Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сейм Літвы падтрымаў у першым чытаньні дэнансацыю пагадненьня зь Беларусьсю аб супрацы ў мытнай справе


Нацыянальная сымболіка на форме літоўскіх мытнікаў. Ілюстрацыйнае фота прэсавай службы ўраду Літвы
Нацыянальная сымболіка на форме літоўскіх мытнікаў. Ілюстрацыйнае фота прэсавай службы ўраду Літвы

Адпаведны законапраект падтрымалі 93 дэпутаты і 3 парлямэнтары ўстрымаліся. Каб дакумэнт ухваліць канчаткова, Сейм павінен прагаласаваць яшчэ адзін раз.

Сейм Літвы падтрымаў ініцыятыву ўраду і ўхваліў у першым чытаньні дэнансацыю пагадненьня зь Беларусьсю аб супрацоўніцтве ў барацьбе з парушэньнямі мытнага заканадаўства.

Як адзначаецца на сайце літоўскага парлямэнту, пагадненьне вырашылі дэнансаваць з прычыны адсутнасьці супрацоўніцтва ў мытных справах пасьля падтрыманага Беларусьсю расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

У той жа час асобы і прадпрыемствы, якія ажыцьцяўляюць гандаль з Рэспублікай Беларусь, павінны падаваць мытным органам і судам Літоўскай Рэспублікі ў адміністрацыйных справах дакумэнты, выдадзеныя ім беларускімі мытнымі службамі, якія пацьвярджаюць належнае выкананьне мытных патрабаваньняў, умоў санкцый, а таксама парадак і законнасьць гандлю.

Міністар фінансаў Літвы Гінтарэ Скайсьце адзначыла, што цяпер двухбаковыя пагадненьні зь Беларусьсю выкарыстоўваюцца абмежавана, бо на практыцы трансьмежнае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю цалкам спыненае і немагчымае.

Адпаведны законапраект падтрымалі 93 дэпутаты, а 3 парлямэнтары ўстрымаліся. Каб дакумэнт ухваліць канчаткова, Сейм павінен прагаласаваць яшчэ адзін раз.

У пачатку кастрычніка Сейм Літвы дэнансаваў тры эканамічныя пагадненьні з Расеяй і Беларусьсю, у тым ліку аб заахвочваньні і ўзаемнай абароне інвэстыцый і пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня даходаў і капіталу, а таксама і падатковых парушэньняў.

Літва падпісала дамову зь Беларусьсю аб супрацы ў барацьбе з парушэньнямі мытнага заканадаўства ў ліпені 1996 году ў Вільні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG