Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар скандальнага камэнтара пра міліцыю: мяне пазбаўляюць сродкаў да існаваньня


Суд Фрунзенскага раёну Менску аштрафаваў на 10 мільёнаў рублёў 35-гадовага менчука, драматурга Андрэя Карэліна, які разьмясьціў у інтэрнэце выказваньні ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі.

Камэнтар зьявіўся 28 траўня гэтага году на адным з папулярных беларускіх інтэрнэт-парталаў.

Карыстальнік пад нікам «gentenbain» ацаніў супрацоўнікаў Фрунзэнскага РУУС Менску, згадаўшы гібель прапаршчыка міліцыі Ігара Іванчыкава.

«Адчуваючы сваю беспакаранасьць і ўсёдазволенасьць у віртуальнай прасторы, фарумчанін не саромеўся ў выразах, якія зьневажаюць гонар і годнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», — заявілі сёньня ў МУС Беларусі.

У міністэрстве распавялі, што апэратыўнікі ўправы па раскрыцьці злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгій МУС выявілі асобу гэтага інтэрнэт-карыстальніка.

«Ім аказаўся 35-гадовы жыхар Менску, загадчык літаратурна-драматычнай часткі аднаго са сталічных тэатраў. Характэрна, што да нядаўняга часу мужчына працаваў выкладчыкам Беларускага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў. У дачыненьні да яго быў распачаты адміністрацыйны працэс адразу па двух артыкулах Кодэксу аб адміністратыўных парушэньнях — „Абраза службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў“, пацярпелымі па якой прызнаныя супрацоўнікі Фрунзэнскага РУУС Менску, а таксама „Абраза“ з пацярпелай — удавой загінулага міліцыянта».

Міліцыянтаў абразілі словы пра факты нядобрасумленнага выкананьня службовых абавязкаў і брудны вонкавы выгляд супрацоўнікаў Фрунзенскага РУУС.

ГУУС Менгарвыканкаму правяло праверку. «Прыведзеныя довады не знайшлі свайго пацьверджаньня, а дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі былі прызнаныя прафэсійна граматнымі, карэктнымі, якія не парушаюць правоў і законных інтарэсаў грамадзяніна», — адзначылі ў МУС.

Інтэрнэт-карыстальнік віны сваёй не прызнаў, свой допіс палічыў цалкам прымальным.

Але суд стаў на бок міліцыі, прызнаў жыхара Менску вінаватым у зьдзяйсьненьні адміністрацыйных правапарушэньняў па прад’яўленых артыкулах і пастанавіў аштрафаваць яго на 5 мільёнаў рублёў за кожнае з двух правапарушэньняў — агулам на 10 мільёнаў.

Тым часам аўтар скандальнага паста пачаў шукаць грошы на выплату штрафаў.

Гэты зварот ён зьмясьціў на сваім сайце:

«Сябры, калегі, паплечнікі, людзі, якім не ўсё роўна, што адбываецца ў Беларусі! Дапамажыце мне сабраць сродкі на аплату адміністрацыйнага штрафу (1150 $) за правапарушэньне, якога я не зьдзяйсьняў!», — піша драматург Андрэй Карэлін, які працуе загадчыкам літаратурна-драматычнай часткай у Новым драматычным тэатры Менску.

У Беларусі і Расеі пастаўленыя мае п’есы. На жаль, у гэтай краіне гэта не прыносіць даходу і дабрабыту. 18 траўня 2013 году разам са сваёй жонкай я падвергнуўся нападу чалавека і быў вымушаны выклікаць беларускую міліцыю. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі, паводзілі сябе груба і бестактоўна, абражалі мяне і маю жонку.
Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі, паводзілі сябе груба і бестактоўна, абражалі мяне і маю жонку

Вынікам усяго гэтага стала зьяўленьне майго камэнтара 28 траўня 2013 году на беларускім партале www.tut.by, дзе я напісаў сваё асабістае меркаваньне, расказаў пра грубасьці, якую праявілі ў адносінах да мяне і маёй жонкі міліцыянты.

19 чэрвеня 2013 года ў 6 гадзін 20 хвілін раніцы я быў арыштаваны пры выхадзе з кватэры ў Менску. Мяне адвезьлі ў пастарунак, дзе паказалі прадпісаньне беларускага міністра ўнутраных спраў правесьці ў дачыненьні да мяне праверку.

У ліпені 2013 нада мной адбыўся суд, дзе і я, і мая жонка далі паказаньні супраць супарцоўнікаў беларускай міліцыі. Я прасіў суд падвергнуць мяне праверцы на дэтэктары хлусьні, каб перамагла справядлівасьць. Аднак рашэньне суду, як стала вядома пазьней, было прадвызначана.

Мне выпісалі штраф 10 000 000 беларускіх рублёў (прыкладна 1150 даляраў ЗША) за абразу работнікаў міліцыі. Хоць па адпаведных артыкулах адміністрацыйнага кодэксу краіны (23.5, 9.3) штраф ня мог перавышаць 7 мільёнаў.

Адным са слоў, якое было палічана абразьлівым, было слова «вольяжный», згаданае мною ў дачыненьні да аднаго зь міліцыянтаў. Мая зарплата ў тэатры — 3 500 000 рублёў (каля 400 даляраў ЗША). Такім чынам, мяне і маю сям’ю, у якой расьце маленькае дзіця (2 гады), пазбаўляюць сродкаў да існаваньня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG