Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Драматурга Карэліна, які абразіў міліцыю, звольнілі


Андрэй Карэлін
Андрэй Карэлін

Драматург Андрэй Карэлін, якога аштрафавалі за камэнтары на форуме, звольнены з Новага драматычнага тэатру.

Пра гэта ён сам паведаміў БелаПАН.

Сёлета ў траўні на форуме партала tut.by Карэлін пакінуў два нэгатыўныя камэнтары на адрас міліцыі, за што ў дачыненьні да яго быў пачаты адміністрацыйны працэс па двух артыкулах КаАП Рэспублікі Беларусь — 23.5 (абраза службовай асобы падчас выкананьня ёю службовых паўнамоцтваў) і 9.3 (абраза). У ліпені драматурга аштрафавалі на 10 млн рублёў, аднак потым гэтую суму скарацілі да 7 млн рублёў.

Пазьней Карэлін пайшоў у адпачынак, а вярнуўшыся зь яго, наведаў 26 жніўня дырэктара тэатру Васіля Мартэцкага, каб вырашыць рабочыя пытаньні. Аднак той параіў яму напісаць заяву аб сыходзе, распавёў драматург. Па словах Карэліна, Мартэцкі сказаў, што ў тэатар патэлефанавалі з Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкаму і запатрабавалі звольніць драматурга.

«Я не рызыкнуў падводзіць чалавека пад манастыр і перарываць яго кар’еру, таму я напісаў заяву аб сыходзе, разумеючы, што калі размова зайшла так, то прычына для майго звальненьня ў гэтай краіне заўсёды знойдзецца», — распавёў драматург.
Ён сказаў, што мне лепш пакінуць ня толькі тэатар, але і Беларусь

Карэлін адпрацаваў у Новым тэатры менш за год — з 26 верасьня 2012 году. Паводле ягоных слоў, у ліпені дырэктар тэатру напісаў яму станоўчую характарыстыку для суду, а таксама падпісаў заяву аб працягу кантракту на два гады.

Цяпер драматург шукае новай працы і гатовы працаваць не па спэцыяльнасьці. Ён не выключае і магчымай эміграцыі зь Беларусі. «Я прыняў да ведама параду дырэктара. Ён сказаў, што мне лепш пакінуць ня толькі тэатар, але і Беларусь, таму што далей будзе толькі горш. Я ня ўпэўнены, што гэта былі ягоныя словы. Мне здаецца, што гэта было перададзена людзьмі, якія запатрабавалі майго звальненьня», — сказаў Карэлін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG