — прыхільнікі Мухамэда Мурсі атакавалі паліцэйскі пастарунак, занялі вакзал і цэнтральную плошчу. У такой сытуацыі рэальным застаецца выключна адпачынак у «рэзэрвацыях», абмежаваных тэрыторыяй гатэля.

У Міністэрстве спорту і турызму Беларусі ня маюць дадзеных пра тое, колькі беларусаў цяпер адпачывае ў Эгіпце. Як удакладняе прадстаўнік ведамства Ўладзімер Несьцяровіч, шмат хто карыстаецца больш прывабнымі прапановамі замежных кампаніяў і ў турыстычную статыстыку не трапляе:

«Можна казаць толькі пра тых турыстаў, якія ляцяць праз Нацыянальны аэрапорт,
На жаль, беларусы, расейцы, украінцы ды іншыя славяне калі ўжо набылі пуцёўку, то, хутчэй за ўсё, паедуць — на ўласны страх і рызыку
яны зафіксаваныя. Але справа ў тым, што многія ляцяць зь Вільні, з Кіева, з Масквы, з розных іншых месцаў. І адсачыць, хто зь іх цяпер і ў якой колькасьці знаходзіцца ў Эгіпце, наўрад ці ўяўляецца магчымым. Можа, хіба праз запыт у афіцыйныя органы, адпаведныя міністэрствы і турыстычныя кампаніі Эгіпту. Але я думаю, што зараз гэта будзе надзвычай праблематычна — там занятыя яўна не адсочваньнем статыстыкі. На жаль, беларусы, расейцы, украінцы ды іншыя славяне часьцяком недаацэньваюць сур’ёзнасьць сытуацыі і калі ўжо набылі пуцёўку, то, хутчэй за ўсё, паедуць — на ўласны страх і рызыку. Думаюць, што да курортаў гэта не дакоціцца. Хоць цяпер якраз той выпадак, што хваляваньні дайшлі і да курортных зонаў».

У офісах беларускіх турыстычных фірмаў кажуць, што масавых адмоваў ад ужо набытых пуцёвак у Эгіпет няма — хіба што адзінкавыя выпадкі. На думку кіраўніка Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацыяў Валянціна Цэхмэйстара, наўрад ці варта асьцерагацца тым, хто адпачывае ў гатэлях, але для ахвотных паезьдзіць з экскурсіямі магчымасьці згортваюцца:

Валянцін Цэхмэйстар
Валянцін Цэхмэйстар
«На ўзроўні захадаў, прынятых урадам у частцы арганізацыі гатэльнага бізнэсу, усё застаецца бязь зьменаў. То бок, хто едзе атрымаць менавіта гатэльны адпачынак — суправаджэньне і бясьпека ў гатэлях застаюцца на ранейшым узроўні, ніхто туды не пранікае, і людзі адпачываюць. Іншая рэч наконт экскурсіяў, паездак у гэтым рэгіёне ў цэлым. Вось гэта сапраўды досыць рызыкоўна і небясьпечна. Таму і МЗС, і галіновае ведамства, і турфірмы пра ўсё гэта папярэджваюць. Але турысты ўсё роўна едуць, яны на гэта асабліва не зьвяртаюць увагі — пакуль ня здарыцца нешта надзвычайнае. Тады некаторыя на пэўны час задумаюцца, каб, зноў жа, потым пра гэта забыцца».

Афіцыйныя ведамствы Беларусі рэкамэндуюць турыстам усё ж устрымацца ад паездак у Эгіпет, адклаўшы падарожжа да лепшых часоў ці знайшоўшы альтэрнатыву. Але калі рашучасьць мацнейшая за страх, то, як кажа прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму Ўладзімер Несьцяровіч, варта трымацца хоць бы элемэнтарных правілаў:

«Што тычыцца рэкамэндацыяў, то і МЗС, і наша ведамства рабілі папярэджаньні, як там толькі пачыналася абвастрэньне сытуацыі. Гэта ўжо было некалькі разоў, і цяпер мы да гэтай тэмы зноў вяртаемся. Як толькі пачало ўскладняцца становішча, наш дэпартамэнт турызму падрыхтаваў своеасаблівую памятку для турыстаў. Найперш, калі грамадзяне ўжо знаходзяцца ў эпіцэнтры падзеяў, то ні ў якім выпадку не рэкамэндуецца пакідаць свае гатэлі і курортныя зоны. Па-другое, не выяжджаць у буйныя гарады, дзе цяпер адбываюцца хваляваньні. Нарэшце, ні ў якім разе ня ўдзельнічаць у вулічных пратэстных акцыях на тым ці іншым баку. Само сабой, мы зьвяртаем увагу, што сытуацыя там складаная, напружаная і невядома, калі яна стабілізуецца».

Экспэрт у галіне турызму Валянцін Цэхмэйстар кажа, што, па вялікім рахунку, цяпер у Эгіпет няма чаго і ехаць — практычна на ўсіх курортах тэмпэратура перавышае 40 градусаў. Але паколькі з гледзішча цэнавых прапаноў гэты кірунак даступны нават сярэдняй катэгорыі беларускага насельніцтва, ён будзе мець устойлівы попыт у любую пару году:

«Ну, зараз там увогуле рабіць няма чаго, на мой погляд. Нават з пункту гледжаньня гарачыні, ня кажучы пра ўсё іншае. А вось дзесьці зь верасьня па травень — справа іншая. Цэнавыя парамэтры, плюс аптымальнасьць, раскручанасьць гэтага рынку — у адпаведнасьці з прапановай і попыт вызначаецца гэтаксама. А попыт стабільны. Альтэрнатыва, якую намагаліся перахапіць грэкі, баўгары, пакуль не апраўдалася. Так, яна мае месца, асабліва ў летні пэрыяд. Але Эгіпет як быў, так і застаецца, нічога яму асабліва не пагражае. Павінны здарыцца нейкія надта экстраардынарныя падзеі ў краіне, каб яны літаральна захліснулі аэрапорт ці самі курорты — тады можа быць. А тыя прапановы, якія стабільна прысутнічаюць на рынку, запатрабаваныя — людзі ляцяць і адпачываюць. Гэта хто аддае перавагу гатэльнаму бізнэсу, без экскурсіёнкі, без падарожжаў па краіне».

Тым часам у трывожных вестках з Эгіпту пачалі фігураваць турысты. Так, два дзясяткі грамадзянаў Польшчы, якія адпачывалі ў Табе за 250 кілямэтраў ад Шарм-аль-Шэйху, не змаглі вылецець на радзіму. Прыхільнікі Мурсі заблякавалі асноўныя дарогі, у выніку чаго палякі так і не дабраліся да аэрапорту. Аналітыкі схіляюцца да думкі, што замежнікам наўрад ці ўдасца застацца назіральнікамі ва ўнутраным канфлікце жыхароў Эгіпту, таму рэальна ці ўскосна, але непазьбежна нехта пацерпіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG