Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы старшыня ЭЗ Польшча будзе падтрымліваць дэмакратыю ў Беларусі



1 ліпеня старшынёўства ў Эўразьвязе перайшло ад Вугоршчыны да Польшчы. У пэрыяд свайго старшынёўства Польшча мае намер прасоўваць тры асноўныя прыярытэты — эўраінтэграцыя як крыніца росту, бясьпечная Эўропа і адкрытая Эўропа, заяўляюць у Варшаве.

Яшчэ адной важнай тэмай стане ініцыятыва ЕС "Усходняе партнэрства", саміт якога пройдзе ў верасьні ў Варшаве.

Як паведаміў 27 чэрвеня міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, Беларусь будзе запрошаная на гэтае мерапрыемства. "Ніхто не выключаў Беларусь з Усходняга партнэрства. Беларусь будзе запрошаная на саміт партнэрства на вышэйшым магчымым узроўні", — сказаў ён.

Кіраўнік польскай дыпляматыі адзначыў, што падчас саміту будзе абнародаваны новы плян дзеяньняў Усходняга партнэрства. "Цяпер наша вельмі інтэнсіўная кулюарная дзейнасьць накіраваная на тое, каб зрабіць яго як мага больш амбіцыйным", — сказаў міністар.

Радаслаў Сікорскі
Гаворачы пра старшынства ў ЭЗ, Сікорскі падкрэсьліў: "Мы пакінулі сабе рэзэрвы сіл і сродкаў, каб падчас старшынства справіцца з тым, што складана прадбачыць. Могуць узьнікнуць супярэчнасьці, зьвязаныя, напрыклад, з жаданьнем Палестыны абвясьціць незалежнасьць. У нас ёсьць сур'ёзны эканамічны крызіс у Беларусі — наўпрост на нашай мяжы".

Акрамя таго, Польшча мае намер стварыць да канца 2011 года Фонд міжнароднай салідарнасьці. "Ён стане нашым інструмэнтам аказаньня дапамогі ў мэтах разьвіцьця, а таксама для падтрымкі дэмакратычных перамен, — сказаў Сікорскі. — Грошы павінны быць накіраваныя на цэлую палітру задач, у першую чаргу на падтрымку дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці ў такіх краінах, як Беларусь".

Як паведамляў БелаПАН, 30 чэрвеня ў Варшаве адбылася сустрэча Сікорскага і камісара па пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Эўразьвязу Штэфана Фюле з лідэрамі беларускай апазыцыі. На ёй абмяркоўвалася стратэгія ЭЗ адносна Беларусі. Паводле інфармацыі беларускіх удзельнікаў сустрэчы, эўрапейскія суразмоўцы падкрэсьлілі гатоўнасьць ЭЗ весьці далейшы дыялёг з афіцыйным Менскам, але першы крок павінны зрабіць беларускія ўлады, вызваліўшы палітзьняволеных.

Польшча, якая ўступіла ў Эўразьвяз 1 траўня 2004 году, будзе старшыняваць у аб'яднанай Эўропе ўпершыню.

Прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск задачы сваёй краіны фармулюе так:

Дональд Туск
- Паважаючы розныя погляды краін-членаў ЭЗ, мы будзем старацца салідарна працаваць на карысьць эфэктыўных перамоваў, асабліва ў тым, што тычыцца шматгадовага плянаваньня эўрапейскіх фінансаў. Польшча прыступіць да такіх перамоваў у самым пачатку свайго старшынства.

Польскі ўрад разьлічвае таксама, што да канца гэтага года Ўкраіна падпіша з ЭЗ пагадненьня аб партнэрстве і свабодным гандлі. Далейшае пашырэньне ЭЗ - яшчэ адна з задач польскага старшынёўства. Для Варшавы важна, каб на працягу бліжэйшых шасьці месяцаў Харватыя фармальна скончыла з Брусэлем перамовы аб уступленьні ў ЭЗ.

Старшыняваць у ЭЗ Польшча будзе да 31 сьнежня 2011 года.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG